Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рынкавы статус прадугледжвае палітычны кантэкст


Эўразьвяз гатовы супрацоўнічаць зь Беларусьсю ў працэдуры атрыманьня краінай рынкавага статусу эканомікі для мэтаў антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў.

Пра гэта заявіў дырэктар дэпартамэнту мераў гандлёвай абароны генэральнага дырэктарату па зьнешнім гандлі Эўракамісіі Штэфан Дыпэпэр.

"Пакуль рана рабіць высновы, але старт працэсу ўжо дадзены, і мы спадзяемся на пасьпяховае супрацоўніцтва", — сказаў Ш.Дыпэпэр на сэмінары ў Менску, перадае Інтэрфакс.

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка сказаў журналістам, што атрыманьне Беларусьсю рынкавага статусу эканомікі немагчыма без правядзеньня тэхнічных працэдур для антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў і разьлікаў, якія робіць Эўракамісія пры прыняцьці такіх мер абароны.

Паводле Еўдачэнкі, "рынкавы статус дае канкрэтныя перавагі таму вытворцу, адносна якога вядзецца расьсьледаваньне і могуць быць прынятыя санкцыі".

Каб эканоміку Беларусі прызналі рынкавай, краіна мусіць выканаць тры патрабаваньні. Трэба стварыць максымальна спрыяльныя ўмовы гаспадараньня, наладзіць рэгулярны абмен інфармацыяй з Эўракамісіяй па рынкавых рэформах і лібэралізацыі эканомікі. У якасьці трэцяй умовы А.Еўдачэнка назваў "палітычны кантэкст".

Адзначыўшы, што гэта працяглы працэс, ён не назваў канкрэтнага тэрміну яго завяршэньня, але паабяцаў "адказныя і пасьлядоўныя" дзеяньні зь беларускага боку.

Беларусь пачала працу па атрыманьні рынкавага статусу ў 2009 годзе.
XS
SM
MD
LG