Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт-рынак: паразуменьня паміж кантралёрамі і выканаўцамі няма


Лічаныя дні застаюцца да ўступленьня ў сілу заканадаўчых актаў, закліканых урэгуляваць нацыянальны сэгмэнт сеткі Інтэрнэт. Аднак і карыстальнікі інтэрнэт-паслуг, і кампаніі, якія забясьпечваюць тэхнічную падтрымку рэсурсам, наракаюць на недапрацаванасьць і няўзгодненасьць нарматыўных дакумэнтаў.

Паводле спэцыялістаў, у такіх умовах спроба ўпарадкаваць віртуальную прастору можа выліцца ў суцэльнае непаразуменьне паміж інтэрнэт-супольнасьцю і дзяржаўнымі кантралёрамі.

Да 1 ліпеня ўсе сайты, якія належаць юрыдычным асобам, мусяць легалізавацца ў афіцыйным рэгістры — Дзяржаўнай інспэкцыі электрасувязі (БелГІЭ). Дакладная колькасьць тых, хто выканаў адпаведныя патрабаваньні прэзыдэнцкага ўказу і ўрадавай пастановы, не агалошваецца. Аднак з ранейшых справаздач супрацоўнікаў ведамства вынікае, што іх лік ідзе ўсяго на некалькі сотняў. Пры тым, што сайтаў беларускай прапіскі — блізу 50 тысяч. Генэральны дырэктар кампаніі «Надзейныя праграмы» Юрый Зісер не выключае, што з улікам абставінаў нічога не застанецца, як працягнуць час рэгістрацыі:

Юры Зісер
«Рэгістрацыя папросту зацягнецца, таму што вельмі маленькія тэрміны і папросту фізычна не пасьпяваецца да 1 ліпеня гэта зрабіць. Гэта нерэальна зрабіць перадусім з тэхнічных прычынаў. Таму я падазраю, што неафіцыйна будзе дадзена некалькі тыдняў вакацыяў, за якія можна будзе падцягнуць хвасты ўсім — і дзяржаве, і бізнэсу. Рэпрэсіяў, з майго пункту гледжаньня, чакаць ня варта. Увогуле трэба сказаць, што цяпер усё гэта досыць гуманна і спакойна разьвіваецца».

Спэцыяліст у інтэрнэт-галіне Фёдар Караленка нагадвае: з аднаго боку, незарэгістраваныя сайты пасьля 1 ліпеня апынуцца па-за законам. Зь іншага — так і ня выпрацаваная працэдура адміністрацыйнага ўзьдзеяньня на парушальнікаў закону, таму шмат хто, магчыма, трапіць у гэты шэраг постфактум:

Фёдар Караленка
«Праз паўгода ці праз тры месяцы пастанову прымуць, што за парушэньне нарматываў будуць дзейнічаць нейкія санкцыі, штрафы. То бок элемэнтарна могуць сказаць: дык вось ваш сайт ня быў зарэгістраваны — значыць, плаціце штраф задняй датай. Гэта прагнозы, вядома, змрочныя, але гэта з таго, што людзей зараз непакоіць, сярод іншага. Ну, і плюс рэкляма, зразумела. Так ніхто і ня даў адказу, які быў бы зразумелы — што рабіць з рэклямай ад замежных рэклямных сетак, якую людзі разьмяшчаюць на сваіх сайтах? Гэта той жа Google, Yandex і г.д. Усё, што зарабляецца шараговым вэб-майстрам у інтэрнэце, яно ўсё на нейкіх замежных кампаніях. А ўказ № 60, у прыватнасьці, рэгулюе разьмяшчэньне паслуг адносна замежных кампаніяў, якія павінны быць на беларускіх інтэрнэт-рэсурсах. Ніхто так і ня даў дакладнага адказу, што з гэтымі сеткамі замежнымі — ці яны трапляюць пад указ, ці не трапляюць, будуць санкцыі ці не? Карацей, пытаньняў шмат».

Дагэтуль ня могуць знайсьці паразуменьня зь дзяржаўнымі органамі і фірмы, якія тэхнічна падтрымліваюць беларускія сайты. Кіраўнік хостынгавай кампаніі «Extmedia» Максім Саўчанка кажа, што зь Міністэрствам сувязі і Дзяржаўнай інспэкцыяй электрасувязі не ўдалося дамовіцца наконт спрашчэньня ўмоваў гэтай ад пачатку «бессэнсоўнай задумы»:

«Мы напісалі калектыўны ліст з шэрагам прапаноў па 60-м указе. Папрасілі спрасьціць працэдуру рэгістрацыі ці ўвогуле адмяніць яе, бо лічым гэта бессэнсоўнай прыдумкай. Зрабілі шмат іншых прапаноў.
Па-ранейшаму маем ручны інтэрфэйс рэгістрацыі дадзеных. Былі вымушаныя напісаць праграмнага робата, які працуе з гэтым інтэрфэйсам.
Але па-ранейшаму маем ручны інтэрфэйс рэгістрацыі дадзеных. Былі вымушаныя напісаць праграмнага робата, які працуе з гэтым інтэрфэйсам і можа зь ім на праграмным узроўні кантактаваць. Перарэгістрацыя такой вялізнай кліенцкай базы, як у нас, — рукамі гэта зрабіць немагчыма. Гэта неадэкватныя працоўныя выдаткі. Аднак дагэтуль маем непрыстасаванае да вырашэньня гэтых задач праграмнае забесьпячэньне, прадстаўленае нам БелГІЭ, і мноства складанасьцяў пры рэалізацыі задачы перарэгістрацыі. Прасьцей ня стала, хоць у прэсу і пратачыліся зьвесткі, што яны нібыта згодныя выкарыстоўваць унікальны нумар падаткаплатніка пры апісаньні юрыдычнай асобы безь неабходнасьці дубляваць дадзеныя пра дырэктара, пра юрыдычны адрас. Але пакуль афіцыйна мы такога дазволу не атрымлівалі».

Нявырашаным застаецца і пытаньне манаполіі «Белтэлекаму» на рынку электрасувязі. Адзінае, што інтэрнэт-правайдэры дамагліся падпісаньня пагадненьня аб намерах, у якім пазначаныя мэханізмы зьніжэньня коштаў для апэратараў. Так, «Белтэлекам» абавязваецца 1 ліпеня і 1 лістапада зьнізіць кошты на інтэрнэт-каналы з гарантаванай хуткасьцю доступу, захаваўшы цяперашнія зьніжкі, а таксама разгледзець магчымасьць пераходу на разьлікі за каналы ў беларускіх рублях. Між тым карыстальнікі ня вераць, што адкарэктаваныя зьнешне намеры манаполіі прывядуць да істотнага зьніжэньня коштаў інтэрнэт-паслугаў, якія застаюцца аднымі з самых высокіх у сьвеце.


XS
SM
MD
LG