Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Сяргеем Каваленкам перанесены


Віцебскі актывіст больш за двое сутак правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Ён быў затрыманы 25 чэрвеня, і пры ім знайшлі бел-чырвона-белы сьцяг.


З ізалятара Сяргея Каваленку прывезьлі ў Першамайскі райсуд, аднак актывіст заявіў, што яму патрэбны адвакат. І працэс перанесьлі на няпэўны тэрмін — апазыцыянэру загадалі чакаць позвы.

Спадар Каваленка кажа, што нават не чытаў міліцэйскага пратаколу, які павінен быў сёньня разглядацца ў судзе. Бо з абвінавачаньнем у дробным хуліганстве — такую прычыну затрыманьня яму назвалі ў міліцыі — актывіст катэгарычна ня згодны.

Ён распавёў, што 25-га чэрвеня, калі ён ішоў да плошчы Перамогі, дзе меліся адбыцца сьвяточныя мерапрыемствы ў гонар Дня гораду, на скрыжаваньні Маскоўскага праспэкту і вуліцы Чкалава яго перастрэлі міліцыянты. Супрацоўнікі міліцыі заявілі, што ён падобны да злачынцы, які падазраецца ў крадзяжы, і загадалі ехаць зь імі ў пастарунак. Пры даглядзе асабістых рэчаў у Першамайскім РАУС у актывіста знайшлі бел-чырвона-белы сьцяг.

Сяргей Каваленка лічыць, што за ягонымі перасоўваньнямі па горадзе сачылі, а само затрыманьне было прэвэнтыўным. На ягоную думку, міліцыянты знарок зьмясьцілі яго пад варту, пакуль у горадзе ішлі масавыя мерапрыемствы — каб ён ня вывесіў дзесьці ў людным месцы бел-чырвона-белы сьцяг.

Сьцяг, знойдзены ў актывіста, згадваецца толькі ў вопісе рэчаў віцебскага сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Паводле Сяргея Каваленкі, у пастарунку яму паведамілі, што знойдуць любую іншую прычыну, каб толькі зьмясьціць яго за краты на пэўны час. І ёсьць небясьпека, што ў зьняволеньне ён можа трапіць надоўга. Месяц таму Сяргею Каваленку прысудзілі тры гады абмежаваньня волі ўмоўна за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой ёлцы 7-га студзеня.

Гэта значыць, актывіста пакінулі на волі, аднак калі ён будзе парушаць грамадзкі парадак, суд мае права зьмяніць пакараньне — зьмясьціць Каваленку на "хімію" або ў турму.

За мінулыя два месяцы актывіста ўжо тры разы затрымлівалі нібыта за дробнае хуліганства — цяпер, напярэдадні сьвяткаваньня Дня гораду, і двойчы ў траўні — напярэдадні адзначэньня Дня Перамогі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG