Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь знаходзіцца ў “напаўмытнай” прасторы Мытнага саюзу


Ад сёньняшняга дня пачынае дзейнічаць Мытны кодэкс Мытнага саюзу «тройкі». Аднак фармат удзелу Беларусі ў гэтай структуры пакуль не акрэсьлены — у адрозьненьне ад прэзыдэнтаў Казахстану і Расеі, Аляксандар Лукашэнка не падпісаў дакумэнтаў Мытнага кодэксу. Галоўная перашкода — нежаданьне Масквы адмовіцца ад мыта на нафтапрадукты для Беларусі.

З Масквы афіцыйна перадаюць, што Мытны кодэкс пачаў дзейнічаць толькі на тэрыторыі Расеі і Казахстану. У Менску намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Яўдачэнка сёньня заявіў, што сфармаваць Адзіную мытную прастору «тройкі» да 1 ліпеня не атрымалася. У размове з агенцыяй «Прайм-ТАСС» намесьнік міністра ўжыў такую фармулёўку: «Беларусь знаходзіцца ў напаўмытнай прасторы Мытнага саюзу». Дыплямат выказаў спадзяваньне, што са сваім фарматам Беларусь вызначыцца 4-5 ліпеня ў Астане, дзе павінны прайсьці паседжаньні Міждзяржаўнай рады ЭўрАзЭС і вышэйшага органу Мытнага саюзу на роўні кіраўнікоў дзяржаў.

Андрэй Фёдараў
Аналітык Андрэй Фёдараў выказвае меркаваньне, чаму Беларусь дагэтуль не падпісвае дакумэнты Мытнага кодэксу:

«Мне падаецца, што паўзу цягнуць якраз таму, што спадзяваліся — Масква пойдзе насустрач беларускім патрабаваньням. Найперш у зьняцьці мыта на нафтапрадукты. Усё спадзяваліся — ня вытрымае Масква і здасца. Але пакуль, здаецца, так не атрымліваецца».

Між тым дагэтуль няма афіцыйнага пацьвярджэньня, што Нацыянальны сход Беларусі ратыфікаваў Мытны кодэкс. Дэпутаты не пацьвярджаюць, але і не абвяргаюць гэта, спасылаючыся на закрытасьць інфармацыі.

Паступіў загад — яны ратыфікавалі, не паступіў — не ратыфікавалі.
Андрэй Фёдараў кажа, што значэньне ратыфікацыі ня варта перабольшваць. У любым выпадку апошняе слова застаецца за Аляксандрам Лукашэнкам:

«Ну, мы ж ведаем сытуацыю. Фактычна яно і так было ў яго руках. Вядома, якую ж „велізарную“ ролю адыгрывае наш так званы парлямэнт. Паступіў загад — яны ратыфікавалі, не паступіў — не ратыфікавалі. Гэта, па сутнасьці, тэхнічнае пытаньне зь яго боку. Фактычна ўсё засталося так, як ёсьць».

Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў лічыць: дзеля сваіх эканамічных інтарэсаў Беларусь павінна стаць паўнавартасным сябрам Мытнага саюзу:

Леанід Злотнікаў
«Сэнс ёсьць. Таму што пры пераўтварэньні ў Адзіную эканамічную прастору, дзе абяцаюць праз год аднолькавыя для ўсіх цэны, уваход у яе будзе толькі для сябраў Мытнага саюзу, які будзе ператварацца ў адзіную прастору. А ня будучы сябрам Мытнага саюзу, нельга атрымаць месца ў Адзінай прасторы. А там жа будуць цэны, якія Беларусі падабаюцца».

Сёньня ж на паседжаньні прэзыдыюму расейскага ўраду першы віцэ-прэм’ер Ігар Шувалаў заявіў, што Беларусь і Казахстан захаваюць уласныя рэжымы ўвозу аўтамабіляў замежных марак фізычнымі асобамі. Аднак на тэрыторыі Расеі іх можна будзе прадаваць толькі пры аплаце мыта.

Ад сёньняшняга дня, дзякуючы правілам Мытнага кодэксу, грамадзяне Расеі могуць увозіць з-за мяжы бяз мыта ня два, а тры літры алькагольных напояў. Таксама цяпер для асабістага карыстаньня яны могуць увозіць не 35, а 50 кіляграмаў багажу. А вось для беларусаў захоўваюцца старыя нормы — 2 літры і 35 кіляграмаў.
XS
SM
MD
LG