Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяса зь Беларусі падазронае для Расеі


Russia -- A veterinarian check the quality of the meat on Moscow Butyrsky market place, 05Aug2009

Russia -- A veterinarian check the quality of the meat on Moscow Butyrsky market place, 05Aug2009

Фэдэральная служба вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду Расеі («Рассельтэхнагляд») заявіла, што будзе праводзіць маніторынг радыелягічных паказчыкаў бясьпекі мясной прадукцыі зь Беларусі.

Прычынай гэтага стала атрыманая Рассельтэхнаглядам інфармацыя, што ў Беларусі павялічваюць вытворчасьць мяса на кармах з забруджанай чарнобыльскай зоны.

Прадстаўнік «Рассельтэхнагляду» Аляксей Алексіенка патлумачыў «Свабодзе», што яго ведамства сапраўды плянуе ўзмацніць маніторынг мясной жывёлагадоўчай прадукцыі зь Беларусі. Але ён падкрэсьліў, што пакуль гэта толькі папераджальныя захады:

«Насамрэч гэта ж не забарона на пастаўкі мяса. Мы ня маем на мэце выкінуць каго-небудзь са сьпісу пастаўшчыкоў, як гэта было раней. Таму і выкарыстоўваем сыстэму, каб не абмяжоўваць правы беларускага прадпрыемства, якое парушыла заканадаўства Расеі, а даць яму новыя шанцы».

У сваёй афіцыйнай заяве «Рассельтэхнагляд» пераконвае, што «ў цяперашні час сельгасвытворцы Беларусі пачынаюць асвойваць зямельныя ўгодзьдзі, якія раней не выкарыстоўваліся ў сувязі з забруджваньнем радыеактыўнымі адкідамі Чарнобыльскай АЭС».

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі прэтэнзіі расейскіх кантралёраў пакуль не камэнтуюць. Раней Аляксандар Лукашэнка загадаў уводзіць у сельскагаспадарчы абарот землі так званай Чарнобыльскай зоны. І ягоныя распараджэньні выконваюцца.

Толькі на Гомельшчыне ў апошнія гады з радыяцыйна забруджаных тэрыторый пераведзены ў так званыя чыстыя звыш 200 паселішчаў.

Жыхарка вёскі Савічы Брагінскага раёну спадарыня Кацярына кажа пра заўважныя ёй перамены ў навакольлі:
Улічваючы ўтрыманьне радыенуклідаў у зялёнай масе азімага рапсу, вырашчанага на землях Двор Савічы, рэкамэндуецца выкарыстоўваць яе для буйной рагатай жывёлы на заключным адкорме.

«Раней не засявалі ўсе гэтыя палі — глуш была. Цяпер жа вакол усе палі засяваюць — і жыта, і рапс, і ячмень, і проса, і кукуруза расьце. Усё сеюць!»

Вёску Савічы й суседнюю зь ёй Двор Савічы аднесьлі да сельгаспрадпрыемства КСУП «Чамярыскі». Галоўны эканаміст гэтай гаспадаркі Сьвятлана Шаўчэнка тлумачыць:

«Заключэньне робіць Інстытут радыялёгіі, што гэтую прадукцыю можна выкарыстоўваць на корм жывёле. Вось яны й пішуць, што, улічваючы ўтрыманьне радыенуклідаў у зялёнай масе азімага рапсу, вырашчанага на землях Двор Савічы, рэкамэндуецца выкарыстоўваць яе для буйной рагатай жывёлы на заключным адкорме».

Ва ўпраўленьні сельскай гаспадаркі Пінскага райвыканкаму лічаць бясьпечным выкарыстаньне раней закінутых зямель для нарошчваньня вытворчасьці:

«У нас кантроль за якасьцю мясной прадукцыі праводзіцца яшчэ на мясакамбінаце. Калі ж якасьць нездавальняючая — адбываецца вяртаньне назад сельгаспрадпрыемству гэтага мяса. Таму словы пра радыяцыю — гэта толькі палітыка».

Паводле беларускіх радыяцыйна-дапушчальных нормаў, ялавічына можа мець узровень 500 бэкерэляў на кіляграм. У Расеі дапушчальны ўзровень — 160 бэкерэляў.
XS
SM
MD
LG