Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На традыцыйную канфэрэнцыю па пытаньнях бясьпекі і ўсходняй палітыкі ў нямецкім Нюрнбэргу, якую ладзіў вядомы лібэральна-дэмакратычны палітык, у мінулым дэпутат Бундэстагу Гільдэбрэхт Браўн, запрашаліся кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў, колішні ўкраінскі прэм’ер Юлія Цімашэнка, экс-міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг.

Прысутнасьць гэтых высокіх гасьцей, паводле нямецкіх аглядальнікаў, надала б вастрыні абмеркаваньню геапалітычных складанасьцяў, якія нясе Беларусі і Ўкраіне знаходжаньне паміж Расеяй і ЭЗ. Аднак у апошні момант усе трое адмовіліся ад удзелу, што выклікала пэўнае расчараваньне ў нямецкай аўдыторыі.

Тым ня менш тыя прадстаўнікі Беларусі і Ўкраіны, якія замянілі ў Нюрнбэргу Мартынава і Цімашэнку — беларускі амбасадар у Бэрліне Андрэй Гіро і колішні віцэ-прэм'ер Украіны Грыгорый Нямыра аказаліся вартымі тых гасьцей, якіх чакалі першапачаткова. Зь іхніх выступаў можна было скласьці поўны малюнак таго, наколькі складана колішнім саюзным рэспублікам займаць пазыцыю паміж Усходам і Захадам.

Мы адчуваем сябе эўрапейцамі", адзначыў Гіро


Як піша выданьне "Nürnberger Nachrichten", удзельнікі імпрэзы зь цікаўнасьцю слухалі выступ беларускага дыплямата Андрэя Гіро, які ўразіў усіх выдатнай нямецкай мовай і пачуцьцём гумару. Шмат каго зьдзівіла ацэнка, якую амбасадар даў сытуацыі ў Беларусі, краіне, якую прынята лічыць "апошняй дыктатурай Эўропы".

"Мы адчуваем сябе эўрапейцамі", адзначыў Гіро і перасьцярог адносна выбару паміж Усходам і Захадам, пра які кажуць у ЭЗ.

У часе выступу амбасадар рэклямаваў сваю краіну для інвэстараў. Таксама ён паскардзіўся на тое, што зь Беларусі зрабілі "краіну-ізгоя". Дадаў, што на яго краіну прыпадае 8% ад усёй вытворчасьці трактараў у сьвеце, што Беларусь — лідэр у вытворчасьці грузавых аўтамабіляў, што пасьля Чарнобыльскай катастрофы тут была створаная сыстэма сучаснай мэдычнай дапамогі і г.д.

Крыху цяжэй было з адказамі на пытаньні пра палітычныя свабоды ў краіне, пра скаргі апазыцыі на перасьлед з боку ўладаў.

На гэта дыплямат адказаў, што ў краіне існуюць 17 партыяў, 200 няўрадавых арганізацыяў, а ў газэтным шапіку ў будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі прадстаўленыя ўсе выданьні, ад левых да правых. У залі не знайшлося нікога, хто мог бы зь веданьнем справы сказаць нешта супраць, піша выданьне Nürnberger Nachrichten.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG