Праваабарончае кіно ў Беларусі дэманструецца на невялікіх прыватных паказах. У Магілёве фільмы «Салдаты ў сары» пра Нэпал ды «Моц бясьсільных» пра Чэхію глядзелі ў грамадзкім цэнтры «Кола».
У панядзелак у Менску ў гатэлі «Crown Plaza» таксама паказвалі фільм «Салдаты ў сары» — пра ролю жанчынаў у грамадзянскай вайне ў Нэпале. У аўторак тамсама а 18:30 будзе дэманстравацца дакумэнтальны м’юзыкал пра ахвяраў камуністычнага рэжыму Паўночнай Карэі.
Гледачоў, не зважаючы на вольны ўваход, зьбіраецца ня надта шмат.
Праваабаронца Андрэй Сушко, адзін з арганізатараў паказаў: «Беларускі глядач яшчэ пакуль што не гатовы да такога фармату, як дакумэнтальнае кіно, а тым болей дакумэнтальнае праваабарончае кіно. Гэта не забаўляльны баявік ці камэдыя, гэта кіно, пра якое варта задумвацца. Гэта фільмы, пасьля якіх можна ня спаць начамі і думаць».
Перад пачаткам прагляду фільму «Салдаты ў сары» зь вітальным словам да гледачоў, якія ў пераважнай большасьці былі маладога веку, выступіў часовы павераны ў справах Эўрапейскага зьвязу ў Рэспубліцы Беларусь Жан-Эрык Хольцапфэль:
«Фэстываль „Адзіны сьвет“ — гэта найбуйнейшы і найважнейшы фэстываль у Эўропе па пытаньнях правоў чалавека, прысьвечаны сацыяльнай ды палітычнай праблематыцы, а таксама праблеме аховы правоў чалавека. Ён прыцягвае ўвагу да парушэньня правоў чалавека ў розных кутках сьвету і такім чынам стварае важную нагоду для развагаў».
Паводле словаў праваабаронцы Андрэя Сушко, прыкладна праз паўгоду плянуецца арганізаваць вялікі паказ у адным зь менскіх кінатэатраў.
Тры гады таму на фэстывалі «Адзіны сьвет» дзьве ўзнагароды атрымаў фільм «Урок беларускай мовы» пра навучэнцаў закрытага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю. Лепшыя фільмы леташняга фэсту ў Беларусь прывезьлі чэская недзяржаўная арганізацыя «Людзі ў нядолі» і Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі разам з шэрагам беларускіх праваабарончых структураў.