Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ізраілю забаронена лётаць над Турцыяй


Турцыя закрыла сваю паветраную прастору для самалётаў Ізраілю. З такой заявай выступіў прэм'ер-міністар Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган.

Забарона стала рэакцыяй ураду краіны на атаку ізраільскімі спэцслужбамі аднаго з караблёў "флятыліі свабоды", у выніку якой загінулі 8 грамадзян Турцыі і 1 чалавек, які меў падвойнае грамадзянства – Турцыі ды ЗША.

Аб тэрмінах дзеяньня забароны і іншых падрабязнасьцях пакуль не паведамляецца, перадае Associated Press са спасылкай на турэцкія СМІ.

Раней Турцыя ўжо адклікала з Ізраілю свайго амбасадара і адмяніла сумесныя ваенныя вучэньні. Ва ўрадзе заяўлялі, што гандлёвыя і ваенныя сувязі з Ізраілем будуць абмежаваныя, пакуль Ізраіль не выступіць з афіцыйнымі выбачэньнямі.

Акрамя таго, Турцыя настойвае на вяртаньні ёй захопленых караблёў, на якіх перавозіліся гуманітарныя грузы для сэктару Газы, а таксама на правядзеньні міжнароднага расьсьледаваньня і выплаце кампэнсацый за загінулых.

З адпаведнай заявай таксама выступіў прэзыдэнт Турцыі Абдулах Гюль, які сказаў, што Ізраіль дапусьціў самую вялікую памылку ў сваёй гісторыі, напаўшы на "флятыліі свабоды". "Турцыя не даруе гэтага і ніколі не забудзе. Нашы адносіны ўжо не будуць ранейшымі", – сказаў турэцкі прэзыдэнт. Па словах Гюля, нават калі Ізраіль прызнае сваю памылку, ужо будзе немагчыма вярнуць двухбаковыя адносіны на ранейшы ўзровень.
XS
SM
MD
LG