Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубіні: Што рабіць, каб сьвет ізноў не абваліўся?


Нурыэл Рубіні
Нурыэл Рубіні

Прафэсар Нью-ёрскага ўнівэрсытэту Нурыэл Рубіні (Nouriel Roubini), які ў верасьні 2006 году прадказаў глябальны фінансавы крызіс, выкліканы абвалам гіпатэчных крэдытаў у ЗША, выдаў кніжку, у якой раіць сьвету прыняць неабходныя меры, каб пазьбегчы падобнага крызісу ў будучыні.


Эканаміст Рубіні напісаў кніжку, якая мае загаловак "A Crash Course in the Future of Finances" ("Паскораны курс будучыні фінансаў"), у суаўтарстве з прафэсарам гісторыі Стывэнам Мімам (Stephen Mihm) з унівэрсытэту Джорджыі.

Няцяжка прадбачыць, што кніжка станецца абавязковым чытаньнем для ўсіх эканамістаў, фінансістаў і палітыкаў, ад якіх хоць у нейкай ступені залежыць эканамічны лёс нашага сьвету. Бо сёньня на голас Рубіні, якому пасьля ягонага прароцтва наконт цяперашняга крызісу журналісты надалі мянушку Dr. Doom (Доктар Пагібель, Доктар Фатум), ніхто не затыкае вушэй.

Выступаючы чатыры гады таму на згаданым сэмінары, Рубіні сказаў, што рынак нерухомасьці ў ЗША абваліцца, разам з рынкам гіпатэчных крэдытаў, і што гэта спародзіць сусьветны фінансавы крызіс. Крызіс, прарочыў Рубіні, прывядзе да банкруцтва шматлікіх фондаў, інвэстыцыйных банкаў і іншых фінансавых інстытутаў. "Давайце пасьля такога прагнозу вып’ем чаго мацнейшага", — пажартаваў тады вядучы таго прарочага сэмінару.

У сваёй кніжцы "Паскораны курс будучыні фінансаў" Рубіні ня толькі прыгадвае сваю эканамічную празорлівасьць, але і прапануе захады, якія ў ягоным разуменьні могуць мінімалізаваць імавернасьць такіх глябальных фінансавых абвалаў у будучыні.

Рубіні прапануе прыняць заканадаўства, якое зьмяніла б фінансавую палітыку выплачваньня прэміяў для розных фінансавых брокераў. Нагадаем, што амэрыканская грамадзкасьць зрэагавала вялікім абурэньнем на паведамленьні, што кіраўніцтва банкаў, якія былі ўратаваныя ад банкруцтва мільярднымі ўліваньнямі зь дзяржаўнага бюджэту, выплаціла сабе і сваім брокерам вялізныя прэміі, як бы ніякага крызісу і не бывала. Паводле Рубіні, дывідэнды банкаўскім брокерам, якія праводзяць рызыкоўныя, але высокадаходныя фінансавыя апэрацыі, павінны выплачвацца празь некалькі гадоў, калі ўсе ўпэўняцца, што такія апэрацыі не прывялі да фінансавага абвалу і да банкруцтва банку.

Па-другое, паводле Рубіні, вінаватымі ў цяперашнім крызісе ў вялікай ступені былі міжнародныя агенцтвы — такія, як Standard & Poor's, Moody's and Fitch — якія вызначаюць крэдытны рэйтынг розным фінансавым інстытутам і іхнім угодам. Пакуль зацікаўленыя інстытуты будуць аплачваць вызначэньне такіх рэйтынгаў, кажа Рубіні, імавернасьць таго, што гэтыя рэйтынгавыя агенцтвы будуць вызначаць "бясьпечны" крэдытны рэйтынг патэнцыйна "небясьпечным" угодам будзе заўсёды вялікая і можа прыводзіць да надзіманьня фінансавых бурбалак, як здарылася з гіпатэчнымі аблігацыямі ў ЗША. Рубіні дамагаецца, каб урады пакончылі з традыцыяй аплаты крэдытных рэйтынгаў зацікаўленымі ў такіх рэйтынгах банкамі.

І па-трэцяе, Рубіні прапануе заканадаўства, якое абавязвала б вялізныя фінансавыя інстытуты і банкі — якія традыцыйна лічацца "завялікімі, каб збанкрутаваць" — дзяліцца на меншыя. Ураду, аргумэнтуюць прафэсары Рубіні і Мім, ня трэба будзе ратаваць малыя банкі перад банкруцтвам ад страху, што яны пацягнуць за сабою шырэйшы абвал у фінансавай сыстэме краіны, паколькі меншыя банкі па вызначэньні маюць меншы ўплыў на агульную фінансавую сыстэму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG