Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты з Горадні, Мастоў, Ваўкавыску, Менску, Сьвіслачы ўпарадкавалі сёньня былую сядзібу Ларысы Геніюш у Жлобаўцах, што недалёка ад Ваўкавыску. Працавалі і марылі, што некалі на гэтым месцы адновяць былую сядзібу, дзе мінулі дзіцячыя і юнацкія гады Ларысы Геніюш.


На месцы былой сядзібы толькі муры дому, зарослыя кустамі і дрэвамі. Перад пачаткам працы літаратар Міхась Скобла кажа, што тут набіралася беларускасьці Ларыса Геніюш. І просіць прысутных паслухаць жывога сьведку, сталага чалавека, Сьцяпана Навіцкага, які добра памятае, як тут стаяў вялікі дом сям’і Міклашэвічаў.

Расказвае Сьцяпан Навіцкі (справа).
У таго цякуць сьлёзы, ён жыве побач і кажа, што ніколі нават ня марыў, што нехта некалі прыедзе сюды навесьці парадак у гэтым зарослым месцы, дзе жылі такія цудоўныя людзі. Асабліва спадар Сьцяпан узгадвае бацьку Ларысы Геніюш — Антона Міклашэвіча, у якога часта працаваў па найме.

Навіцкі: «Перакінецца з лубінам воз, ён падыходзіць і адной рукою яго падымае. А калі конь заваліцца ў балота, то ён бярэ за хвост і выцягвае. От, здаровы быў мужчына. Кажух доўгі чорны меў, ой, які мужчына быў…»

Спадар добра памятае, як бальшавікі адабралі ў Міклашэвічаў дом, як вывезьлі іх сям’ю, гэта было ў 1940-м годзе. А Міхась Скобла зацытаваў дакумэнт, паводле якога арыштоўвалі сям’ю Міклашэвічаў.

Скобла: «І самае цікавае, што ў гэтым сьпісе на высяленьне значыцца і Міклашэвіч Ларыса Антонаўна. Яна ўжо два гады жыла ў Празе, а яе тут раскулачвалі і высылалі. Ларыса Геніюш мела шанец яшчэ ў 40-м годзе выехаць у ГУЛАГ».

Усе ўжо працуюць. Падыходжу да Міколы Кавальчука з Ваўкавыску. Ён адшукаў дом Ларысы Геніюш, які ў 1948 годзе перавезьлі адсюль у Ваўкавыск і які дагэтуль там захаваўся.

Мікола распавядае, што неўзабаве на доме павінна зьявіцца адпаведная шыльда.

Павал Мажэйка выцірае з ілба пот: «Мы паказваем найперш самі сабе, што мы памятаем пра Лакрысу Геніюш, а ў яе асобе і пра ўсіх, хто спрычыніўся да таго, каб Беларусь набыла незалежнасьць».

Ваўкавыскі краязнаўца Мікалай Быхаўцаў: «Я вельмі спадзяюся, што на гэтым падмурку мы адновім сядзібу Ларысы Геніюш, прыйдзе час».



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG