Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч паспрабуе прыцягнуць да суду сьледчых


Мікалай Аўтуховіч і ягоны адвакат робяць выпіскі з пратаколу судовага паседжаньня, каб выкарыстаць іх у скарзе на сьледчых. Уладзімер Асіпенка і Міхаіл Казлоў узнагароджаныя ганаровым мэдалём Кастуся Каліноўскага. Адвакат Андрэя Бандарэнкі падаў ад яго імя чарговую скаргу на прысуд.


Павал Сапелка
Ужо больш за два тыдні штодня Мікалай Аўтуховіч працуе з пратаколам працэсу, па выніках якога суд прызнаў яго вінаватым ў захоўваньні боепрыпасаў. Пра гэта паведаміў адвакат Павал Сапелка, які дапамагае свайму падабароннаму. Мэта — зьвярнуцца са скаргай на дзеяньні сьледчых , каб прыцягнуць іх да адказнасьці за фальшаваньне доказаў:

«Зараз мы ў працэсе вывучэньня пратаколу. Рыхтуемся. Цытаты як раз выпісваю, словы розных людзей, якіх прымушалі гаварыць...Зьвяртацца будзем, верагодна, у генэральную пракуратуру. Хаця ёсьць у нас пазыцыя і не зьвяртацца ў генэральную пракуратуру, паколькі гэта якраз тая установа, якая патрабавала для Аўтуховіча амаль што пажыцьцёвага зьняволеньня. Але ўсё ж зьвернемся туды.
Гэта дасьць нам падставы зьвяртацца ў наднацыянальныя органы з патрабаваньнем аднавіць Аўтуховіча ў ягоных правах.
Не разьлічваем, што будуць прынятыя нейкія рэальныя захады, але гэта дасьць нам падставы зьвяртацца ў наднацыянальныя органы з патрабаваньнем аднавіць Аўтуховіча ў ягоных правах».

На гэтым тыдні Мікалай Аўтуховіч спыніў галадоўку, якая працягвалася 6 дзён, пасьля таго, як на патрабаваньне вязьня яго ў камэры наведаў прадстаўнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Аўтуховіч абгаварыў зь міліцыянтам пытаньні лячэньня зубоў. Вязень мае патрэбу ў тэрміновым пратэзаваньні. Як пачуваецца Мікалай Аўтуховіч пасьля галадоўкі, стане вядома ў панядзелак, 28 чэрвеня. Аўтуховіча зьбіраецца адведаць адвакат Павал Сапелка.

Сябры Мікалая Аўтуховіча — Уладзімер Асіпенка і Міхаіл Казлоў — за асабістую мужнасьць і самаахвярнасьць былі ўзнагароджаныя ганаровым мэдалём Кастуся Каліноўскага. 24 чэрвеня мэдалі ўручылі прадстаўнікам вязьняў, бо тыя цяпер знаходзяцца ў калёніях.

Суд зьняў з Аўтуховіча і Асіпенкі абвінавачаньні ў падрыхтоўцы тэракту, але пакінуў іх за кратамі паводле іншых артыкулаў. Клюб беларускай інтэлігенцыі «Спадчына», якім кіруе Анатоль Белы і «Рух салідарнасьці «Разам» на чале зь Вячаславам Сіўчыкам мяркуюць, што гэта пэўная перамога грамадзкасьці і вынік асабістай мужнасьці Ўладзімера Асіпенкі і Міхаіла Казлова. Іх імёны, як раней Мікалая Аўтуховіча, таксама будуць занесеныя ў кнігу гонару «Твае рупліўцы, Беларусь».

Анатоль Белы ўручае мэдаль дачцэ Ўладзімера Асіпенкі Людміле.
Дачка Асіпенкі Людміла выказала падзяку за узнагароду.

«Вялікі дзякуй ад нашай сям’і, ад імя нашага бацькі. Калі б не грамадзкасьць, мы б не дамагліся таго, што суд даў меншае пакараньне, чым запатрабаваў пракурор. Гэты дыплём і ваша ўвага яшчэ раз даказваюць, што мой тата ні ў чым не вінаваты. Што гэта быў палітычна матываваны заказ. Канечне, паўтара году не вярнуць... Але спадзяюся, тыя, хто вінаваты ў незаконных дзеяньнях, адкажуць паводле закону».

У Бабруйскай калёніі працягвае галадоўку сябра АГП Андрэй Бандарэнка, паведаміла «Свабодзе» сястра вязьня Ірына Бандарэнка. Прадпрымальнік галадуе з 15 чэрвеня, ён патрабуе адмены прысуду і вызваленьня. Тым часам адвакат Зьміцер Лаеўскі падаў ад імя Бандарэнкі наглядную скаргу на прысуд старшыні Менскага гарадзкога суду.

Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Мікалай Аўтуховіч пакараны на 5 гадоў 2 месяцы зьняволеньня за незаконнае захоўваньне патронаў, Уладзімер Асіпенка атрымаў 3 гады за незаконнае абыходжаньне з зброяй. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, які нібыта дапамагаў Аўтуховічу і Асіпенку, пакараны 2 гадамі калёніі за невыкананьне службовых абавязкаў.

Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. У прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. Першы прысуд Бандарэнку, які летась вынес Першамайскі суд Менску, быў адменены, справу накіравалі на новы разгляд, але з другой спробы прадпрымальніка прызналі вінаватым у крадзяжы праз махлярства і асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
XS
SM
MD
LG