Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве завяршыўся сацыяльны форум


Уладзімер Някляеў кажа пра мэдыцыну

Уладзімер Някляеў кажа пра мэдыцыну

У Магілёве завяршыўся IV Сацыяльны форум. Цягам двух дзён яго ўдзельнікі абмяркоўвалі сытуацыю ў ахове здароўя і ўносілі прапановы па ўдасканаленьні галіны. Акрамя таго на форуме пастанавілі стварыць экспэртны савет пры дабрачынным фондзе «Шчырасьць». Гэты фонд склікаў форум.


Першы зварот, які прынялі ўдзельнікі форуму, тычыўся, аднак, не пытаньняў яго павесткі дня, а перашкодаў, зь якімі сутыкнуліся арганізатары. Фонду «Шчырасьць» двойчы адмаўлялі ў арэндзе памяшканьняў, на якія была папярэдняя дамоўленасьць.

Віктар Гарбачоў
«Мы абураныя той сытуацыяй, якая складваецца вакол форуму няўрадавых арганізацыяў. Мы патрабуем ад улады ў далейшым спыніць вось такі ціск», — пераказаў сутнасьць звароту старшыня праўленьня фонду «Шчырасьць» Віктар Гарбачоў.

Як зазначае спадар Гарбачоў у форуме меліся ўзяць удзел да 120 чалавек. Прысутнічала ж сорак. Замест трох дзён мерапрыемства доўжылася толькі два.

Тэма па выпрацоўцы рэкамэндацыяў па ўдасканаленьні аховы здароўя ў Беларусі была асноўнай. Удзельнікі форуму шмат казалі пра праблемы гэтай галіны.

Васіль Аўраменка
«У нашай мэдыцыне не працуюць эканамічныя мэханізмы. Гэта асноўная праблема, якая не дазваляе эфэктыўна выкарыстоўваць сродкі, што выдзяляюцца на мэдыцыну. Варта сказаць, што яны не малыя. Пяць працэнтаў ад унутранага валавога нацыянальнага прадукту — гэта ня мала. Рацыянальнае выкарыстаньне гэтых сродкаў — гэта мэтад выпраўленьня хібаў», — зазначыў сябра магілёўскай няўрадавай арганізацыі «Лекарскі саюз» Васіль Аўраменка.

Браў удзел у дыскусіі й кіраўнік грамадзкай установы «Рух наперад» Уладзімер Някляеў. Асноўнай праблемай беларускай мэдыцыны ён называе нястачу сродкаў:

«Хутчэй за ўсё, бліжэйшым часам мы дадатковых сродкаў не атрымаем. Значыць трэба думаць, як скарыстаць тыя, якія выдзяляюцца дзяржавай, і нешта да іх дадаць. Я думаю, што самым эфэктыўным шляхам будзе легалізацыя платных паслугаў у мэдыцыне. Усе ведаюць, што за ўсё мы плацім, толькі часьцяком пад сталом. Трэба вынесьці гэта на стол, каб была папера, на якой была напісана, за што заплачана».

Уздымаліся на форуме й праблемы, зьвязаныя з наступствамі чарнобыльскай катастрофы. Яны, паводле сакратара прэзыдыюму няўрадавай арганізацыі «Камітэт дзеці Чарнобыля», Тамары Белавокай, у Беларусі замоўчваюцца:

«Статыстычныя зьвесткі да канца дзевяностых гадоў па ўсіх абласьцях нівэліраваліся. Мінулі гады, і сёньня ў разы захворвальнасьць дзяцей Гомельшчыны вышэйшая, чым на Гарадзеншчыне. Чаму? Яны жывуць у тых умовах, іх нараджаюць хворыя бацькі. Іх разьвіцьцё ўва ўсе пэрыяды росту арганізму адбываецца ў неспрыяльных умовах, мякка кажучы. У жахлівых умовах».

Сярод рэкамэндацыяў па ўдасканаленьні беларускай мэдыцыны называліся зьмены ў функцыянаваньні кіроўнага апарату галіны, рэгулярнае правядзеньне мэдыка-гігіенічнага маніторынгу, падрыхтоўка мэдпэрсаналу, які б спэцыялізаваўся на лекаваньні хваробаў, зьвязаных з экалёгіяй чалавека. Гучалі прапановы па павышэньні эфэктыўнасьці дыспансэрызацыі дзяцей.

Рэкамэндацыяў, аднак, выкладзеных у асобным дакумэнце і зацьверджаных удзельнікамі форуму, прадстаўлена не было. Іх сфармуюць пазьней, так паведамілі арганізатары.

Агучаныя праблемы беларускай мэдыцыны ўдзельнікі форуму казалі самі сабе, бо прадстаўнікоў ад улады на форуме не было. Хаця іх і запрашалі.

Пастанавілі ўдзельнікі форуму стварыць экспэртны савет. Ён будзе даносіць да міністэрстваў праблемы, якія выявілі няўрадавыя арганізацыі й якія зьяўляюцца актуальнымі для розных сацыяльных груп.
XS
SM
MD
LG