Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Менскую спадчыну” абвінавачваюць у бульдозэрных раскопках


Фота — <a href="http://pomniki.budzma.org/">Таварыства аховы помнікаў</a>
Фота — <a href="http://pomniki.budzma.org/">Таварыства аховы помнікаў</a>

Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і&nbsp;культуры заявіла, што 29&nbsp;чэрвеня ў&nbsp;гістарычным цэнтры Менску, каля будынка былога Бэрнардынскага кляштара праводзіліся земляныя работы з&nbsp;дапамогай экскаватара, без папярэдніх археалягічных дасьледаваньняў, без дазвольнай дакумэнтацыі.

Замоўнік працаў — камунальнае прадпрыемства «Мінская спадчына». Сёньня ў Міністэрстве культуры Беларусі адбыўся разбор гэтай справы.

Экскаватар працаваў у аўторак каля жылога корпусу кляштара, на рагу вуліцы Кірылы і Мятода (дом 6) і вуліцы Герцэна. Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч учора на месцы склаў акт аб парушэньні заканадаўства:

«Гэта тэрыторыя гістарычнага цэнтру Менску. Гістарычны цэнтар
Усё, што знаходзіцца пад зямлёй на тэрыторыі гістарычнага цэнтру, — гэта таксама гісторыка-культурная каштоўнасьць.
Менску мае пад аховай наступныя катэгорыі: будынкі і збудаваньні; аб’ёмна-пляніровачная структура; ляндшафт і культурны пласт. Усё, што знаходзіцца пад зямлёй на тэрыторыі гістарычнага цэнтру, — гэта таксама гісторыка-культурная каштоўнасьць. Усе земляныя працы тут павінны праводзіцца з дазволу Міністэрства культуры і абавязкова з папярэднімі археалягічнымі дасьледаваньнямі. І з абавязковай прысутнасьцю археоляга, павінен быць так званы археалягічны нагляд. Пашкоджаны культурны пласт».

Сёньня ў Міністэрстве культуры адбыўся разгляд акту спадара Астаповіча, у якім было зафіксаванае правапарушэньне. Распавядае загадчыца сэктару аховы помнікаў Міністэрства культуры Натальля Хвір:

«Сёньня да нас прыходзілі і спэцыялісты-археолягі, якія павінны праводзіць нагляд. Таму што дамова з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук „Мінскай спадчынай“ заключана, і археолягі знаходзяцца на аб’екце. Але ўчора, калі Астаповіч прысутнічаў на аб’екце, іх там не было. Але ня мы ж выносім рашэньне, што парушана заканадаўства. Гэта выносіць ці суд, ці камісія адміністрацыйная Цэнтральнага раёну. Мы толькі рыхтуем матэрыялы. Магу сказаць, што адміністрацыйны пратакол зараз знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі. Мы робім такі пратакол. Але як будзе завершана справа, я не магу адказаць».

Археоляг, супрацоўнік Інстытуту гісторыі, кандыдат гістарычных навук Вадзім Кошман, які працуе на аб’екце па вуліцы Кірылы і Мятода, 6, патлумачыў, што зараз адбываюцца земляныя працы, каб узмацніць фундамэнт, без парушэньня заканадаўства:

«Слой уздоўж падмуркаў фундамэнту на працягу 1-1,5 мэтра — абсалютна пашкоджаны з-за таго, што адбывалася будаўніцтва ў 17-18 стагодзьдзях. Ён там перамяшаны, там няма напластаваньняў, якія гістарычна склаліся. У 17 стагодзьдзі закладваліся гэтыя фундамэнты, потым катлаван засыпаўся. І ўстанавіць там што-небудзь проста немагчыма. Там можна толькі зафіксаваць характар слою і сабраць знаходкі, якія туды трапілі. Вось і ўсё».

Радыё Свабода будзе адсочваць, як будуць далей разгортвацца падзеі вакол Бэрнардынскага кляштара ў гістарычным цэнтры Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG