Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адно з найвялікшых, найпякучых жаданьняў падлетка – гэта… Ня ведаю, як цяпер, у блаславёную эпоху глямуру, спажываньня і высокіх тэхналёгіяў, а гадоў дваццаць таму ў Савецкім Саюзе такім, бясспрэчна, было жаданьне пабачыць голую жанчыну. Ці хаця б кавалачак голай жанчыны, як каму пашанцуе. Дзеля гэтага поўзалі пад стол да настаўніцы, пракалупвалі дзіркі ў сьценах разьдзявальні, аддавалі апошнія кішэнныя грошы за калоду зашмальцаваных парнаграфічных картаў. Пра гэта сьнілі найсаладзейшыя сны, пра гэта марылі дваццаць чатыры гадзіны на содні. Даходзіла да сапраўднага вар’яцтва. Напрыклад, па адной школе пайшлі чуткі, што нехта А. мае пры сабе цудоўную стужку, якую ён скраў у бацькоў: паглядзіш праз такую на чалавека – і бачыш яго цалкам аголеным. Ніхто чамусьці не сумняваўся, што стужка гэтая японскай вытворчасьці. Бацькі ў А. былі багатыя, маглі сабе і не такое дазволіць. Рэйтынг дагэтуль нічым не прыкметнага прышчавага, нязграбнага троечніка з мутнымі вачыма і жабіным ротам адразу ж сягнуў неверагодных вышыняў і некалькі дзён зашкальваў. Уся мужчынская палова школы хацела сябраваць з А. “Нячаева! А я ведаю, якога колеру твае майткі!” – казаў, крыўляючыся, А., і хлопцы глядзелі яму ў жабін рот, нібы гэта быў рот прарока. Дзяўчаты вішчалі, хаваліся ў прыбіральнях і потым з жахам вызіралі адтуль: А. стаяў у цёмным куце калідора і са злавеснай, саладжавай усьмешкай разглядваў праз сваю чорную, цэлюлёідную японскую стужку маладых настаўніц, якія, нічога не падазраючы, цокалі сабе на высокіх абцасах з клясы ў клясу.

Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body. 1918.


Гэтая гісторыя, вядома ж, ня ёсьць нейкай унікальнай. Такога кшталту стужкі, а таксама шкельцы, акуляры, трубкі, плыткі зьяўляліся ў розных савецкіх школах, дадаючы трохі перцу ў прэсны школьны пубэртат . “Ваенрукі” і “трудавікі”, здавалася, верылі ў гэтыя артэфакты ня менш за дзяцей і тлумачылі, што такія штукі скідвае на нашую тэрыторыю ЦРУ, каб падарваць абарончую моц Савецкай краіны. З пэдагогамі цяжка было не пагадзіцца – натуральна, самыя вялікія вайсковыя сакрэты Саветаў хаваліся ў майтках і станіках маладых школьных настаўніц.

Поль Дэльво, Люстра, 1936.

Сто пяцьдзесят гадоў таму ў школах таксама забаўляліся, але больш высакародным чынам. У 1863 годзе навучэнцы і настаўнікі тэхнічнай школы нідэрляндзкага горада Утрэхту аднойчы пабачылі на адной са сьценаў гэтай установы па-майстэрску выкананую, зьедлівую карыкатуру на аднаго з найпаважаных выкладчыкаў. Сьледзтва хутка прыйшло да высновы, што толькі адзін з навучэнцаў, немец, мог намаляваць яе ці прынамсі мець інфармацыю пра тое, хто аўтар. Звалі навучэнца Вільгельм Ронтген. Сваё аўтарства ён упарта адмаўляў, а ўказаць на злачынцу адмовіўся. За гэта будучага першага Нобэлеўскага ляўрэата па фізыцы і прафэсара Вюрцбургскага і Мюнхенскага ўнівэрсытэтаў выгналі з той тэхнічнай школы. Ды яшчэ, відаць, прарочылі яму: “Будзеш, немец, усё жыцьцё бутэлькі зьбіраць!” Вільгельм нічога не адказваў, а толькі думаў пра сябе: “Нічога, вось падрасту яшчэ трохі, пасяджу ў бібліятэках, адкрыю такія ікс-промні, з дапамогай якіх можна вас усіх голымі ўбачыць. Гэта вам будзе ня нейкая там карыкатура. Вярнуся тады ў Утрэхт, паглядзім, хто з нас геній!”

