Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны кодэкс Мытнага саюзу для беларусаў ня дзейнічае


На беларускіх грамадзян і тавары зь Беларусі ўмовы Мытнага кодэксу Мытнага саюзу пакуль не распаўсюджваюцца. Пра гэта паведамілі на гарачай лініі ў пытаньнях Мытнага саюзу, спэцыяльна створанай у Фэдэральнай мытнай службе (ФМС) Расеі.

Як падае БелаПАН, прадстаўнік ФМС растлумачыў, што паколькі Беларусь не падпісала Мытны кодэкс, у дачыненьні да беларускіх грамадзян і тавараў дзейнічае "агульнаўстаноўлены парадак, які існаваў да прыняцьця Мытнага кодэксу".

Пры гэтым у ФМС адзначылі: чакаецца, што Беларусь ратыфікуе Мытны кодэкс 5 ліпеня (у гэты дзень у Астане пройдзе пасяджэньне вышэйшага органу МС на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў), і з гэтага дня на беларускіх грамадзян і тавары зь Беларусі будуць распаўсюджвацца яго нормы.

На Мінскай рэгіянальнай мытні на пытаньне, ці распаўсюджваюцца правілы Мытнага кодэкса МС на фізычных асоб, адказалі, што "нічога не зьмянілася".

Фэдэральная мытная служба Расеі афіцыйна растлумачыла, што з 1 ліпеня на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі ўводзіцца ў дзеяньне Мытны кодэкс Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану, нормы якога маюць прамое дзеяньне. З гэтага дня зьмяняюцца правілы перамяшчэньня тавараў для асабістага карыстаньня фізычнымі асобамі. Мытны кодэкс РФ да яго адмены дзейнічае ў частцы, якая не супярэчыць Мытнаму кодэксу Мытнага саюзу.

Рашэньне аб фармаваньні Мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі было прынятае ў лістападзе 2009 году ў Менску прэзыдэнтамі трох краін. Расея і Казахстан ратыфікавалі Мытны кодэкс МС. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, 30 чэрвеня кодэкс ратыфікаваў і беларускі парлямэнт, аднак гэта было зроблена на закрытым пасяджэньні. Афіцыйныя прадстаўнікі гэтыя зьвесткі не пацьвярджаюць, але і не абвяргаюць. Свой удзел у МС Мінск зьвязвае з адменай Расеяй мыта на нафтапрадукты, што ўвозяцца ў Беларусь.
XS
SM
MD
LG