Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Менску рушыць штогадовая пілігрымка ў Будслаў


Будслаўскі фэст — 2009
Будслаўскі фэст — 2009

Зь Менску выпраўляецца штогадовая пілігрымка вернікаў-хрысьціянаў у Будслаў. Яна распачынаецца ў нядзелю 27 чэрвеня каля менскага архікатэдральнага касьцёла і завершыцца 1 ліпеня каля Нацыянальнага санктуарыю Маці Божай у вёсцы Будслаў. 2 ліпеня тут адбудзецца адна з найбуйнейшых каталіцкіх урачыстасьцяў краіны — сьвята Маці Божай Будслаўскай.


Пілігрымка распачнецца сьвятой імшой а 8:15 раніцы, якую ўзначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Архіпастыр дабраславіць удзельнікаў, якія затым і рушаць у пяцідзённы шлях. Акрамя менскіх вернікаў, у групу ўвойдуць прадстаўнікі парафій зь Нясвіжу, Бабруйску, Гомелю, а таксама з Расеі. Колькі чалавек зараз — нават цяжка падлічыць, кажа кіраўнік прэсавай службы а. Аляксандар Улас:

«Звычайна зь Менску выходзіць каля 300 чалавек. А колькасьць пілігрымаў, якія прыходзяць у Будслаў, значна большая. Бо да пілігрымаў далучаюцца многія іншыя групы па дарозе. Для гэтых людзей — гэта падзея ў жыцьці. Тым больш што калі чалавек аднойчы пайшоў і атрымаў досьвед гэтага духоўнага пілігрымаваньня, то ён яшчэ будзе імкнуцца пайсьці. Бо як і ўсялякае дабро, якое чалавек зьведаў у жыцьці, так і гэтае дабро чалавека вабіць да сябе».
Як і ўсялякае дабро, якое чалавек зьведаў у жыцьці, так і гэтае дабро чалавека вабіць да сябе.


Пілігрымка ў Будслаў зь Менску — найбольш шматлюдная, але не адзіная ў Беларусі. Да нацыянальнага санктуарыю ў пятніцу рушылі вернікі Баранавічаў, прыйдуць таксама групы зь Віцебску, Гародні і шмат якіх іншых гарадоў. Прычым ня толькі католікі, але і праваслаўныя, а таксама прадстаўнікі іншых канфэсій. Таксама штогод у беларускі Будслаў прыходзяць і прыяжджаюць вернікі Літвы, Польшчы і іншых краін. Многія зь іх менавіта да гэтай даты прымяркоўваюць свой асабісты адпачынак, як Тэрэза Марчанка зь менскай парафіі Маці Божай Ружанцовай:

«Мая дачка ўжо хадзіла, і некалькі разоў. І казала, што гэта столькі радасьці, столькі шчасьця, што дайшоў, пераадолеў сябе. Таму і я ўзяла адпачынак, каб выкарыстаць гэткім чынам. А я іду, каб падзякаваць Маці Божай за ўсе даброты, папрасіць апекі для сваёй сям’і, для родных і для ўсёй Беларусі. Спадзяюся, што дайду, калі нават мазалі будуць — усё ж пяць дзён ісьці. Думаю, што ўсё будзе добра».

Сёлетняя пешая пілігрымка ў Будслаў — юбілейная: 20-я пасьля пэрыяду ваяўнічага атэізму. Але нават у савецкія часы вернікі шукалі магчымасьці дабрацца да Будслава, каб памаліцца каля абраза Маці Божай. Гэтак Будслаўская сьвятыня застаецца адной з галоўных каштоўнасьцяў, а сьвята — самым чаканым, кажа а. Аляксандр:

«Я памятаю як мая бабця распавядала мне, як яна з суседзямі шукала каня, каб даехаць зь Менску ў Будслаў на фэст. А гэта было яшчэ ў 40-я гады. Таму для католікаў гэта было, ёсьць і спадзяюся, што будзе адным з галоўных і цэнтральных сьвятаў».

Штогод на будслаўскі фэст 1-2 ліпеня зьбіраюцца дзясяткі тысяч чалавек. Сёлета сьвяткаваньне ў Будславе можна будзе паглядзець і ў наўпроставай трансьляцыі праз інтэрнэт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG