Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёмкаў гарадок празь сем гадоў


Карэспандэнт: «А чулі, што бацькі Максіма Багдановіча вянчаліся ў Сёмкавым гарадку?»

Спадарыня: «Гэта чула. У нас піваварня і самагонаварня былі — Янка Купала там працаваў, калі 17 з паловай год яму было. Ён тут упершыню сьпіртнога і паспытаў…» (Сьмех.)

Карэспандэнт: «Вы чулі пра канцэнтрацыйны лягер пры немцах, калі зь дзяцей ад 7 да 14 год кроў бралі?

Спадарыня: «Не, такога ня чула…»

7 гадоў таму, калі я ўпершыню ад’ехаў на 10 км ад Менску ў Сёмкаў гарадок, дзе насамрэч толькі каля сотні хатаў ды за паўтары сотні жыхароў, апошняе пытаньне былой настаўніцы, спадарыні Людміле я б не задаў. Хоць і быў «насычаны» зьвесткамі пра вёску з энцыкляпэдыяў ды інтэрнэту. Але тады пра гэта яшчэ нідзе не было напісана, ніхто гэтага не дасьледаваў. Дый 62-гадовы цяпер паэт ды кандыдат тэхнічных навук Алесь Клышка, які правёў тут шмат часу ў маленстве ды чвэрць веку на лецішчы, толькі зьбіраў такі матэрыял для сваёй кнігі «Мінская зямля».


Клышка: «Падчас вайны на тэрыторыі былога панскага маёнтку быў створаны канцэнтрацыйны лягер — 200 падлеткаў там было ад 7 да 14 гадоў, што здавалі кроў. І як яны, гаротныя, выжывалі, ведаюць толькі жыхары…»

Днямі, ужо пасьля выхаду сёлета твору спадара Алеся, і я адшукаў непадалёк ад Сёмкавага гарадка сьведку — 73-гадовага былога дырэктара сярэдняй школы, спадара Аляксандра Доўбара.

Доўбар: «На пачатку 30-х і да вайны быў дзіцячы дом. Немцы прыйшлі — кроў бралі ў дзяцей для параненых сваіх. Немцы зьдзекаваліся зь дзяцей — яны галадалі, хадзілі па вёсках з торбачкамі, каб хто хлеба кавалачак ці бульбы…»

Вершы Алеся Клышкі ды ўспаміны пра часы нямецкай акупацыі ягонай сястры Іры, што складаюць «Мінскую зямлю», хоць і выдадзеныя на ахвяраваньні накладам у 700 асобнікаў, стаяць у адным шэрагу з нашумелымі кнігамі Ільлі Копыла «Нябышына. Вайна» ды Івана Данілава «Занатоўкі заходняга беларуса» з альтэрнатыўнымі ўспамінамі пра партызаншчыну і жыцьцё беларусаў на акупаванай тэрыторыі. Асаблівую ж вастрыню надае аповеду лёс самога аўтара, які пісаў яго як «паэму-памяць», «паэму-сумленьне», «паэму-настальгію». У спадара Алеся больш за год таму была апошняя стадыя сэпсісу — атручэньня крыві, ад якога яго цудам выратаваў травамі сябар — народны лекар.

Клышка: «Выкарысталі антыбіётыкі, несумяшчальныя з маім арганізмам. Мяне выпісалі, я ляжаў з тэмпэратурай 38, схуднеў на 15 кг. Мае блізкія са мной разьвітваліся. І кволай рукой я пачаў пісаць успаміны маіх бацькоў, што рабілася падчас акупацыі, як бедавалі-галадавалі — без усялякіх купюр і рэдагаваньня. Напісаў за 2 месяцы, каб пакінуць праўду пра тыя часіны — асабліва падчас сьвяткаваньня 65-й гадавіны Перамогі…»


Карэспандэнт: «Спадар Алесь, чым адрозьніваецца ваша праўда ад той, што дагэтуль нясецца з трыбунаў, афіцыйных выданьняў?»

Клышка: «Вы ж памятаеце падзеі пасьля друкаваньня кнігі Ільлі Копыла ў „Народнай волі“ — пікеты, брудныя абразы. У міт пра бальшавікоў са сьцягамі, аркестрамі ніхто ўжо ня верыць. Трэба паказаць, што партызаны палілі вёскі. І калі я працаваў у музэях Вялікай Айчыннай вайны, знаходзіў сьведчаньні, якія выкарыстоўваў і ў гэтай паэме. Немцы ўсё рабілі рукамі мясцовага насельніцтва. І жорсткасьць, здрадніцтва зьніжалі аўтарытэт беларусаў, якія хутка і да гэтай улады прыладзіліся, знаходзілі свае выгоды падчас акупацыі, зводзілі свае рахункі — было шмат „расстрэльных“ даносаў».

Карэспандэнт: «У савецкай кампартыйнай гістарыяграфіі пачытаць — нібы ўсюды быў супраціў „фашысцкім захопнікам“, партызаны ледзь не на кожным кроку…»

Клышка: «Маці была рэдактаркай сталінскага Беларускага радыё. Самыя беларускія патрыёты бачылі на ўласныя вочы, што на трэці дзень вайны ўсё кіраўніцтва, што пражывала на рагу вуліц Карла Маркса і Леніна, сабралася ў эвакуацыю. Сям’я Панамарэнкі, першага сакратара ЦК КПБ, грузіла ўсё, аж да кадак з кветкамі. Ні дзіцячыя садкі не былі вывезеныя, ні школкі. Сталін запытаў у яго, ці пасьпелі выйсьці жыхары, дык ён сказаў — „так, засталіся толькі здраднікі і тыя, хто хоча сустрэць Гітлера хлебам-сольлю“. І людзі былі кінутыя на волю лёсу…»

Прашу Алеся Клышку агучыць некаторыя найбольш яскравыя ўспаміны ды сьведчаньні.

Клышка: «Мой бацька як вайсковец прарваўся на фронт, а маці засталася ў акупацыі з трыма дзеткамі ад 9 месяцаў да 11 год. Яны хадзілі на нямецкія сьметнікі і зьбіралі бульбянае шалупіньне, маці яго мыла і варыла ежу — пра тлушч не было гаворкі. Падыходзілі да немцаў і пачыналі танчыць. Немцы кідалі ім цукеркі, рабілі фатаздымкі. Жудасная карціна была і з-за нястачы дроваў. Адным з заняткаў дзетак было хадзіць і зьбіраць трэскі, дробныя кавалкі дрэў. Жылі яны на гарышчы. Калі ішоў сьнег, падаў проста на іх. Жылі з пацукамі, якія грэлі ім ногі, як хатнія каты…»
Калі ішоў сьнег, падаў проста на іх. Жылі з пацукамі, якія грэлі ім ногі, як хатнія каты.


Мабыць, у тыя часіны ў Клышкавай маці, камуністкі, і адбыўся ўнутраны духоўны катарсіс, пераасэнсаваньне жыцьця ды навязанай сталіністамі ідэалёгіі і маралі.

Клышка: «Захварэла дзіцятка, мой 10-месячны брат Марк. Дарэчы, у лістападзе 42-га маці пахрысьціла ўсіх нас, што нельга было зрабіць пры бальшавіках. Утварылася ў дзіцяткі пухліна на шыі, і стаў задыхацца. Суседзі кажуць — „Дайце яму спакойна памерці“. І маці пайшла на адчайны крок — у камэнданцкі час, ноччу, выйшла на вуліцу, стала на калені і падняла рукі. Падабралі немцы, прывезьлі ў камэндатуру і… далі ўказаньне фэльчару паехаць зь ёй. Той паматляў галавой, прыехаўшы — „трэба рабіць апэрацыю, тут немагчыма“. Тады маці ўказала — „рэж тут!“ Ён ускрыў рану, прачысьціў і кажа — „фраў, вы мужная жанчына“. Паглядзеў, у якіх умовах жылі, чым харчаваліся. Нечакана празь дзень прыходзіць, зрабіў перавязку дзіцятку і прынёс пячэньне, цукеркі. У паэме не напісаў, але маці стала на калені і да зямлі яму пакланілася…»

* * *

У Сёмкавым гарадку, як і 7 гадоў таму, зайшоў напачатку ў краму. Дырэктарцы ды прадавачцы, спадарыням Раісе Абдзейчук ды Галіне Шоць па слова ў кішэню лезьці было ня трэба — абедзьве жывуць ды працуюць тут па два дзясяткі гадоў і, як і ўсе, цярпяць ад адсутнасьці «камуналкі» ды «сацыялкі».

Спадарыні: «Пакуль электрычнасьці не правялі, перапады бываюць. Марозіва цэлы дзень можа быць адключана — у лістападзе давялося дзясяткі порцыяў есьці самым…(Сьмех.) Тут во калёнка з вадакачкай — вельмі ж рыжая вада, на ўсю вёску тры калёнкі, а на 2 км мы раскіданыя… Газавыя трубы паклалі, а не падключылі да кожнай хаты…»

Карэспандэнт: «Колькі ў вас таваразварот?»

Спадарыні: «Улетку 40 мільёнаў за месяц, узімку 16, бо дачнікі ня едуць. Зімой зараблялі 340, цяпер 440 тысяч… Мала — мне за кватэру плаціць 170 трэба. А працуем кожны дзень з 9 да 19, без абеду і выхадных…»

Спадар: «А тут працы няма, жыльля фактычна таксама…»

Чэжусава: «Я зь Менску прыехала жыць як чатыры гады, гора там было — загінуў 9-гадовы ўнук. А патрапіла ў такое!»

Гэта ўступілі ў размову пакупнікі — 67-гадовая спадарыня Чэжусава з 40-гадовым сынам Андрэем. Каб на ўласныя вочы паказаць тое «такое», вядуць да дзьвюх двухпавярховак, дзе жывуць. І якія — ня толькі паводле іхніх слоў — жытлом «назваць нельга».

Карэспандэнт: «7 год таму, калі я быў, тое самае было…»

Чэжусава: «А зараз яшчэ горш! Няма ані газу, ані сьвятла. На вуліцах ніводнага ліхтара! Радыёкропкі няма — горш, чым у дрыгве! У нас вады зусім няма, трэба матор новы ставіць. А ЖКГ ня хоча гэтым займацца! У жыроўцы ёсьць — мы плацім за ваду з 4 кватэр па 2 мільёны з кожнай 4 гады. Колькі заплацілі? 8 мільёнаў! Прыбіральні ў нас на вуліцы, ванну сабе самі паставілі і вылічваюць за тэхабслугоўваньне! У мяне ўласнасьць, дакумэнты на зямлю, я і дзецям перапісала кватэру. І зараз 200 тысяч плачу пені, бо першыя гады мяне не краналі. І зараз на мяне ЖКГ у суд падалі, што я не плаціла два гады. І ня клічуць два месяцы, бо баяцца, што прайграюць! Тут улады няма — 7 кілямэтраў ад Менску!»

Заходзім да сямейства Бібік — 59-гадовай маці, спадарыні Марыі, і 19-гадовай дачкі Жаны з гадавалым дзіцёнкам на руках. У хаце каламуць, абдзёртыя шпалеры ды клюбы пары.

Марыя: «Грэем ваду — да суседзяў ходзім! Дах цячэ моцна, калі дождж. Сказалі, капрамонт будзе, калі сьцены паваляцца. Хоць вылічваюць на яго па 40 тысяч штомесяц плюс пеня 3%!»

Маці: «Ніводнага капрамонту не было! Адны сьцены былі — суседка шыфэр купляла за свае грошы, ніхто з ЖКГ не вярнуў. 20 год, як атрымалі зямлянку, як Лукашэнка гаварыў…»

Ваня: «Да!»

Карэспандэнт: «Во і Ванечка нас зразумеў. Усе падпішацеся, калі ў суд трэба будзе ісьці?»

Спадарства: «Канечне! Мы не баімся!»

Шлойда: «Гэта ня ЖЭС хата, яна прыватызаваная, а зь яе бяруць усё па-старому, нібы гэта дзяржаўны дом. Канечне, у суд — немагчыма гэта!»

Гэта голас адзінай у вёсцы, хто фармальна трымае ўладу — старэйшыны, дэпутата пасялковага савету, бібліятэкаркі, 52-гадовай спадарыні Веры Шлойды.У яе твары зьяўляецца роспач, калі пачынаем гаварыць пра вясковыя справы — у начальніцкіх кабінэтах, маўляў, б’ецца, «як рыба аб лёд». Я расказваю, што ўбачыў некалькі хвілін раней у інтэрнацкіх пакойчыках, куды з барака перасялілі 75-гадовую спадарыню Надзею Драбатовіч і яе сястру Раісу, інваліда 1 групы, якая ня можа хадзіць. Гаспадыні, як і 7 гадоў таму, ляжалі ў кажухах. Печка, што дыміць пасярод хаты, непафарбаваныя сьцены, павуціньне. Пытаюся ў цёткі Надзеі:

Карэспандэнт: «А прапісалі вас хоць тут?»


Драбатовіч: «Не. А ў мяне 42 гады стажу даяркай, атрымліваю пэнсіі 500. Хварэю на радыкуліт, рэбры яшчэ на фэрме зламаліся. А цяпер два разы на інсульт хварэла. А даглядаць няма каму. Дрыжала ўсю зімачку, печка ўсё прапускае. (Плача.) І сястра ляжыць з пэнсіяй 212 тысяч…»

Чэжусава: «Паглядзіце — чатыры гады сядзіць, ня можа на ногі ўстаць. А што зь ёй будзе, калі, ня дай божа, сястра… Замест сабак нас трымаюць!»


Ізноў пытаньне — да старэйшыны, спадарыні Веры Шлойды.

Карэспандэнт: «А чаму не прапісалі дзьвюх жанчын, сацыяльны работнік за імі не замацаваны?»

Шлойда: «У іх жа пэнсія і дапамога — лічыцца, хапае грошай. Я спрабавала, прасіла — давайце здадзім іх у інтэрнат. Пакуль тэлефанавала, але пайду па ўсіх хадзіць. А не прапісалі — дзеці ня ходзяць з паперамі, лянівыя. Чаму я ня кідаю ўсё? Спадзяюся ж! Газ ужо дацягнулі, слупы будзем мяняць у гэтым годзе. Засталася вада і дарогі папсавалі, як газ вялі. Сама ж жыву тут, таму і стараюся…»

Вера раіць зайсьці яшчэ да аднаго «аўтарытэта» — царкоўнай старасты, 66-гадовай Веранікі Бяловай. З 60-х гадоў мінулага веку, калі памёр апошні сьвятар, тутэйшая царква Прасьвятой Багародзіцы, пастаўленая ў 18 стагодзьдзі, была ў развалах, з паваленым дахам. Але перш за рэстаўрацыю кабета вырашыла разабрацца з «унутранымі ворагамі праваслаўя», адным зь якіх лічыць айца Пятра Гушчу, хто калісьці спрабаваў, у тым ліку і сваімі рукамі, аднавіць храм.


Бялова: «У 90-я Гушча прадставіўся нам япіскапам, рукапакладзеным у Амэрыцы. Памагалі яму сьмецьце выносіць — хацеў аўтакефальную царкву заснаваць без Масквы. Паехала тады да Філарэта, і ён пачаў працу з уладамі праводзіць, каб іх прыбралі…»

Карэспандэнт: «На Ўкраіне ж ёсьць аўтакефальная царква, і ў нашай праваслаўнай ёсьць сьвятары, што за аўтакефалію…»

Бялова: «Ды колькі іх! А вы не бэнээфавец выпадкова? Па-першае, Кіеўская Русь хрысьцілася, і адтуль пайшло праваслаўе — „окраина“, дадалі „у“, стала Ўкраінай. (Сьмяшок.) А мы былі потым Беларасіяй…»

Карэспандэнт: «Мы пасьля жылі ў Вялікім Княстве Літоўскім…»

Бялова: «Ну, дапусьцім — ладна тае гісторыі. Мы славяне — навошта нам аддзяляцца? А маё дзявочае прозьвішча дык італьянскае — Кілесса, у радзіне палякі, габрэі і ніводнага беларуса…»

Карэспандэнт: «А грашыма Філарэт дапамог?»

Бялова: «Не далі…»

Дабрачынныя ахвяраваньні на рэстаўрацыю далі-ткі пяцёра заможных людзей, якія жывуць у лецішчах непадалёк. Мясцовыя ж, па завядзёнцы, называюць іх «буржуямі». Спадар Алесь Клышка¸ якога пакуль здароўе не пускае ў Сёмкаў гарадок, калі я расказаў яму пра ўбачанае і пачутае, не зьдзівіўся.

Клышка: «Я ехаў зь лецішча ў Сёмкавым гарадку — там пабудавана на гары шмат прыгожых маёнтачкаў — і раздаецца рэпліка мужыка нападпітку: «Мы гэтых буржуяў на вілы паднялі б і падпалілі!» Як падхапіліся вясковыя і пачалі сыпаць праклёны на тых, каго ня ведалі, хто адбудаваўся! Гэта тое, што ў сьвядомасьці нашых людзей — мэнталітэт нянавісьці. Я пераканаўся праз усё жыцьцё, што ўсё ідзе ад выхаваньня, каранёў. І таму, калі штосьці патрабуем ад уладаў, трэба проста цікавіцца, а хто былі іх бацькі, дзяды, дзе выхоўваліся. Чаму ў ВКЛ ня бралі на дзяржаўную службу людзей, якія ня ведалі свайго радаводу да пятага калена?! Таму што мог здрадзіць, бо нічога ня зьвязвала зь мінулым. Камуністычная ўлада ўвесь час зьнішчала карані — лепшая частка сялянства, з Заходняй Беларусі ў 39-м 2,5 мільёна людзей апынуліся за Ўралам. А колькі загінула ад рук паліцаяў, партызанаў?! Ёсьць элітнае насеньне, ёсьць пустазельле. І калі ўбраць плодную глебу, пэўны час будзе расьці быльлё. І няма каго вінаваціць, што дзеці прыстасаваліся да ўлады, пакорліва пастаўленыя ў «рамкі», што гэта стала натурай. Выхаваньне Гаспадара — справа пакаленьня, часу…»
XS
SM
MD
LG