Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь аддала доўг Азэрбайджану


Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў

Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў

Беларусь пагасіла дзяржаўны крэдыт, які быў узяты ў Азэрбайджану на 12 дзён для разьлікаў з "Газпромам".

Плянавы тэрмін вяртаньня крэдыту надыходзіў 5 ліпеня, але было прынятае рашэньне поўнасьцю разьлічыцца па гэтым крэдыце ўжо сёньня, паведамляе агенцтва “Интерфакс-Запад”.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка раней заявіў, што для пагашэньня доўгу перад "Газпромам" за газ, пастаўлены ў студзені-красавіку гэтага году, быў узяты дзяржаўны крэдыт у Азэрбайджану на 200 мільёнаў даляраў. З гэтай сумы быў зроблены плацёж на адрас "Газпрому" ў памеры 187 мільёнаў даляраў.

Прыцягненьне дзяржаўнага крэдыту з Азэрбайджану было замацавана пастановай беларускага ўраду ад 22 чэрвеня. Прэс-служба Лукашэнкі ў той дзень паведаміла, што адбылася тэлефонная размова кіраўніка Беларусі з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым.

Апроч таго, 25 чэрвеня ўрад прыняў пастанову № 969, якая ўступіла ў сілу задняй датай — 23 чэрвеня, у дзень пералічэньня плацяжу "Газпрому". Згодна з дакумэнтам, у 2010 годзе "Белтрансгаз" атрымаў бюджэтную пазыку ў памеры 186 мільёнаў 617 тысяч даляраў "для пагашэньня доўгу за пастаўлены "Газпромам" прыродны газ зь яе вяртаньнем не пазьней за 30 чэрвеня 2010 году".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG