Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адна з найбольш гарачых тэмаў заходняй прэсы апошніх дзён — арышт 11 меркаваных расейскіх агентаў, якія працавалі ў ЗША доўгія гады і знаходзіліся ў полі зроку Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў на працягу апошніх 7 гадоў.

Тры пытаньні


Розныя заходнія выданьні спрабуюць высьветліць тры галоўныя пытаньні гэтага амэрыканска-расейскага шпіёнскага скандалу: Наколькі шкоднай для бясьпекі ЗША была дзейнасьць гэтай сеткі агентаў? Чаму арышт адбыўся цяпер, усяго некалькі дзён пасьля спатканьня Барака Абамы зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым, на якім яны пацьвердзілі ранейшы курс на "перазагрузку" амэрыканска-расейскіх дачыненьняў? Наколькі глыбокай зьяўляецца інфільтрацыя ЗША агентамі ФСБ?

Як у Джона Ле Карэ


Па інтэрнэце гуляюць здымкі адной з арыштаваных амэрыканцамі расейскіх агентак, вядомай як Анна Чэпмэн, на якіх яна паказаная наогул у даволі гламурных позах. Адзін са здымкаў, знойдзены на расейскім сайце "Одноклассники", выяўляе меркаваную расейскую шпіёнку ў падлеткавым узросьце ў нейкім піянэрскім гальштуку побач зь дзьвюма сяброўкамі.

"Гэта сцэны, якія быццам жыўцом узятыя з кніжак Джона Ле Карэ або шпіёнскага мульціка "Рокі і Булвінкл". У сетку меркаваных расейскіх шпіёнаў уваходзяць сямейныя пары з прыгарадаў Нью-Ёрку, "агневалосая" разьвядзёнка (паводле New York Post) i фэльетаніст адной гішпанскамоўнай газэты. Яны перадавалі паведамленьні, абменьваючыся ідэнтычнымі торбамі на чыгуначных вакзалах або пішучы іх "нябачным чарнілам", якое нібыта даступнае і любому падлетку", — іранізуе Wall Street Journal.

Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў (ФБР) агучыла адзін з зашыфраваных мэсыджаў, які ФСБ Расеі пераслала аднаму з выведнікаў у лютым 2009 году. Паводле гэтага мэсыджу, мэтай агента было "знаходзіць і падтрымліваць сувязі ў колах, якія прымаюць палітычныя рашэньні ў ЗША" ды перасылаць здабытую інфармацыю ў Маскву.

"Перазагрузка" шпіёнаў?


Але Wall Street Journal адначасна перасьцерагае, што гэты зьнешне сьмешнаваты шпіёнскі скандал хавае пад сабой невясёлую рэальнасьць, у якой Расея і ня думае сур’ёзна "перазагружацца" ў адносінах з ЗША:

"Мы можам і мы павінны шукаць добрых стасункаў з Расеяй. Але калі спадар Абама запрашае (Мядзьведзева) на ланч з чызбургерамі, людзі, якія насамрэч кіруюць Крамлём, далей лічаць ЗША сур’ёзным супернікам у змаганьні за ўладу і ўплывы, а выкраданьне амэрыканскіх сакрэтаў — звычайнымі пуцінскімі мэтадамі".


Ці шмат нашпіёнілі?


Наколькі шкоднай для ЗША была дзейнасьць гэтай сеткі расейскіх агентаў? Foreign Policy зьвяртае ўвагу, што арыштаваныя (10 чалавек затрымалі ў ЗША, а аднаго на Кіпры) былі абвінавачаныя не паводле артыкулу аб шпіянажы, а "ў змове дзеля дзеяньня ў якасьці агентаў чужой дзяржавы" ды ў адмываньні грошай. Гэта істотная розьніца ў кваліфікацыі сур’ёзнасьці злачынства — за шпіянаж у ЗША караюць нават пажыцьцёвым зьняволеньнем ці сьмерцю, падчас калі максымальная кара за дзеяньні ў якасьці замежнага агента — 5 гадоў зьняволеньня, а за адмываньне грошай — 20 гадоў турмы.

Паводле Foreign Policy, арыштаваныя — якія былі пад сачэньнем ФБР апошнія сем гадоў — так і не знайшлі нічога сапраўды сакрэтнага, што можна было б кваліфікаваць як шпіянаж. Хіба што, дадае выданьне, дадатковыя факты ўсплывуць падчас сьледзтва, і тады абвінавачаньне можна будзе перакваліфікаваць.


Прытармазіць разгон?


The Washington Times цытуе меркаваньні некаторых расейскіх аналітыкаў, якія сьцьвярджаюць, што арышт меркаваных расейскіх агентаў можа сарваць або перашкодзіць ратыфікацыі Сэнатам ЗША нядаўняй амэрыканска-расейскай дамовы аб скарачэньні стратэгічных наступальных узбраеньняў.

Перад такім паваротам шпіёнскага скандалу перасьцерагае і Financial Times:

"Нядаўняя "перазагрузка" надала двухбаковым стасункам надзіва канструктыўны тон... Яе вынікам сталі дамова пра стратэгічныя наступальныя ўзбраеньні і падтрымка Расеяй санкцый супраць Ірану... У дадатак паправіліся адносіны Расеі з краінамі Сярэдняй Эўропы і нават наступіла адліга ў напружаных адносінах Расеі зь Вялікабрытаніяй. Было б шкада, калі б гэты станоўчы разгон страціў сілу".

Пуцінская адплата?


Колькі расейскіх агентаў можа дзейнічаць у ЗША? Былы агент савецкага КДБ Алег Гардзіеўскі, які цяпер жыве ў Вялікабрытаніі, сказаў Радыё Свабода, што іх лік ацэньваецца на 460 чалавек: 400 зь іх дзейнічаюць з расейскіх дыпляматычных і гандлёвых прадстаўніцтваў у ЗША, а прыблізна 60 — гэта агенты, якія закансьпіраваныя сярод амэрыканскага грамадзтва.

Брытанскі Guardian ацэньвае, што лік расейскіх шпіёнаў, якія дзейнічаюць з дыпляматычных і гандлёвых місій у Вялікабрытаніі, дасягае 30 чалавек.

Паводле Guardian, Пуцін пастанавіў аднавіць калісьці магутную савецкую шпіёнскую сетку на Захадзе ў адказ на інфільтрацыю Расеі заходнімі разьведкамі ў 1990-х, калі, паводле газэты, "усё, што ў Расеі не было прышрубаванае, можна было купіць і вывезьці на Захад".

ІЛЮСТРАЦЫІ:


1. Меркаваная расейская агентка Анна Чэпмэн




2. Кім Філбі, найвышэйшы рангам савецкі шпіён на Захадзе




3. Олдрыч Эймс, савецкі і расейскі шпіён у ЦРУ. У 1994 асуджаны ча пажыцьцёвае пакараньне




4. Аляксандар Літвіненка, былы агент КДБ і ФСБ, потым дысыдэнт і крытык расейскіх уладаў. Памёр у выніку атручаньня радыёактыўным палёніем-210


XS
SM
MD
LG