Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Так пракамэнтавалі газавую вайну паміж Масквой і Менскам, з-за якой на адыходзячым тыдні моцна нэрвавала Эўропа, нямецкамоўныя СМІ.


Як піша нямецкае спэцыялізаванае інтэрнэт-выданьня Gasanbieter.net, нягледзячы “на ўсе прыкметы рашэньня газавай спрэчкі, адносіны паміж дзьвюма краінамі зноў пагоршылася, ня выключана, што неўзабаве трэба чакаць новай эскаляцыі стасункаў.

Паводле кіраўніка расейскага фонду эфэктыўнай палітыкі Кірыла Танаева, якога цытуюць нямецкамоўныя інтэрнэт-выданьні, сэнс гэтай газавай вайны, як абазначыў яе беларускі кіраўнік Лукашэнка, застаецца незразумелым. Бо войны маюць стратэгічныя мэты і тактычныя рэсурсы. У канкрэтным выпадку ні тое, ні другое нельга ўспрымаць сур’ёзна.

Наўрад ці беларускаму лідэру трэба чакаць за гэты канфлікт падзякі з боку беларусаў. У Эўропе Беларусь набыла рэпутацыю ненадзейнай краіны – транзытнага партнэра.

Калі хто і павінен дзякаваць Лукашэнку, дык гэта Варшава. Улічваючы магчымыя наступствы канфлікту на леташнім прыкладзе з Украінай, Эўракамісія паклала 360 млн. эўра для будаўніцтва дадатковых ёмістасьцяў для газу, а гэта добрыя інвэстыцыі.

Аналізуючы паводзіны Масквы ў апошняй газавай спрэчцы зь Менскам, заходнія экспэрты адзначаюць, што Расея выкарыстоўвае энэргетычныя канфлікты дзеля ціску на сваіх суседзяў з мэтай атрыманьня палітычных саступак.

Як піша чэскае выданьне iHNed.cz, “вядома, многа можна зьвесьці да асабістай антыпатыі паміж Пуціным і Лукашэнкам… Сьпіс прэтэнзіяй Крамля да Лукашэнкі вялікі. Многія ня могуць дараваць, што Беларусь, быццам бы галоўны хаўрусьнік Масквы, не прызнала Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

“Маскву раздражняюць таксама кантакты Менска зь вялікім ворагам Пуціна беглым алігархам Беразоўскім. Ён, кажуць, садзейнічаў таму, каб зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Бакіеў хаваўся ў Беларусі. Такі крок Маскву ня надта ўзрадаваў”.

Тым часам амэрыканскія аўтары артыкулу Джон Марон і Пітэр Бірн, надрукаваным у англамоўным кіеўскім выданьні Kyiv Post, увогуле не выключаюць, што “галоўнай мэтай расейскага кіраўніцтва з’яўляецца адстаўка – ці хаця б істотнае паслабленьне пазыцыяў – Аляксандра Лукашэнкі, аўтарытарнага прэзыдэнта былой савецкай рэспублікі з насельніцтвам у 10 мільёнаў чалавек”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG