Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 2004 году Радыё Свабода прысьвячае чэрвень Васілю Быкаву. У чэрвені – дні нараджэньня і сьмерці Быкава. У чэрвені пачалася вайна, тэма якой прайшла праз ўсю творчасьць Быкава. У чэрвені (2002 году) Васіль Быкаў правёў некалькі дзён перад мікрафонам ў праскай студыі “Свабоды”, начытаўшы старонкі кнігі ўспамінаў “Доўгая дарога дадому”.

Сёлета ў чэрвені ў эфіры гучалі цытаты Васіля Быкава зь ягоных інтэрвію, выступаў і камэнтароў.

У гэтым годзе мы падрыхтавалі падарунак нашым слухачам – выдалі дыск з аўдыёзапісамі аўтарскага чытаньня. На ім таксама зьмешчаныя поўныя тэксты мэмуарнай прозы Быкава, а таксама ўсе кнігі, якія выйшлі ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. 21-ае стагодзьдзе”, і ў тым ліку – кніга “Быкаў на Свабодзе”.

Прэзэнтацыі прайшлі ў Берасьці, Бабруйску, Горадні і Менску. Аўдыёкніга выйшла немалым накладам – аднак разышлася за некалькі дзён. Бліжэйшым часам мы зробім дадатковы наклад, але тыя, хто далучаны да Інтэрнэту, могуць паслухаць быкаўскае чытаньне ў любы момант -- дыск выстаўлены ў Інтэрнэце ў фармаце мікрасайту.

Паводле аддзелу статыстыкі Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі, кнігі Васіля Быкава выдадзеныя на 47 мовах сьвету (Бібліятэка Кангрэсу ЗША называе большую лічбу – 52 мовы). Пасьля сьмерці пісьменьніка, з 2003 году, у Нацыянальную бібліятэку Беларусі паступіла 40 розных выданьняў твораў Васіля Быкава.

У чэрвені ў Нью-Ёрскім выдавецтве The Edwin Mellen Press выйшла аповесьць “Мёртвым не баліць” у перакладзе Джозэфа Мозура, якая выклікае вялікую цікавасьць у тым ліку і ў амэрыканскіх вэтэранаў вайсковых апэрацыяў у Аўганістане і Іраку.

Выдаюцца і кнігі, прысьвечаныя пісьменьніку. Так, у Канадзе выйшла манаграфія Зіны Гімпелевіч “Vasil Bykau : his life and works”. Выйшла двухтомная праца Сяргея Шапрана “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцьця”.

Але, бадай, самую неацэнную працу працягвае рабіць ўдава Васіля Ўладзімеравіча – Ірына Міхайлаўна, якая сабрала і ўпарадкавала вялізны архіў з рукапісаў, перапіскі, малюнкаў пісьменьніка, а таксама – аўдыёзапісаў.

Шмат аўдыёзапісаў Быкава і ў нашым архіве.

У будучыні Радыё Свабода мае намер пазнаёміць зь імі нашых слухачоў і наведнікаў вэб-сайту.

Гл.таксама:

Чытаем Быкава

Быкаў на Свабодзе. — 2005. — 662 с.: іл. — 2-е выд. (PDF)

Мікрасайт “Доўгая дарога дадому” (Чытае Васіль Быкаў)

Бабруйск – таксама горад Быкава

Голас Васіля Быкава вярнуўся ў Горадню

У кожнага чалавека свой Быкаў

Кветкі да магілы Быкава

Прэмію імя Васіля Быкава ўручылі Адзе Райчонак

Джозэф Мозур: «Быкаўскі сюжэт захоплівае амэрыканскіх студэнтаў»
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

XS
SM
MD
LG