Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Труну зь целам Бразаўскаса ня пусьцяць на жалобную імшу


Гіерархі каталіцкай царквы Літвы не дазволілі ўнесьці труну зь целам Альгірдаса Бразаўскаса ў Віленскую архікатэдру, дзе ў чацьвер будзе адслужаная імша па памерлым прэзыдэнце.

Царкоўнае кіраўніцтва афіцыйна не камэнтуе сваё рашэньне і не называе яго прычыны, аднак крыніцы, зьвязаныя з арганізацыяй пахаваньня, мяркуюць, што гэтак пастаноўлена таму, што А.Бразаўскас ня ўзяў царкоўны шлюб са сваёй другой жонкай Крысьцінай.

Рашэньне каталіцкіх гіерархаў выклікала незадавальненьне ў літоўскім грамадзтве. Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце выказала сваё шкадаваньне тым, што жалобная імша па першым прэзыдэнце адноўленай незалежнай Літвы адбудзецца без труны зь ягоным целам.

“Рашэньне, якое прынялі гіерархі Літоўскай Царквы, мабыць, застанецца на іх сумленьні”, - заявіла Д.Грыбаўскайце.

“Гэтае рашэньне несвоечасовае і недарэчнае. Яно ўзьнімае шмат пытаньняў, на якія немагчыма адказаць, бо ня дадзеныя ніякія тлумачэньні”, - лічыць палітоляг Альгіс Крупавічус.

У пахаваньні Альгірдаса Бразаўскаса ў чацьвер чакаецца ўдзел цяперашніх і былых прэзыдэнтаў Латвіі, Эстоніі і Польшчы – Валдзіса Затлерса, Гунтыса Ульманіса, Томаса Хэндрыка Ільвэса, Андрэса Руйтэля, Леха Валэнсы, Аляксандра Квасьнеўскага, прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі.

Пакуль не пацьверджаны прыезд на пахаваньне прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага. Расею на пахаваньні мае прадстаўляць кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Сяргей Нарышкін.
XS
SM
MD
LG