Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У апошнія чэрвеньскія дні на Гомельшчыне тэмпэратура паветра сягае 30 градусаў цяпла. У такую гарачую пару ўсё больш людзей цягнецца да вады. Але ня ўсюды можна купацца.


Паводле Гомельскай абласной санітарнай службы, сёлета мясцовыя ўлады вырашылі упарадкаваць 50 зон адпачынку ля вадаёмаў. Але далёка ня ўсюды мясцовыя жыхары могуць скарыстаць водную прахалоду.

Асабліва засмучае стан вадаёмаў у Буда-Кашалёўскім раёне. З прычыны мікрабіялягічных паказьнікаў і адсутнасьці ўладкаваньня забаронена купацца ў зонах адпачынку паселішчаў Камунар, Дуравічы, Крыўск, Кашалёва, Чырвоны Сьцяг, Патапаўка.

Кіраўнік раённага таварыства выратаваньня на вадзе Ўладзімер Дзегцяроў апавёў:

"Трэба сёе-тое пачысьціць, паставіць разьдзявалкі, ценевыя навесы ды іншае. Я толькі ад намесьніка старшыні райвыканкаму выйшаў. Мы вырашаем гэтае пытаньне. Вызначаны тэрміны — да серады гэтае пытаньне павінна быць вырашана".

Раённая камунальная служба тэрмінова абсталёўвае азярцо ля паселішча Камунар. Парадкуюць пляжныя зоны і ў іншых месцах. Аднак ня ўсё ідзе гладка.

Дырэктар КСУП "Патапаўскі" Вячаслаў Зянькоў сьцьвярджае, што на ачыстку тамтэйшага вадаёму бракуе сродкаў:

"Патрэбны грошы для ачысткі вадаёму. Трэба адпампоўваць ваду, патрэбны экскаватар. Там дно ўсыпана ўсялякім друзам. Яно зараз цьвіце. Для нас гэта вялікія грошы — іх проста няма. Цяперашнім летам дай бог, каб да канца ўпарадкавалі возера Муравескае. Мы з гэтым адным возерам працуем — там людзі купаюцца".

У Карме з ініцыятывы раённага таварыства выратаваньня на вадзе сёлета ўпарадкавалі возера Сырскае, якое знаходзіцца, па сутнасьці, на ўскрайку раённага гарадку.

Адзін зь мясцовых жыхароў распавёў:

"Два катамараны стаіць, лодкі стаяць. У зоне адпачынку камунгас паставіў разьдзявалачкі, альтанкі, месцы для вогнішчаў. Падыходы зрабілі, масткі для рыбаловаў".

Аднак усе гэтыя высілкі застаюцца пакуль марнымі. На Сырскім возеры, воднае люстэрка якога займае 7 гектараў, купацца ніяк нельга — забараніла санслужба.

Галоўны ўрач раённага цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі Марыя Козіч кажа пра небясьпеку, якую ўтрымлівае азёрная вада:

"Прычына ў тым, што вада ў возеры не адпавядае санітарным нормам і правілам паводле якасьці й бясьпекі. Знойдзена кішэчная палачка, якая перавышае нарматыўны дапушчальны ўзровень у 3 разы".

Возера Сырскае сілкуецца грунтовымі водамі. У зоне адпачынку знаходзіцца жывёлагадоўчая фэрма СПК "Нова-Зянькоўскі". Эколягі мяркуюць, што якраз фэрма й забруджвае возера.

Паводле плянаў райвыканкаму, згаданую фэрму сельгаскаапэратыў мусіць закрыць у траўні-чэрвені. Аднак гэтага пакуль не адбылося, і цяпер мясцовыя жыхары толькі са скрухай паглядаюць на азёрную прыгажосьць з лодкамі й катамаранамі.
XS
SM
MD
LG