Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт у абдымках дзяржаўнага "клопату"


1 ліпеня ў Беларусі набыў моц прэзыдэнцкі ўказ № 60 "Аб мерах на ўдасканаленьне выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт", а таксама адпаведныя ўрадавыя пастановы.

У інтэрнэт-клюб – толькі па пашпартах

Задоўга да пачатку дзеяньня ўказу № 60 вал крытыкі выклікала рашэньне наконт мэханізму аказаньня паслугаў у кампутарных клюбах і інтэрнэт-кавярнях: ад 1 ліпеня — толькі пасьля ідэнтыфікацыі асобы наведніка. У адным са сталічных клюбаў пацьвердзілі: без дакумэнтаў цяпер там рабіць няма чаго.

Распрацоўнікі нарматыўнай базы сьцьвярджаюць, што ідэнтыфікацыя карыстальнікаў, улік і захоўваньне зьвестак пра інтэрнэт-паслугі ажыцьцяўляюцца ў мэтах "забесьпячэньня бясьпекі грамадзянаў і дзяржавы".

Рэгістрацыя сайтаў: фактычны байкот

Ад сёньня ўсе суб'екты гаспадараньня, якія рэалізуюць у Беларусі тавары і паслугі праз інтэрнэт, абавязаныя выкарыстоўваць толькі інфармацыйныя сыстэмы і сеткі нацыянальнага сэгмэнту — то бок разьмешчаныя на тэрыторыі краіны. Да 1 ліпеня ўсе рэсурсы неабходна было зарэгістраваць у Дзяржаўнай інспэкцыі электрасувязі. У гэтай структуры адмаўляюцца назваць колькасьць зарэгістраваных рэсурсаў, аднак ёсьць зьвесткі, што многія ўладальнікі сайтаў фактычна байкатуюць працэдуру.

"Застаецца няпэўнасьць з тым, што цяпер увогуле з такімі сайтамі рабіць. Шэраг нашых кліентаў наўпрост сказалі: пакуль адказнасьць ня вызначана, нічога паведамляць ня будзем, нікуды нічога пераносіць не зьбіраемся і рэгістраваць нічога не абавязаныя. Таму тут да гэтага часу пытаньняў больш, чым адказаў", паведаміў кіраўнік хостынг-кампаніі "Extmedia" Максім Саўчанка.

На пачатку чэрвеня хостынг-правайдэры накіравалі калектыўны зварот у Міністэрства сувязі і Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце з просьбай перанесьці канчатковы тэрмін рэгістрацыі прынамсі на восень. На іх думку, легалізаваць усе рэсурсы да 1 ліпеня немагчыма фізычна. Аргумэнты інтэрнэт-супольнасьці засталіся без увагі.

Дзяржаўныя ўстановы ўказ ігнаруюць

Пільныя аналітыкі зьвяртаюць увагу на тое, што закон распаўсюджваецца не на ўсіх у аднолькавай ступені. Прыкладам, у адпаведнасьці з урадавай пастановай № 645 дзяржаўныя органы ня толькі абавязаныя разьмяшчаць інфармацыю пра сваю дзейнасьць на афіцыйных сайтах, але павінны зарэгістраваць дамэнныя імёны ў зонах gov.by i mil.by, а арганізацыі — у зоне by. Як адзначае блогер Віктар Малішэўскі, да 1 ліпеня ніводзін міністэрскі сайт не перайшоў у зону gov.by або mil.by. Нават газэта "Рэспубліка" — афіцыйны друкаваны орган Савету міністраў, таго самага, які выпісвае рэцэпты на ўпарадкаваньне інтэрнэту — дагэтуль не перавяла свой сайт respublika.info на дамэн by.

Згодна з дакумэнтамі ўчора завяршылася дзяржаўная рэгістрацыя інфармацыйных сетак, сыстэм і рэсурсаў, пастаўшчыкі інтэрнэт-паслугаў пачынаюць ажыцьцяўляць ідэнтыфікацыю абанэнцкіх прыстасаваньняў карыстальнікаў, весьці ўлік і захоўваць зьвесткі пра такія прыстасаваньні і аказаныя інтэрнэт-паслугі. Апроч таго, указ рэглямэнтуе мэханізм абмежаваньня доступу да непажаданай інфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG