Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раскопкі пасьля кіназдымак


На раскопках у Новым каралеўскім палацы
На раскопках у Новым каралеўскім палацы
Перад магутнымі калёнамі Новага замку ў Горадні зроблены раскоп, побач — крушня з камянёў знойдзенага тут бруку, магчыма, яшчэ каралеўскіх часоў. Тут працуюць студэнты гістфаку мясцовага ўнівэрсытэту, а кіруе раскопкамі Натальля Кізюкевіч. Яна загадвае аддзелам археалёгіі ў гісторыка-археалягічным музэі, які займае абодва гарадзенскія замкі — Новы і Стары.

Вось толькі-толькі тут, на вялікім ганку камяніцы здымалі кіно пра горад Кракаў, пра тое, як яго ўратавалі ў 1944-м ад зьнішчэньня. Фільм робіцца для расейскага тэлебачаньня. Толькі-толькі на ганку стаялі нямецкія афіцэры, жаўнеры з аўтаматамі, а справа ад дзьвярэй вісела шыльда "Камэндатура". Сёньня ж падворак апанавалі здымачныя групы розных тэлеканалаў. Чую: адна музэйшчыца кажа другой, што забрала ў Кізюкевіч мабільны тэлефон, бо няма адбою ад журналістаў, за два тыдні сталі тэлефанаваць. Адзін са студэнтаў, якія працуюць на раскопках, прызнаецца, што трапіць сёньня ў навіны адразу на некалькіх каналах.

На раскопках у Новым каралеўскім палацы.

Як ні дзіўна, у такім месцы капаюць упершыню. Раней Новы замак, або каралеўскі палац, займаў абкам КПБ, і археолягаў туды не дапускалі. Але ўжо дваццаць гадоў як усярэдзіне — музэйныя экспанаты і абласны кнігазбор, а вось рыдлёўкі ў газон уторкнулі толькі цяпер. Адразу кідаецца ў вочы мужчына з мэталашукальнікам. Ён кажа, што займаецца раскопкамі па-аматарску, мае пэўны досьвед, сюды яго запрасілі. Кажа таксама, што працаваў на раскопках у Расеі, ва Ўкраіне і ў Польшчы. Што трапілася? Пара гузікаў з арламі (студэнты ўдакладняюць, што адзін з польскім, адзін — з расейскім) і савецкая манэта 1941-га году.

Студэнт трэцяга курсу Аляксандар Хацько займаецца пры катэдры археалёгіі, так што раскопкі — гэта будучая яго спэцыяльнасьць. На жаль, праводзяцца яны ў горадзе нячаста і вельмі абмежавана. Непадалёк перабудавалі Стары мост церазь Нёман, побач зь ім быў багаты культурны слой, але Аляксандар кажа: "Культурны слой зьнішчаны, яго папросту зрэзалі і выкарысталі для падсыпкі дарог, вуліц. Пабудавалі зьверху "Фантан дружбы". Ён стаіць на касьцях, сківіцы там знаходзіў, рэбры. Ва ўсе часы побач быў мост, рачная пераправа, і заўжды ў час войнаў у гэтым месцы здараліся баі".

На раскопках у Новым каралеўскім палацы.

Апошнім часам у ахоўнай зоне гістарычнага цэнтру Горадні адбываліся маштабныя будаўнічыя працы, археолягаў запрашалі толькі зрэдку, давалі ім адчэпнага невялікія пляцоўкі для раскопак, але большую частку культурнага слою нішчылі. Сярод гарадзенцаў ёсьць тыя, хто сачыў за самаскідамі —куды вывозілася глеба, каб штосьці знайсьці цікавае, што ўлады палічылі нявартым і выкінулі на сьмецьце. Гаворка ідзе пра манэты, гарматныя ядры, шпоры, кераміку, прылады працы, карацей — пра ўсё, што павінна быць у музэйных вітрынах. Я цікаўлюся ў Натальлі Кізюкевіч — ці трапіла што-небудзь у музэй на замку хаця б самацёкам пасьля будаўнічых прац у гістарычнай забудове? Не, нічога...

Яшчэ да раскопак на дзядзінцы Новага замку распаўсюдзіліся зьвесткі, што, магчыма, раскапаюць старыя царкоўныя падмуркі. Натальля Кізюкевіч выказалася архэалягічна-дыпляматычна:

"У гэтым месцы няма спадзяваньня, што будуць падмуркі царквы ХІІ стагодзьдзя, таму што яна была, верагодна, ня ў гэтым месцы".

А што было, залежыць, як ні дзіўна, ад таго, што будзе знойдзена ці ня знойдзена. Дакладней, нашы веды пра тое, што было, будуць ад гэтага залежаць. І таксама – якое кіно будуць тут здымаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG