Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я хацела ўбачыць сьлёзы Крыштыяну Ранальду”


Па Крыштыяну Ранальду сохнуць дзеўкі па ўсім сьвеце. Але ня ўсе.

На чэмпіянаце сьвету па футболе ў Паўднёвай Афрыцы засталося толькі восем зборных. Наперадзе — чвэрцьфінальныя двубоі, якія скароцяць колькасьць прэтэндэнтаў на галоўны трафэй яшчэ ўдвая. Апошні чвэрцьфіналіст вызначаўся ў гульні Гішпанія — Партугалія. Я паглядзеў гэты матч у адной зь менскіх кавярняў.


Глядзець матч Гішпанія — Партугалія я зьбіраўся дома, але напярэдадні аб’явіўся мой сябар-гішпанец Пепе, які ўжо паўгода жыве і працуе паміж Менскам і Барысавам. Пепе — менавіта так клічуць аднаго з трэнэраў беларускага футбольнага клюба БАТЭ — прапанаваў паглядзець футбол разам. Да нас далучылася яшчэ некалькі сяброў ды знаёмых. Уся кампанія на чале зь Пепе перажывала за Гішпанію.

Давід Вілья радуецца свайму адзінаму і пераможнаму голу ў вароты Партугаліі.
Пепе: «Гішпанія! Жыве Гішпанія!»

Землякі гішпанскага трэнэра, які працуе ў Беларусі, не падкачалі і адолелі Партугалію, якая разам са сваім знакамітым лідэрам Крыштыяну Ранальду была відавочна слабейшая. Адзіны гол у матчы забіў новасьпечаны нападнік «Барсэлёны» Давід Вілья.

Вось што сказаў адразу пасьля фінальнага сьвістка Пепе:

«Жыве Гішпанія! Насамрэч мы кантралявалі матч, навязалі наш стыль, але гэта была жахлівая гульня. Тым ня менш мы выйгралі 1:0, і Крыштыяну едзе дадому! У зборнай зараз добрая форма. Усе змагаліся на сьмерць, і вось — мы ў чвэрцьфінале».

Радавалася перамозе гішпанцаў і заўзятарка Юля:

«Я заўзела за Гішпанію, таму што я цярпець не магу зборную Партугаліі і я цярпець не магу Крыштыяну Ранальду. Я хацела ў канцы ўбачыць яго сьлёзы. Гішпанія мне нашмат больш сымпатычная за Партугалію, гульцы якой любяць паваляцца ды пасімуліраваць».

На беларускім тэлебачаньні гульню Гішпанія —
Мне званіла яго маці і казала, што як можна называць ейнага сына „Хаві“? Ён завецца Чаві.
Партугалія камэнтаваў Аляксандар Цьвічкоўскі, які хібіў з вымаўленьнем гішпанскіх прозьвішчаў. Вось як на гэта рэагаваў Пепе:

«Калі ласка, называйце хлопца ягоным імем. Мне званіла яго маці і казала, што як можна называць ейнага сына „Хаві“? Ён завецца Чаві. Ча-ві!»

Пасьля перамогі гішпанцаў над партугальцамі на мундыялі пачаліся выходныя — дагэтуль матчы праходзілі штодня. Два чвэрцьфіналы будуць згуляныя ў пятніцу: Галяндыя — Бразылія ды Ўругвай — Гана. У суботу аргентынскую зборную на чале з Марадонам будуць экзамэнаваць немцы, а Гішпанія пазмагаецца з Парагваем.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG