Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў заклікаў Лукашэнку астыць і не займацца палітыканствам


Дзьмітрый Мядзьведзеў
Дзьмітрый Мядзьведзеў

Прэзыдэнт Расеі жортска адрэагаваў на пагрозу Аляксандра Лукашэнкі спыніць транзыт расейскага газа і нафты ў Эўропу, калі «Газпром» не даплаціць 32 мільёны даляраў за беларускі транзыт.

Расея спадзяецца, што Беларусь пасьля газавага канфлікту стане абачлівай і надалей будзе больш дасканала выконваць абавязацельствы па кантрактах аб пастаўках і транзыце расейскага газу.

Пра гэта заявіў прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзведзеў у ходзе відэаканфэрэнцыі з ЗША з Масквой, у якой прыняў удзел кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер, паведамляе 1 канал расейскага тэлебачаньня.

Мядзьведзеў наўпрост заклікаў беларускае кіраўніцтва астыць і не займацца палітыканствам:

«Тое, што беларускі бок расплаціўся, гэта добра. Хоць дзеля аб’ектыўнасьці трэба прызнаць, што ім трэба гэта было зрабіць раней, а не ствараць праблем, не назапашваць даўгі, і ў канчатковым рахунку, не ствараць падобную канфліктную сытуацыю. Я спадзяюся, што яны будуць абачлівымі. Будуць дасканала выконваць свае кантрактныя абавязацельствы».

Аляксей Мілер у ходзе канфэрэнцыі сказаў Мядзьведзеву, што дапаўненьні да кантракту па ўмовах транзыту расейскага газу праз Беларусь на 2010 год ужо ўзгодненыя:

«Мы падпішам гэты дакумэнт у бліжэйшы час. Аплата за транзыт да цяперашняга часу расейскім бокам, «Газпромам», ажыцьцяўлялася па базавай стаўцы, якая адлюстраваная ў кантракце, падпісаным у сьнежні 2006 года. У адпаведнасьці з гэтым кантрактам, калі няма дапаўненьня, як у нашым выпадку, на бягучы год, то дзейнічае базавая стаўка 1 даляр 45 цэнтаў за тысячу кубамэтраў на 100 кілямэтраў».

Дзмітрый Мядзведзеў адрэагаваў на гэта: «Гэта відавочна для любога чалавека, які валодае элемэнтарнымі юрыдычнымі ведамі, а не займаецца палітыканствам. Таму плаціць павінны па гэтай стаўцы. Як толькі яны дамовяцца з намі пра нейкую іншую стаўку, натуральна, мы будзем плаціць па іншай стаўцы. Усё астатняе — гэта эмоцыі, якія, як правіла, ствараюць дадатковыя праблемы.

Таму, я спадзяюся, яны трошкі ахалодзяцца, нашы партнэры, і будуць працаваць так, як прынята ў гэтых адносінах, будуць працаваць сумленна, па-партнэрску. Яшчэ раз паўтараю, не займаючыся палітыканствам, а добрасумленна выконваючы свае кантрактныя абавязацельствы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG