Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

СОНЕЧНА...


...і вельмі цёпла. Тэмпэратура: 14 — 27 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


У Музэі гісторыі беларускай літаратуры прэзэнтацыя кнігі казак Уладзімера Караткевіча "Лебядзіны скіт" і адкрыцьцё выставы ілюстрацый да кнігі.

Прагляд фільму "Эпоха Барадуліна" ў сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны, вул. Румянцава, 13. Удзел у мерапрыемстве возьмуць рэжысёр Віктар Корзун і прадусар Кася Камоцкая.Пачатак а 18.00.

ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:


У Нямеччыне гэтак званы Фэдэральны сход — які складаюць 622 дэпутаты Бундэстагу і 622 дэпутаты ад фэдэральных зямель — выбірае прэзыдэнта краіны.

У Брусэлі пачынаецца двухдзённы Эўрапейскі бізнэсовы саміт.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1905 Альбэрт Эйнштэйн апублікаваў артыкул "Аб тэрмадынаміцы целаў у руху", у якім увёў спэцыяльную тэорыю адноснасьці.

У 1908 упаў Тунгускі мэтэарыт. Катастрофа адбылася ў Цэнтральнай Сыбіры. Сьведкі параўноўвалі мэтэарыт з вогненным бервяном у небе. Пасьля падзеньня мэтэарыту зямля гайданулася ў людзей пад нагамі, а выбух чуваць быў за тысячу кілямэтраў ад месца здарэньня. Падалі дрэвы, з вокнаў выляталі шыбы. Радыюс выбуху склаў 30 кілямэтраў. Гукавая хваля двойчы абышла зямны шар і была зафіксаваная ў Вашынгтоне, Лёндане, Джакарце ды іншых гарадах.

У 1911 нарадзіўся польскі паэт Чэслаў Мілаш (пам. 2004), ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1980.

У 1960 Конга атрымала незалежнасьць ад Бэльгіі.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Дзень эканаміста ў Беларусі.

МІНУС 365:


Год таму на сайце Свабоды: "Эмануіл Зэльцэр на свабодзе".

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"У дзень канца сьвету
Над кветкай настурцыі лётаюць пчолы,
Рыбак ладзіць свой нераток,
У моры вясёлыя скачуць дэльфіны,
А скура вужа зьзяе золатам, як і павінна,
Малы верабейка чапляецца за вадасьцёк.

У дзень канца сьвету
Жанчына па полі ідзе з парасонам,
Спіць п’яны ў абдымку з газонам,
На вуліцы крык гандляроў садавінай,
Пад ветразем лодка ідзе, як павінна,
Лунаюць скрыпічныя гукі ў паветры,
Ўначы адмыкаючы зорныя нетры.

А ўсе, хто чакаў перуноў і маланак,
У расчараваньні.
А ўсе, што чакалі трубы Арханёла і знакаў,
Ня ў стане даць веры, што ён настае.
Пакуль над зямлёй сонца зь месяцам кружаць,
І чмель прылятае да ружы,
І дзеткі ружовыя родзяцца ў жонкі і мужа,
Ніхто ня дасьць веры, што ён настае.

І толькі сівенькі стары, які мог быць прарокам,
Але ж не прарок, бо на гэта ёсьць іншыя людзі,
Падвязвае памідоры і кажа сабе:
Іншага канца сьвету ня будзе,
Іншага канца сьвету ня будзе".

Чэслаў Мілаш, "Песенька пра канец сьвету" (пераклад Андрэя Хадановіча)
XS
SM
MD
LG