Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест фэстывалю “Магутны Божа” -- некалькі канцэртаў


Афіша сёлетняга “Магутнага Божа”.

Афіша сёлетняга “Магутнага Божа”.

29 чэрвеня ў Магілёве пачаліся канцэрты ў рамках міжнароднага фэстывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа”. Паўнавартаснай яго праграмы аднак з-за фінансавых праблемаў сёлета, як і летась, ня будзе. Некалі надзвычай папулярны фэст, які зьбіраў музыкаў з паловы сьвету, магілёўскія ўлады замянілі некалькімі канцэртамі і выставамі ў рамках культурніцкага праекту “Духоўная скарбніца”.

На нешматлікіх афішах назва фэстывалю ёсьць, але ўгледзець яе цяжка. У вочы наперш кідаюцца словы “Духоўная скарбніца”.

“Як такога фэстывалю “Магутны Божа”сёлета няма. Ёсьць толькі культурна-выставачны праект “Духоўная скарбніца”, які праходзіць у межах “Магутнага Божы”. Паўнавартасны фэстываль плянуецца ў 2012 годзе. Крызыс – такое слова. Крызыс. Фэстываль нават духоўнай музыкі патрабуе значны фінансавых затрат. Калі праводзіць фэстываль – дык ужо праводзіць”, – зазначыла супрацоўніца аддзелу культуры магілёўскага гарвыканкаму.

Летась паўнавартаснай фэстывальнай праграмы таксама не было. Чыноўнікі абяцалі, што ў 2010 годзе фэстываль адбудзецца ў шырэйшым фармаце. Абмежаваньні называліся творчым перапынкам, каб вывесьці фэст на больш высокі творчы ўзровень.
Фэстываль нават духоўнай музыкі патрабуе значны фінансавых затрат.

Вестка пра тое, што ў Магілёве фэстываль “Магутны Божа” зьвялі да культурніцкага праекту народную артыстку Беларусі Зінаіду Бандарэнку, яго заснавальніцу і колішнюю арганізатарку, засмуціла, аднак не зьдзівіла. Апошні раз яна была на фэсьце ў 2004 годзе. Заняпад фэстывалю пачаўся са зьнікненьня беларускай мовы, цьвердзіць спадарыня Бандарэнка:

“Гэты фэстываль меў яскрава выражаныя нацыянальныя рысы. Найперш беларуская мова, потым рэпэртуар – творы гучалі беларускамоўныя. Бралі ўдзел у нашым фэстывалі людзі розных хрысьціянскіх канфэсіяў, розных моваў, розных поглядаў. Кожны такі фэстываль быў сапраўдным адкрыцьцём талентаў. Адно тое, што на ўсіх нашых фэстывалях гучаў гімн “Магутны Божа” гаворыць пра многае. Вось гэтым гімнам мы адкрывалі й закрывалі “Магутны Божа”.

Афіша першага фэстывалю “Магутны Божа”.
Беларуская мова найперш зьнікла з афішаў. Іх пачалі друкаваць па-расейску. Тлумачылася гэта тым, што замежныя ўдзельнікі беларускай мовы не разумеюць. Паволі меншала колькасьць удзельнікаў з краінаў Заходняй Эўропы.

Што да сёлетніх афішаў, то яны, як і ў папярэднія гады, расейскамоўныя. Беларуская мова на іх засталася дзякуючы словам “Магутны Божа” і “Духоўная скарбніца”.
Гэты фэстываль меў яскрава выражаныя нацыянальныя рысы.

Сёньня праграму фэстывалю распачаў камэрны хор і аркестар магілёўскай капэлы. Імі дырыжыраваў сакратар амбасады Вэнэсуэлы ў Беларусі сыньёр Эстрада Мартынэс.

Сярод арганізатараў сёлетніх канцэртаў “Магутнага Божа” няма рыма-каталіцкага касьцёлу, высілкамі якога у 1993 годзе фэстываль упершыню запрасіў у Магілёў музыкаў. Цяпер на афішах арганізатарамі выступаюць выканаўчая ўлада й абласная філярмонія.

Назва фэстывалю паходзіць ад аднайменнага музычнага твору паэткі Натальлі Арсеньневай і кампазытара Мікалая Равенскага. Паводле палажэньня, усе ўдзельнікі фэстывалю павінны ведаць гімн “Магутны Божа” на мове арыгіналу. Сёлета і летась гімна не выконвалі.

Сярод заснавальнікаў фэсту, акрамя Зінаіды Бандарэнкі, былі: народны артыст Беларусі і СССР, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафэсар Беларускай акадэміі музыкі Віктар Роўда, дацэнт Беларускай акадэміі музыкі Ганна Каржанеўская, заслужаны артыст Беларусі, дацэнт акадэміі музыкі Віктар Скарабагатаў. У розныя гады яго падтрымлівалі фонд Сораса, Беларускі народны Фронт “Адраджэньне” ды грамадзкі камітэт “Дзеці Чарнобылю”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG