Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сухотнікі спынілі галадоўку


Пацыенты шпіталя з прымусовым лячэньнем сухотаў у Воўкавічах спынілі галадоўку пратэсту. 23 чэрвеня больш за дваццаць чалавек адмовіліся ад ежы, патрабуючы спыніць зьбіцьцё пацыентаў супрацоўнікамі дэпартамэнту аховы.

Акцыя пратэсту пачалася пасьля таго, як двое пацыентаў, якіх кінулі ў ізалятар, парэзалі сабе адзін — горла, другі — жывот. Пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі пракуратуры, Міністэрства аховы здароўя і мясцовага выканкаму было прынятае рашэньне галадоўку спыніць.

Пацыенты воўкавіцкага шпіталя спадзяюцца, што пасьля ўмяшаньня пракуратуры сытуацыя зьменіцца на лепшае. 23 чэрвеня, паводле ўдзельнікаў акцыі пратэсту, супрацоўнікі дэпартамэнту аховы зьбілі некалькі чалавек. Двух, Анатоля Шавялчынскага і Міхаіла Прышчыца, суткі трымалі ў халоднай камэры без вады і ежы. На знак пратэсту Анатоль парэзаў сабе жывот, а Міхаіл Прышчыц — горла.

У акцыі ўзялі ўдзел 22 пацыенты. Яны падалі заяву ў пракуратуру Менскай вобласьці, патрабуючы правесьці праверку і прыцягнуць да адказнасьці міліцыянтаў, вінаватых у зьбіцьці хворых.

Рэакцыя была хуткай. Ужо 25 чэрвеня ў шпіталь прыехалі супрацоўнікі пракуратуры, МУС, намесьнік міністра аховы здароўя, а таксама прадстаўнікі камітэту аховы здароўя Менскага аблвыканкаму.

Алег Шкор: «У пятніцу прыехаў пракурор Дзяржынску. У суботу кіраўнік дэпартамэнту аховы Дзяржынску, а таксама з дэпартамэнту зь Менску. Яны нам прапанавалі кампраміс. Казалі, што супраць дваіх могуць распачаць крымінальныя справы. Але мы запатрабавалі, каб нас не зьбівалі.
Кіраўнік РУУС Дзяржынску казаў, што высьвятляць, хто тады працаваў на зьмене, і іх пакараюць, а нам дашлюць паперку пра тое, як каго пакаралі.
Кіраўнік РУУС Дзяржынску казаў, што высьвятляць, хто тады працаваў на зьмене, і іх пакараюць, а нам дашлюць паперку пра тое, як каго пакаралі.

З намі сустракаўся намесьнік міністра аховы здароўя, потым Гурэвіч — гэта галоўны псыхіятар. Нам паабяцалі, што будзе аўтакрама. Пазваніць — праблема. Не ўва ўсіх ёсьць мабільнікі. Нам будку адчыняюць ахоўнікі толькі пасьля 5-й. У сабес не дазваніцца».

Пацыенты шпіталя абураныя дзеяньнямі галоўнага ўрача Ўладзіміра Селядцова, які забараніў аднаму з пацыентаў, Алегу Сяміжону, паехаць на пахаваньне маці.

«Разумееце, яе забіраюць з морга і вязуць за 40 кілямэтраў у вёску недалёка адсюль. У пятніцу памерла. А мяне не пускаюць, кажуць, каб даслалі факсам даведку аб сьмерці. А каму там дасылаць? У мяне цётка і бацька-інвалід, на мыліцах ходзіць. Брат быў, але яго забілі ў 1995 годзе. Сёньня яе забралі і завезьлі ўжо. Што рабіць? Сваякі сюды ўвесь час тэлефанавалі».

Галоўны ўрач Воўкавіцкага шпіталя Ўладзімер Селядцоў:

«Хворы, бывае, распавядае, і настрой такі сумны. Мы адпускаем дахаты і больш яго ня бачым. А потым спытаюць, чаму мы яго адпусьцілі. Рашэньне ж суду трэба выконваць.

Новы корпус у нас, усё акуратненька, а яны напіваюцца, што дзьверы трашчаць, і вокны галовамі б’юць. Гэтыя людзі адседзелі не адну „ходку“. На гэтым тыдні ахова вымушана была рабіць захады. Разумееце? Нейкія 4 чалавекі паднялі 50. Кантынгент своеасаблівы. У нас і хвароба такая. Яна носіць сацыяльны характар».

Кіраўнік Дэпартамэнту аховы Дзяржынску Мікалай Кудзёлка патлумачыў:

«Цяжка зь імі працаваць і мэдпэрсаналу. Мы там ахоўваем грамадзкі парадак. Няма ў супрацоўнікаў ніякага жаданьня лішні раз зь імі кантактаваць, бо яны ж могуць падрапаць руку і можна заразіцца ад іх. Што да таго інцыдэнту, то яны, наколькі я ведаю, спачатку паміж сабой сварыліся, а потым адзін хацеў зьбегчы...

Калі ёсьць правапарушэньне, то наш супрацоўнік папросту абавязаны...»

Пацыенты шпіталя спадзяюцца, што бліжэйшым часам да іх пачне заяжджаць аўтакрама і яны змогуць набываць туалетныя прылады, што доступ да тэлефона стане вальнейшы і, галоўнае, што спыніцца зьбіцьцё хворых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG