Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адмаўляецца ад інтэграцыі з Расеяй?

  • БелаПАН

Сярод грамадзян Беларусі становіцца ўсё менш прыхільнікаў глыбокай інтэграцыі з Расіяй. Пра гэта гаворыцца ў адкрытым лісьце Аляксандра Лукашэнкі на імя рэдактара расейскай газэты "Правда" Барыса Камоцкага.

Беларускі кіраўнік палічыў неабходным праінфармаваць выданьне "аб рэальнай сытуацыі, што склалася па гэтак званым газавым канфлікце" паміж Беларусьсю і Расеяй. У лісьце падрабязна выкладаецца перадгісторыя канфлікту і пазыцыя беларускага боку.

"Адразу хачу падкрэсьліць, што перамоўны працэс па віне расейскага боку фактычна аказаўся сарваны, — зазначае Лукашэнка. — Хоць мы ўвесь час займалі гнуткую канструктыўную пазыцыю, прапаноўвалі розныя варыянты ўзаемавыгаднага вырашэньня пытаньня, былі гатовыя да прымальных кампрамісаў. Беларускія ініцыятывы ігнараваліся, а нашых прадстаўнікоў, уключаючы членаў ураду высокага ўзроўню, прымушалі гадзінамі праседжваць у газпромаўскіх прыёмных".

"Аказваецца, што, на словах разважаючы аб недапушчальнасьці перагляду ўрокаў гісторыі, расійскае кіраўніцтва насамрэч сьвятасьць братэрскіх сувязей ацэньвае ў кубамэтрах газу і барэлях нафты", — падкрэсьліваецца ў лісьце.

Мы абсалютна не супраць прагматычнасьці ў эканамічным супрацоўніцтве, — працягвае Лукашэнка. — Але яна павінна ў роўнай ступені тычыцца абодвух бакоў, улічваць увесь спэктар двухбаковых узаемаадносін і адпавядаць духу інтэграцыйных працэсаў. І, вядома, засноўвацца на няўхільным выкананьні ўсімі бакамі прынятых абавязаньняў, без выключэньняў, абмежаваньняў і адвольнага тлумачэньня".

"Давайце будзем шчырыя: няўжо за дзеяньнямі "Газпрому" ва ўсёй гэтай гісторыі ляжыць толькі грашовы інтарэс? Хіба ж пара соцень мільёнаў даляраў можа быць вырашальнай для фінансавага становішча адной з найбуйнейшых транснацыянальных карпарацый? Я ўпэўнены, што для ўсіх адказ вядомы", — піша беларускі кіраўнік.

Падаплёка канфлікту, на думку Лукашэнкі, абсалютна ў іншым: "Ён - толькі частка той недружалюбнай палітыкі, якая на працягу апошніх гадоў плянамерна праводзіцца ў адносінах да Беларусі. Дастаткова ўспомніць нядаўнія "малочныя", "мясныя", "цукровыя", "нафтавыя" і іншыя войны. Я ўжо не кажу пра тую лінію, якую мэтанакіравана праводзіць большасьць расейскіх СМІ і якая набыла характар сапраўднай інфармацыйнай агрэсіі".

Аўтар ліста мяркуе, што мэта відавочная: "пастроіць" кіраўніцтва Беларусі, прымусіць пайсьці на саступкі на шкоду нацыянальным інтарэсам сувэрэннай дзяржавы, атрымаць смачны кавалак беларускай уласнасьці.

"Мы, у Беларусі, усё гэта бачым і ацэньваем адпаведным чынам. Як вынік, сярод нашых грамадзян, на жаль, становіцца ўсё менш прыхільнікаў глыбокай інтэграцыі з Расеяй. Беларусы пачынаюць ставіцца да самай блізкай для нас краіны — Расеі — з насьцярожанасьцю, чакаючы ад яе самых непрадказальных удараў", — сьцьвярджае Лукашэнка.

Тэкст адкрытага ліста апублікаваны ў "Правде" 29 чэрвеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG