Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"З кітайскімі грашыма прыходзіць і мадэль – грэбаваньне правамі працоўных"


Кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Сідорскі прапанаваў Кітаю «актывізаваць працу над супольнымі праектамі». Гэтую заяву прэм’ер зрабіў на сустрэчы з намесьнікам міністра камэрцыі Кітайскай Народнай Рэспублікі Гао Хучэнам. Апошнім часам беларускае кіраўніцтва свае эканамічныя спадзяваньні зьвязвае найперш з Кітаем. Пра 15 мільярдаў даляраў, якія могуць адтуль нібыта патрапіць у беларускую эканоміку, казалі ўжо і Аляксандар Лукашэнка, і Сяргей Сідорскі. Наколькі рэальна такая лічба магчымых інвэстыцыяў, ці мае Кітай такія вольныя грошы для ўкладаньняў у беларускую эканоміку? Чаго варта асьцерагацца ў супрацоўніцтве з Кітаем, ці могуць кітайскія інвэстыцыі пацягнуць за забой палітычную залежнасьць ад гэтай краіны? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг, усходазнаўца Сяргей Богдан.


Цыганкоў:
Ці рэальная гэта лічба магчымых кітайскіх інвэстыцыяў – 15 мільярдаў даляраў? Нагадаю, што ўсё супрацоўніцтва з МВФ прынесла 3,5 мільярды крэдытаў за апошнія два гады. Ці ёсьць у Кітаю цяпер вольныя грошы для ўкладаньня ў беларускую эканоміку?

Богдан:
Лічба гэтая гучыць даволі фантастычна. Яна можа матэрыялізавацца хаця б у нейкай ступені, толькі калі кітайцам саступяць нейкія прадпрыемствы. Умовы такіх гешэфтаў, найхутчэй, застануцца невядомымі для грамадзкасьці – і толькі пасьля мы даведаемся, што, аказваецца, нешта прадалі кітайцам.
Гэта нават не капіталізм, а нейкая ягоная вычварэнцкая ягоная форма, якая прадугледжвае вельмі цынічнае стаўленьне да людзей


У прынцыпе такая стратэгія на збліжэньне з Кітаем (які звычайна высоўвае даволі строгія ўмовы што да сваіх інтарэсаў, але асабліва не пераймаецца правамі чалавека, дэмакратыяй) вельмі пашыраная сярод, напрыклад, афрыканскіх краінаў, якія маюць вялікія аб'ёмы кітайскіх інвэстыцыяў. Іншая справа, што прывабліваюць яны кітайцаў сваімі мінэральнымі рэсурсамі.

Што б магло зацікавіць кітайцаў у Беларусі? Нейкія стратэгічныя прадпрыемствы, напрыклад, "Нафтан", ці "Беларуськалій". І тут пытаньне ў тым, ці гатовая беларуская кіроўная эліта саступаць такія кавалкі маёмасьці.

Цыганкоў: Ці варта чагосьці асьцерагацца ў дачыненьнях з Кітаем? Ці могуць кітайскія інвэстыцыі пацягнуць за сабой пэўную палітычную залежнасьць ад Кітаю? Як вядома, тыя афрыканскія краіны, куды прыходзяць кітайскія грошы, потым заўсёды галасуюць за Пэкін ва ўсіх міжнародных структурах.

Богдан:
Беларусь і так паўсюль галасуе за Кітай ва ўсіх міжнародных арганізацыях. Іншае рэч, якую трэба разумець – разам з кітайскімі грашыма прыходзіць і кітайская бізнэс-мадэль. Гэта тое, пра што ўжо гадоў дваццаць б'юць ва ўсе званы і Міжнародная арганізацыя працы, і экалягічныя арганізацыі. Гэта поўнае грэбаваньне стандартамі экалёгіі, поўнае грэбаваньне правамі працоўных.

Нельга сказаць, што такога ня можа быць і з заходнімі інвэстарамі – усюды такое здараецца. Але калі для заходніх інвэстараў такое будзе выключэньнем і можа быць абскарджана, то для кітайцаў гэта сыстэма. Інакш бізнэсам у Кітаі ніхто не займаецца.

Гэта нават не капіталізм, а нейкая ягоная вычварэнцкая ягоная форма, якая прадугледжвае вельмі цынічнае стаўленьне да людзей і гонку за грашыма.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG