Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беластоку у тэлевізійнай студыі пры дапамозе тэлеканалу Белсат адбыўся першы ў прысутнасьці тэлекамэраў круглы стол прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, у часе якога абмяркоўваліся магчымасьці вылучэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.

У Беласток на запрашэньне Рады беларускай інтэлігенцыі прыехалі сямёра патэнцыйных кандыдатаў: Віталь Рымашэўскі (БХД), Сяргей Калякін (Справядлівы сьвет), Лявон Баршчэўскі (БНФ), Алесь Міхалевіч (незалежны кандыдат), Мікола Статкевіч (сацыял-дэмакраты), Анатоль Лябедзька (АГП, замест Раманчука) ды Рыгор Кастусёў (БНФ).

Яшчэ адзін кандыдат – Андрэй Саньнікаў, даслаў свой відэазварот да ўдзельнікаў круглага стала, а Аляксандр Мілінкевіч і Ўладзімер Някляеў (лідэра руху "Гавары праўду" перад самым ад’ездам затрымалі пільныя справы) у Беласток не прыехалі.

М.Статкевіч, А.Лябедзька, С.Калякін, Ул.Колас

У часе гадзіннай дыскусіі прысутныя пагадзіліся, што шанец на перамогу мае толькі кандыдат, якога будуць падтрымліваць усе дэмакратычныя сілы.

Вядучы Ўл.Колас рыхтуецца да эфіру

Адназначнага адказу на пытаньне калі і ці будзе абвешчанае імя адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на пасаду прэзыдэнта, вядоўца круглага стала Ўладзімер Колас, аднак, не дачакаўся.

В.Рымашэўскі, Л.Баршчэўскі, Р.Кастусёў, А.Міхалевіч

У часе круглага стала Лявон Баршчэўскі заявіў, што адмаўляецца ад удзелу ў выбарах ды падтрымае адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў, кім бы ён ні быў.

Круглы стол можна будзе паглядзець на тэлеканале Белсат у пятніцу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG