Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Тарасюк: Крэмль зыходзіць з імпэрскіх амбіцый


Барыс Тарасюк
Барыс Тарасюк

«Газпром» накіраваў Украіне заяўку на павялічэньне штодзённага транзыту газу ў Эўропу на 55-67 мільёнаў кубічных мэтраў. Пра гэта паведамілі ў Мінпаліваэнэрга Ўкраіны.


Яшчэ 22 чэрвеня, у разгар беларуска-расейскага газавага канфлікту, прэм’ер-міністар Украіны Мікола Азараў заявіў, што Ўкраіна можа пампаваць у Эўропу дадаткова ад 15 да 30 мільярдаў кубамэтраў расейскага газу на год.

Прапанову ўраду Ўкраіны камэнтуе былы міністар замежных спраў гэтай дзяржавы, дэпутат Вярхоўнай Рады Барыс Тарасюк:

«Папярэдняя ўлада наўрад ці дзейнічала б насуперак інтарэсам нашых беларускіх сяброў. Цяперашняя ўкраінская ўлада гатовая зрабіць усё што заўгодна для таго, каб задаволіць пажаданьні Масквы. Таму Менску тут няма чаго зьдзіўляцца».

Барыс Тарасюк выключае, што паміж Расеяй і цяперашняй Украінай можа зноў выбухнуць газавая вайна:

Цяперашняя ўкраінская ўлада гатовая здаць свае інтарэсы і пайсьці на любыя саступкі.
«Абодва бакі намагаюцца дзейнічаць у „гармоніі“, якая выяўляецца ў тым, што цяперашняя ўкраінская ўлада гатовая здаць свае інтарэсы і пайсьці на любыя саступкі».

Пазыцыю Менску ў апошнім газавым канфлікце з Масквою спадар Тарасюк назваў гульнёю:

«Гэта гульня, якую вядзе прэзыдэнт Лукашэнка падчас свайго знаходжаньня на пасадзе. З аднаго боку, стварэньне саюзнай дзяржавы і рыторыка адносна таго, што Масква адцягвае гэта, а зь іншага — намаганьне вытаргаваць як найбольш у адносінах з Расеяй… Беларусь для Расеі застаецца важным полем для геапалітычнай гульні, і наўрад ці Масква адмовіцца ад Беларусі ў гэтым сэнсе.

Крэмль заўсёды зыходзіў са сваіх імпэрскіх амбіцый і матываў, заўсёды быў высакамерным у адносінах да сваіх суседзяў і партнэраў. Таму размовы пра магчымыя прэфэрэнцыі Менску ці Кіеву з боку Расеі — гэта ілюзіі».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG