Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На гатычны храм у Наваградку ставяць цыбуліны


Цыбулепадобныя купалы ўжо стаяць побач з царквой. Фота Зміцер Рагачоў

Цыбулепадобныя купалы ўжо стаяць побач з царквой. Фота Зміцер Рагачоў

Кіраўнік Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч дамагаецца ад наваградзкіх уладаў спыніць рэканструкцыю Барысаглебскай царквы, падчас якой аўтэнтычныя шатровыя завяршэньні вежаў, якія фланкуюць галоўны фасад, мяркуецца замяніць цыбулепадобнымі купаламі.

Спадар Астаповіч распавядае, што Барысаглебская царква ХІІ–ХVIІ ст. у Наваградку — адна з найдаўнейшых цэркваў Беларусі. Яна мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці 1-й катэгорыі, гэта значыць — сусьветнага значэньня.

Зь яго слоў, заплянаваныя працы ў пэрспэктыве неабгрунтавана зьменяць аўтэнтычны воблік помніка архітэктуры, і таму ён адразу забіў трывогу.

Астаповіч: "Сёньня раніцай я размаўляў зь Ігарам Чарняўскім, начальнікам упраўленьня Міністэрства культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Ніводнага ўзгадненьня на правядзеньне працаў няма. На аб’ект прызначаны навуковы кіраўнік, афіцыйна вядуцца праектныя працы, але ніводнае праектнае рашэньне не прайшло ўзгадненьня ў Міністэрстве культуры".

Сучасны выгляд Барысаглебскай царквы ў Наваградку. Фота: globus.tut.by
Такім чынам, спадар Астаповіч сьцьвярджае, што груба парушаецца беларускае заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, і патрабуе ад наваградзкіх уладаў спыніць незаконныя працы і скласьці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да прыходу Барысаглебскай царквы гораду Наваградку.

Айцец Мікалай Орса, настаяцель царквы, заявіў: "Міністэрства культуры дало нам навуковага кіраўніка. Мы падалі ўсе неабходныя паперы ў Міністэрства культуры на паседжаньне Рады, і праект, прадстаўлены намі, быў зацьверджаны".

Айцец Мікалай таксама дадаў, што царква аднаўляе купалы такія, якімі яны былі з часоў пасьля скасаваньня уніі і да 1991 году. Маўляў, царква адпачатку, у 1519 годзе, была збудавана як праваслаўная. Зь яго слоў, пакрыцьцё цяперашніх вежаў згніло і вада разбурае храм.

У Наваградзкім райвыканкаме ведаюць пра рэканструкцыю старадаўняй царквы. Я прывёў довады спадара Астаповіча спэцыялісту ідэалягічнага аддзелу Івану Грыню, на што ён адказаў:

Грынь: "Усё, што робіцца на купалах Барысаглебскай царквы, узгоднена зь Міністэрствам культуры, і ёсьць навуковы кіраўнік праекту. І робяць яны там усё вельмі асьцярожна…"

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG