Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадка шчодрасьці Ільхама Аліева


А.Лукашэнка і І.Аліеў

А.Лукашэнка і І.Аліеў

У інтэрвію тэлеканалу Euronews, паказаным на мінулым тыдні, Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што грошы, якімі ён расплаціўся з “Газпромам”, пазычыў яму прэзыдэнт Азэрбайджану.

«Я зьвярнуўся да Ільхама Аліева, прэзыдэнта Азэрбайджану. Ён мне на працягу сутак, нават меней чым за суткі, пазычыў 200 млн. даляраў. Мы аплацілі «Газпром» 187 мільёнаў, сто працэнтаў разьлічыліся», - сказаў Лукашэнка.

Варта зьвярнуць увагу на тое, што 22 чэрвеня, на другі дзень скарачэньня расейскіх паставак газу ў Беларусь, паведамлялася, што прэзыдэнт Беларусі гаварыў па тэлефоне з прэзыдэнтамі Азэрбайджану Аліевым і Казахстану Назарбаевым.
А на наступны дзень грошы былі пераведзеныя “Газпрому”.

Чаму менавіта Аліеў праявіў такую шчодрасьць? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да кіраўніка бакінскага цэнтру нафтавых дасьледаваньняў Ільхама Шабана.

Шабан: Некаторыя на Захадзе задаюць пытаньне, чаму Азэрбайджан зрабіў такі шчодры падарунак беларускаму лідэру. Па-першае, гэта не падарунак, а кароткатэрміновы крэдыт. Па-другое, Ільхам Аліеў тым самым хацеў нагадаць Крамлю, што Азэрбайджан ня будзе вечна цярпець зацягваньне ўрэгуляваньня карабахскага канфлікту. У сувязі з гэтым Азэрбайджан стварае пояс сяброўскіх славянскіх краін, якія маглі б дапамагчы ў выпадку пачатку баявых дзеяньняў.

У Азэрбайджана выдатныя адносіны з Украінай, апошнія паўтара года разьвіваюцца стасункі як у эканамічнай, гэтак і ў палітычнай сфэры зь Беларусьсю. Год таму паміж Баку і Менскам было падпісанае пагадненьне аб вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве. Калі раней ў Азэрбайджана быў адзін саюзьнік, які аказваў вайскова-тэхнічную дапамогу, зараз зьявіўся яшчэ адзін - Беларусь. Яна дапамагае ў мадэрнізацыі сілаў супрацьпаветранай абараны і супрацьтанкавых сыстэм.

Нядаўна беларускі лідэр наведаў Азэрбайджан, былі дасягнутыя дамоўленасьці аб супрацоўніцтве ў галіне машынабудаваньня, у ваеннай галіне. У Беларусі ёсьць стратэгічны плян атрымліваць азэрбайджанскую нафту праз грузінскія парты ў Адэсу, а потым спачатку па чыгунцы, а потым скарыстацца нафтаправодам Адэса-Броды.

Украіна далучылася да праекту, які дазволіць ёй, разам з Баўгарыяй і Румыніяй, атрымліваць звадкаваны азэрбайджанскі газ. Было заяўлена пра магчымасьць рээкспарту гэтага газу ў "суседнія краіны". Яны названыя не былі, але Беларусь пакуль адзіная, якая выказала жаданьне атрымліваць з Азэрбайджану і "блакітнае паліва".

Цяпер у Азэрбайджане працуе невялікае азэрбайджанска-беларускае прадпрыемства па звадкаваным і бытавым газе. У Гянджы плянуецца стварэньне прадпрыемства па выпуску трактараў і аўтамабіляў МАЗ. Пачаўся імпарт беларускіх аўтобусаў.

Але Азэрбайджан не ідзе ва-банк, як Уга Чавэс. Азэрбайджан мае з Расеяй някепскія стасункі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG