Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыяльны форум у Магілёве ўсё ж пачаўся


У чаканьні адкрыцьця форуму. Спакутаваныя ўдзельнікі.

У чаканьні адкрыцьця форуму. Спакутаваныя ўдзельнікі.

Сёньня ў Магілёве пачаўся чацьвёрты сацыяльны форум. Дабрачыннаму фонду «Шчырасьць», арганізатару мерапрыемства, двойчы адмаўлялі ў арэндзе памяшканьня. Больш за трыццаць прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў Беларусі вымушаныя былі сабрацца ў невялікім пакоі офісу фонду.

Адміністрацыя прэзыдэнта, палата прадстаўнікоў, а таксама аблвыканкам, прадстаўнікоў якіх запрашалі на форум, яго праігнаравалі. З замежнікаў на сацыяльнае мерапрыемства прыехаў толькі прадстаўнік амбасады Ўкраіны.

Удзельнікі сьпяшаюцца на форум у офіс фонду «Шчырасьць».
Адмовіла ў арэндзе памяшканьня для форуму кіраўніцтва і гасьцінічнага комплексу «Родник», і гасьцініцы «Магілёў». Адмову абгрунтавалі тым, што ў замоўленых залях вядзецца плянавы рамонт. Як сьцьвярджаюць арганізатары форуму, папярэдняя дамоўленасьць з кіраўніцтвам гасьцініц была дасягнутая напярэдадні й пра рамонт ніхто не казаў.

Абмеркаваўшы сытуацыю, арганізатары вырашылі правесьці форум у офісе дабрачыннага фонду «Шчырасьць». Яго старшыня праўленьня Віктар Гарбачоў ва ўступным слове зьвінаваціў уладу ў тым, што яна перашкаджае правесьці сацыяльнае мерапрыемства:

«Калі нас гоняць з памяшканьня ў памяшканьне, я магу сьмела казаць, што нас заганяюць у палітычнае гета. Мы гэтага ня хочам. Дзяленьне нас на правых і няправых — гэта пазыцыя слабых. Сёньня мне б хацелася настроіць вас на канструктыўны дыялёг між сабой. Перад намі стаіць задача кансалідаваць грамадзянскую супольнасьць для вырашэньня тых праблемаў, якія ёсьць».

Усім крэслаў у офісе не хапіла. Іх дастаўляе туды мужчынская палова форуму.
Праблемы з правядзеньнем форуму, як сьцьвярджаюць яго арганізатары, ужо атрымалі міжнародны розгалас.

«У парлямэнце Даніі разглядаецца пытаньне адмовы ў правядзеньні Сацыяльнага форуму. Нам паведамілі, што Данія дапускае адмову ў прадстаўленьні памяшканьня апазыцыі для яе мерапрыемстваў, але момант адмовы грамадзкасьці ў правядзеньні сацыяльнага форуму — гэта ўжо недапушчальна», зазначыў дырэктар дабрачыннага фонду «Шчырасьць» Ігар Каваленка.

Абураюцца сытуацыяй і запрошаныя на форум прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў і грамадзкасьці. Доктар тэхнічных навук, прафэсар Георгій Лепін неаднойчы сутыкаўся зь перашкодамі з боку ўлады:

«У свой час мы заікнуліся, што хочам стварыць рух „Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь“. Тут адбыўся выступ у Хойніках: „Гэта не навукоўцы, гэта бандыты ад навукі, гэта ворагі народу“. Вось так нас прадставілі публіцы. Варта сказаць адно слова, якое не адпавядае яго поглядам, і цябе тут жа пасадзяць на месца».

Старшыня праўленьня фонду «Шчырасьць» Віктар Гарбачоў (леваруч) і дырэктар фонду Ігар Каваленка (праваруч) адкрываюць форум.
Летась у трэцім сацыяльным форуме бралі ўдзел чыноўнікі абласной вэртыкалі. Пасьля рэзкіх выступаў іншых удзельнікаў форуму з крытыкаю на іх адрас яны з форуму сышлі. Паводле арганізатараў, праблемы з памяшканьнямі зьвязаныя, сярод іншага, і зь леташнім дэмаршам чыноўнікаў.

Удзельнікі чацьвёртага сацыяльнага форуму гэтым разам без чыноўнікаў абмяркуюць удзел грамадзкасьці ў рэфармаваньні аховы здароўя, а таксама паспрабуюць стварыць грамадзкую раду, якая б спрыяла вырашэньню актуальных сацыяльных праблемаў у Беларусі.

Замест трох дзён форум будзе працаваць толькі два. Чакаецца, што заўтра яго ўдзельнікі прымуць выніковыя рэзалюцыі.
XS
SM
MD
LG