Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Газпром» ня згодны зь меркаваньнем Аляксандра Лукашэнкі пра палітычны ціск на Менск напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.


Афіцыйны прадстаўнік «Газпрому» Сяргей Купрыянаў у інтэрвію тэлеканалу «Эўраньюс»: «Трэба, сказаўшы „а“, сказаць і „б“: у чым менавіта палягае гэты ціск і якіх менавіта мэтаў мы спрабуем дасягнуць такім чынам».

«Цяпер канфлікт практычна вырашаны. Чаго мы дабіліся, апроч тых сродкаў, якія і так павінныя былі атрымаць? Ніякіх тлумачэньняў, у чым жа, уласна, палягае гэты палітычны ціск і што стаіць за нашымі патрабаваньнямі. Лічыцца, што гэта нібыта само сабой зразумела. Выкарыстоўваецца такі ўстояны, ходкі штамп — і ня робяць ласкі патлумачыць, а што ж яны маюць на ўвазе».

Паводле слоў Купрыянава, «Газпром» неаднаразова зьвяртаўся да беларускіх калегаў «з законнай просьбай, ці, можна сказаць, патрабаваньнем, сплаціць назапашаную запазычанасьць за пастаўкі газу»:

«Аднак гэтага зроблена не было да апошняга часу. Пры гэтым, калі гаворка ідзе пра тое, што існавала нейкая сустрэчная запазычанасьць, трэба разумець, што мы дзейнічаем у строгай адпаведнасьці з кантрактам, у якім дакладна прапісаныя і прынцыпы вызначэньня цаны, і прынцыпы вызначэньня тарыфу на транзыт»

Калі гаворка ішла пра плацёж нам, нашыя беларускія калегі хацелі плаціць меней, а калі гаворка ішла пра плацёж з нашага боку — атрымліваць болей.
«У гэтым выпадку, калі гаворка ішла пра плацёж нам, нашыя беларускія калегі хацелі плаціць меней, а калі гаворка ішла пра плацёж з нашага боку — атрымліваць болей», — патлумачыў Купрыянаў. Да жалю, адзначыў ён, гэтая сытуацыя паўтараецца вельмі часта:

«Цягам дзеяньня цяперашняй дамовы на пастаўку й транзыт гэта, пэўна, прынамсі чацьвёрты або пяты такі выпадак, калі нам даводзіцца дастаткова жорсткія патрабаваньні выстаўляць нашым беларускім калегам, толькі пасьля чаго яны вяртаюцца да выкананьня кантракту».

Купрыянаў патлумачыў нежаданьне «Газпрому» чакаць сплаты запазычанасьці за газ цягам двух тыдняў, як прапаноўваў Менск:

«Можна было. Мы чакалі, ня толькі два тыдні — значна болей. Першае папярэджаньне Менск атрымаў у сакавіку, другое — у красавіку, цяпер чэрвень».

Паводле Купрыянава, канфлікт вычарпаны, але засталіся не да канца вырашаныя пытаньні:

«Мы аплацілі транзыт па стаўцы, дакладна зафіксаванай у кантракце. Нашыя беларускія калегі хочуць, каб яна была вышэйшай, але яны цудоўна ведаюць, якія менавіта крокі яны мусяць зрабіць для таго, каб гэта адбылося. Гаворка ідзе пра ўмовы працы кампаніі „Белтрансгаз“ на ўнутраным рынку Беларусі. Гэта ж ужо супольнае прадпрыемства, у якім нам належыць 50%, і, да жалю, пакуль яно працягвае кіравацца як міністэрства, а не камэрцыйная кампанія».

На гэты момант расейскі бок не выстаўляе ніякіх новых умоваў, «апроч своечасовай аплаты плацяжоў за пастаўлены газ у дакладнай адпаведнасьці зь дзейным кантрактам».

Купрыянаў: «З пачатку году нашы беларускія калегі плацілі за газ па цане, якая была вызначана імі самімі ў аднабаковым парадку ў разьліку на нейкія льготы ды прэфэрэнцыі, якія мы ім зробім. Ім было выразна сказана: для гэтага няма падставаў. Цяпер мы бачым, што яны пачалі плаціць па той цане, якая зафіксаваная ў кантракце. Мы разьлічваем на тое, што так будзе і надалей»

«Пры дакладным выкананьні кантракту абодвума бакамі — а мы да гэтага, безумоўна, гатовыя — ніякіх прычынаў і ўмоваў для ўзьнікненьня новага канфлікту няма. Калі нейкі з бакоў паспрабуе зьмяніць гэтыя ўмовы, тады, відавочна, могуць паўстаць тыя ці іншыя праблемы. Мы гэтага ня хочам, нам гэта не патрэбна».

Сяргей Купрыянаў таксама адзначыў, што цяперашні канфлікт ня мае дачыненьня да спрэчак вакол Мытнага зьвязу, паведамляе БелаПАН.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG