Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкасьць пачала збор сродкаў на пратэзаваньне для Аўтуховіча


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

28 чэрвеня прадстаўнікі грамадзкасьці сустрэліся з начальнікам менскага сьледчага ізалятара № 1 Сяргеем Краўчанкам і абмеркавалі, як правесьці лячэньне зубоў вязьню «Валадаркі» Мікалаю Аўтуховічу. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла грамадзкая актывістка Тацяна Кім.


«Мы дамовіліся, што самі будзем шукаць зубнога лекара, які агледзіць Аўтуховіча і правядзе ягонае лячэньне. Пратэзаваньне будзе платным, і мы ўжо пачалі збор сродкаў. Яшчэ мы пачулі, што Аўтуховіча могуць хутка перавесьці з Валадаркі ў калёнію „Ваўчыныя норы“ і што там лячэньне нібыта можна працягнуць. Такім чынам, зараз самае галоўнае — хутчэй знайсьці лекара і сабраць неабходныя грошы», — кажа Тацяна Кім.

Паводле начальніка «Валадаркі» Сяргея Краўчанкі, пасьля галадоўкі Мікалай Аўтуховіч пачуваецца нармальна, ні на што ня скардзіцца.

Мікалай Аўтуховіч
з 16 па 23 чэрвеня трымаў галадоўку, патрабуючы лячэньня зубоў. Толькі пасьля пагрозы распачаць сухую галадоўку вязьня наведаў прадстаўнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, зь якім былі абгавораны пэўныя крокі, каб арганізаваць кансультаваньне і лячэньне.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца пад вартай зь лютага 2009 году. У траўні 2010 году Вярхоўны суд асудзіў Аўтуховіча на 5 гадоў і 2 месяцы зьняволеньня за захоўваньне некалькіх патронаў. Праваабаронцы Беларусі і «Міжнароднай амністыі» прызналі Мікалая Аўтуховіча вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG