Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Кіргізстану - без прыстаўкі “часовы”


Учора ў Кіргізстане прайшоў рэфэрэндум па новай Канстытуцыі, якая ператварае краіну ў парлямэнцкую рэспубліку. Паводле вынікаў падліку, больш за 90% выбаршчыкаў выказаліся ў падтрымку часовага ўраду і ўхвалілі новую Канстытуцыю.

У галасаваньні па краіне ў цэлым узяло ўдзел больш за 60% выбарцаў. У паўночных рэгіёнах краіны і ў Бішкеку яўка перавысіла 70%. На поўдні, які нядаўна быў ахоплены масавымі сутыкненьнямі на этнічнай глебе, яўка была каля 50%. Падчас гэтых сутыкненьняў паводле афіцыйных дадзеных 275 чалавек былі забітыя, тысячы – параненыя, каля 400 тысяч чалавек сталі ўцекачамі. У нядзелю, ў дзень галасаваньня многія жыхары гарадоў і вёсак на поўдні краіны баяліся выходзіць са сваіх дамоў, у некаторых пашпарты былі згубленыя падчас уцёкаў ад пагромаў.

Кіраўніца часовага ўраду Роза Атунбаева галасавала ў горадзе Ош на поўдні краіны, які нядаўна быў цэнтрам міжэтнічнай разьні, у горадзе дагэтуль разбурана шмат будынкаў.

Назіральнікі АБСЭ ў цэлым станоўча ацанілі хаду рэфэрэндуму ў Кіргізстане, яны адзначылі празрысты характар плебісцыту і яго добрую арганізацыю. Аднак назіральнікі АБСЭ заўважылі, што падчас галасаваньня адбываліся некаторыя працэдурныя парушэньні.

Падчас рэфэрэндуму былі прынятыя строгія захады бясьпекі, парадак падтрымлівалі 8 тысяч паліцыянтаў і 12 тысяч мабілізаваных памочнікаў паліцыі. Войска было прыведзенае ў стан баегатовасьці.

Некаторыя крытыкі выказвалі меркаваньне, што рэфэрэндум ня варта было праводзіць цяпер, пасьля ўспышкі гвалту на поўдні краіны. Аднак кіраўнікі часовага ўраду падкрэсьлівалі, што ўладзе патрэбна легітымізаваць сябе як мага хутчэй, падвесьці легітымны падмурак пад сваё кіраваньне і пад парлямэнцкія выбары, якія прызначаныя на кастрычнік гэтага году.

Сёньня, пасьля абнародаваньня папярэдніх вынікаў галасаваньня Роза Атунбаева заявіла:

“Пасьля інаўгурацыі я атрымліваю паўнамоцтвы прэзыдэнта. Я пачынаю фармаваць урад, які ўжо ня будзе мець прыстаўкі часовы”.

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў падчас саміту G20 ў Таронта выказаў пэўны скепсіс наконт далейшых пэрспэктываў Кіргізстану:

“Я ня вельмі сабе ўяўляю, як мадэль парлямэнцкай рэспублікі будзе працаваць у Кіргізіі. Ці не ператворыцца гэта ў шэраг бясконцых праблем, ператасовак у парлямэнце, і ці ня будзе гэта ў рэшце рэшт спрыяць прыходу да ўлады сілаў, якія маюць экстрэмісцкі накірунак”.

Прэзыдэнт Расеі падкрэсьліў, што пабудова палітычнай сыстэмы – унутраная справа Кіргізстану, аднак выказаў перасьцярогу наконт пагрозы распаду гэтай краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG