Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Перш за ўсё ён быў літоўцам, а ўжо потым палітыкам, партыйцам, кіраўніком краіны", — так сказаў пра Альгірдаса Бразаўскаса былы сьпікер Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч. Думкі беларускіх палітыкаў пра першага прэзыдэнта Літоўскай Рэспублікі Альгірдаса Бразаўскаса.


Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь у 1994—96 гадах Мечыслаў Грыб упершыню пазнаёміўся з Альгірдасам Бразаўскасам на міжнародным саміце ў Румыніі ў 1994 годзе.

"Яго разважаньні, яго падыход да справы, да Беларусі мне вельмі падабаўся. Ён выступаў і падтрымліваў сувэрэннасьць і незалежнасьць Беларусі. Потым мы сустракаліся і значна пазьней, калі ён узначальваў сацыял-дэмакратычную партыю Літвы. Ён нас прымаў, выказваў паразуменьне нам і арганізоўваў неабходную падтрымку нашым сябрам сацыял-дэмакратам".

Спадар Грыб падкрэсьліў, што фігура Бразаўскаса выходзіць па-за межы Літвы, таму ягоныя аднапартыйцы-грамадоўцы выказалі спачуваньне ня толькі літоўскаму народу, але і сусьветнай палітычнай супольнасьці.

Унікальнай для найноўшай гісторыі лічыць асобу Альгірдаса Бразаўскаса і былы дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Алег Трусаў:

"Самы вялікі яго ўнёсак, дарэчы, — тое, што ён фактычна пачаў ліквідоўваць КПСС. Яго партыя разам з кіраўніком першая выйшла з КПСС і ўзяла курс на незалежнасьць. Гэтая зьява ў палітычнай гісторыі самая ўнікальная. Я памятаю, як гэта адбывалася ў 1989—90 гадах, калі з КПСС выйшла цэлая партыя рэспублікі, на чале зь яе кіраўніком. Яны потым зьмянілі назву, сталі называцца Партыяй працы. Ну, і дзякуючы яму, не ўдалося захапіць Літву. Тады, калі савецкія танкі нападалі на Вільню, то Бразаўскас быў з народам. А што тычыцца культуры, то дзякуючы яму ў Вільні паўстаў адбудаваны замак вялікіх князёў літоўскіх. Каб ня ён, ніхто б яго не адбудоўваў".

Літва страціла свайго вялікага сына, бо ўсё, што рабіў Бразаўскас і як прэзыдэнт, і як прэм’ер, і як кіраўнік партыі, ён рабіў для свайго народу, зазначыў сьпікер Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь у 1991—94 гадах Станіслаў Шушкевіч.

"Ён змог ва ўсіх сытуацыях заставацца перш за ўсё літоўцам, а ўжо пасьля там, як патрабаваў час — камуністам, як патрабаваў час — дэмакратам. У яго было вельмі яснае мысьленьне, вельмі хуткая рэакцыя. Зь ім можна было хутка дагаварыцца: вырашыць пытаньне альбо ўсьвядоміць, што яно зьяўляецца невырашальным. Я шчыра сумую, што ён памёр, і думаю, што Літва страціла свайго дастойнага сына".
XS
SM
MD
LG