Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі дазволенае акцыянаваньне «Беларуськалія», нафтаправоду «Дружба», «Гомельтранснафты і шэрагу іншых дзяржаўных прадпрыемстваў. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандар Лукашэнка.


Што яшчэ варта прадаць зь дзяржаўных прадпрыемстваў? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да берасьцейцаў.

Спадарыня: «Самае буйное прадпрыемства на Берасьцейшчыне — Электрамэханічны завод, які варта было б прыватызаваць. Столькі тут раней было працаўладкавана людзей — і ператварыць вытворчасьць у абы-што… Цяпер жа існуюць магчымасьці, каб стварыць тут нейкую вытворчасьць. Але няма жаданьня прадаць. Хто зацікаўлены — зрабіў бы тут прадпрыемства. Некалі на заводзе было вельмі дарагое абсталяваньне, станкі, якія проста зьніклі. А калі і прыватызаваць, то варта прадаваць толькі сваім бізнэсмэнам. Няўжо ў нашай краіне няма грошай? Навошта ўласнасьць, кроўнае, прадаваць у чужыя рукі? Пераканана, што ў нас ёсьць дастаткова багатыя людзі, якія маглі б купіць!»

Спадар: «Шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў варта было б прадаць, з разьлікам выгады для дзяржавы і пакупнікоў. Калі прадпрымальнік шчыры — то чаму яму не прадаць? Досьвед паказвае, што калі працуе прадпрымальнік з сэрцам, ён атрымлівае нашмат лепшы плён, чым дзяржава».

Спадарыня: «Ня вельмі цікаўлюся эканомікай і нават ня ведаю, што магчыма прадаць».

Карэспандэнт: «Новымі ўласьнікамі беларускіх прадпрыемстваў могуць стаць кітайскія бізнэсмэны. Як вы расцэньваеце гэта?»

Спадарыня: «Чаму б і не? Яны вядомыя тым, што сочаць за новаўвядзеньнямі і могуць мадэрнізаваць прадпрыемствы. Таму няхай працуюць».

Спадарыня: «Я супраць продажу беларускіх прадпрыемстваў замежнаму капіталу. Яны павінны быць у нас. Застацца ў Беларусі, няхай у выглядзе дзяржаўнай маёмасьці або акцыянэрнымі таварыствамі».

Спадарыня: «Можна прадаваць рынкі, гатэлі, са сфэры паслуг. Гэта калі ласка. А астатняе — нельга. Вось, напрыклад, што застаецца ў кожнай сям’і — нерухомасьць і адукацыя. Гэта гарантыі на будучыню».
Магчыма, яны паставяць новае абсталяваньне і частка людзей застанецца бяз працы.


Яе сяброўка: «Няма гарантыі таго, што новыя прыватныя ўласьнікі будуць працягваць сацыяльную абарону людзей, што будуць плаціць заробкі. Магчыма, яны паставяць новае абсталяваньне і частка людзей застанецца бяз працы».

Спадарыня: «Неабходна перакананьне, што будзе сацыяльная абарона. Акрамя таго, веру і радзіму не прадаюць».

Яе сяброўка: «Да прыкладу, я працую на прадпрыемстве з глуханямымі. Уявіце, што гэтае прадпрыемства будзе прададзена. Куды дзявацца людзям? Дзяржава ўсё ж абараняе людзей. Магчыма, што мы іншае пакаленьне і па-іншаму выхаваныя. Але ў нашай краіне мала працоўных месцаў. Моладзь не жадае ісьці на працу з аплатай за капейкі. Для нас былі створаны некалі ўмовы і гарантыі. Цяпер для моладзі такога не існуе. Таму ўсё ж варта прытрымлівацца залатой сярэдзіны».
XS
SM
MD
LG