Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: вернікі судзяцца за пашпарты без нумароў


Міліцыя тлумачыць, чаму вернікам не дазволілі быць на судовым паседжаньні

Міліцыя тлумачыць, чаму вернікам не дазволілі быць на судовым паседжаньні

Сёньня ў Магілёве групу праваслаўных вернікаў не пусьцілі на разгляд апэляцыйнай скаргі іх аднаверцаў, якія дамагаюцца, каб ім выдалі пашпарты грамадзян Беларусі без ідэнтыфікацыйнага нумару. Ён, паводле скаржнікаў, супярэчыць іх рэлігійным перакананьням. З судовага будынка людзей сталага веку выводзілі ўзброеныя спэцназаўцы. Іх выклікаў судовы ахоўнік.


Блізу дзесятай гадзіны раніцы каля будынка абласнога суду сабралася каля двух дзясяткаў людзей сталага веку, пераважна жанчын. Увагу мінакоў яны прыцягвалі эмацыйнымі гутаркамі. На пытаньне, што тут адбываецца, адказаў адзін з двух прысутных у жаночай грамадзе мужчын. Назваўся ён Сяргеем Пятровічам. Ён патлумачыў, што іх не пускаюць на судовае паседжаньне.

"Ахоўнік патрабуе толькі пашпарт. Мы гатовыя прадставіць даведкі, пэнсійныя пасьведчаньні, аднак ён не прапускае. Стварыў паніку, нібыта мы тут дэбашырым, сэктанты. Выклікаў АМАП, які папрасіў нас выйсьці з будынка. Ідзе проста зрыў судовага працэсу, каб не было вось гэтых пытаньняў, якія асьвятляюць у нашай дзяржаве нумарацыю людзей".

Узброеныя спэцназаўцы напалохалі старых. Некаторыя зь іх плакалі, прыціскаючы да сябе малітоўнікі:

"Гэты ж суд не закрыты. Мы ж усе па гэтым пытаньні прыйшлі. Ну няхай ня ўсіх пускаюць, няхай хоць траіх, пяцярых чалавек, але ж нікога. Тут жа дадаюць: "Бяз вас вырашаць". Бяз вашай прысутнасьці вырашаць. Дык што ж гэта за суд такі? Дзе ж правы чалавека тады? Жах нейкі", абураецца адна зь верніц.

Пазьней у суд прапусьцілі ўсё ж некалькі чалавек, чые імёны прачытаў з паперы міліцыянт.

Спробу высьветліць, што канкрэтна ўчынілі ў судзе пажылыя вернікі, ахоўнік успрыняў агрэсіўна. Спачатку запатрабаваў пісьмовы дазвол на відэа- і аўдыёзапіс у судзе, а потым наагул забараніў журналісту праход у будынак суду, аргумэнтаваўшы тым, што судовыя паседжаньні ўжо пачаліся. За гутаркай з ахоўнікам назіраў узброены спэцназавец.


На ганку суду
Уціхамірыць вернікаў прыехалі міліцыянты з аўтаматамі

На суд прыйшлі людзі сталага веку. Толькі адзін выглядаў гадоў на сорак

Чаго ж патрабуюць незадаволеныя вернікі?

"У 1996 годзе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пачалі выдаваць пашпарты ня толькі з нумарам пашпарта, але і з асабістым нумарам. Мы катэгарычна супраць. Патрабуем даць нам альтэрнатыву пашпарту. Нашыя ўлады не ідуць больш як дзесяць гадоў нам насустрач".

Скаргу вернікаў абласны суд не задаволіў і пакінуў у сіле пастанову Ленінскага раённага суду абласнога цэнтру. Пра тое, як адбываўся разгляд скаргі ў абласным судзе, распавяла адна з прысутных на ім верніц:

"Нас выслухалі, аднак не далі слова сказаць поўнасьцю. Парушаюцца адзінаццаць артыкулаў Канстытуцыі. Судзьдзі праігнаравалі наагул аналіз вось гэтых парушэньняў. Будзем зьвяртацца ў Вярхоўны суд, у Канстытуцыйны суд, з Божай дапамогай, з прычыны таго, што існуе неадпаведнасьць Канстытуцыі законаў, якія выдаюцца. Падзаконныя акты, атрымліваецца, больш важкія, чым Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь".

Акрамя Канстытуцыі, як лічаць вернікі, увядзеньне асабістага нумару ў пашпарце парушае шэсьць артыкулаў Грамадзянскага кодэксу Беларусі.
XS
SM
MD
LG