Жаданьне Вільгельма спраўдзілася толькі напалову. Ён сапраўды адкрыў тое выпраменьваньне, але паказвала яно толькі косткі чалавека. Тым ня менш зьбіраць пустыя бутэлькі ў партах Амстэрдама І Гамбургу Ронтгену не давялося. Ён цалкам мог дазволіць сабе шампанскае.

Ронтген зрабіў рэвалюцыю ў навуцы. Ягонае адкрыцьцё стала адным з тых крокаў па-за дазволеныя Богам і прыродай межы, зрабіць якія мараць самыя адчайныя прадстаўнікі неўтаймоўнага чалавечага роду. Практычнае значэньне агромністае, а вось што да іншага… Як і кожны такі ўжо зьдзейсьнены крок, ён пакідае ў выніку прысмак лёгкага расчараваньня. Нібы ў вершы пра экспэдыцыю Скота ў Антарктыду: “Калюмб адкрыў цудоўныя краіны, а мы пакутвалі дзеля адных бясплодных пустэльняў…” Людзі мараць пра цуд – а ў выніку проста атрымліваюць магчымасьць бачыць больш, чым маглі раней. Цуды існуюць да таго часу, пакуль іх не адкрылі. А калі іх адкрываюць, нешта незваротна губляецца. Японская стужка школы майго дзяцінства застаецца цудам і абуджае фантазію, дражніць уяўленьне, а рэнтген, мала таго, што ня вельмі адчувальны да тканак і сухажыльляў – таго, без чаго шкілет ня больш чым выкшталцоная сыстэма мёртвых костак, дык яшчэ і адносна шкодны для арганізму. Нават для менскіх бабулек, якія горда распавядаюць усім, што іх адправілі на “рамген”, гэта ўжо ніякае ня дзіва, і яны лаюцца, калі аднаго рамгену доктару не
На рэнтгенаўскім здымку чалавек выглядае максымальна нэўтральна і усярэднена, ён не выклікае пачуцьцяў.
дастаткова.

На рэнтгенаўскім здымку чалавек выглядае максымальна нэўтральна і усярэднена, ён не выклікае пачуцьцяў, ён – нібы проста адна з шматлікіх копіяў даўно страчанага арыгіналу. Яго індывідуальнасьць амаль сьцёртая, ён пазбаўлены сэксуальнасьці. Толькі зацяты вычварэнец можа ўзбудзіцца ад выгляду рэнтгенаўскага здымка. Калі б выбарцы мелі ў сваім распараджэньні толькі рэнтгенаўскія здымкі кандыдатаў у прэзыдэнты, яны б апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы і іхная краіна несумненна засталася б бязь лідара. Шкада: здаецца, ніхто ня робіць групавых рэнтгенаўскіх фота, цікава было б паназіраць, ці змагаюцца нашыя шкілеты за тое, каб лепш выглядаць на іх, ці штурхаюцца ўпотай, каб апынуцца на пярэднім пляне, ці ёсьць у іх тое, што называюць фотагенічнасьцю.

Затое рэнтген можа гучаць. Кажуць, у таталітарныя часы на рэнтгенаўскія здымкі запісвалі напаўзабароненую заходнюю музыку – Вільгельм Ронтген дужа зьдзівіўся б, калі б пра такое ўведаў.

Дзякуючы кінакроніцы мінулае почасту ўспрымаецца намі чорна-белым. З рэнтгенам прыкладна тое самае: першае, што прыходзіць да галавы, калі думаеш, як яны жывуць там, твае ворганы – рэнтгенаўская фатаграфічная цемра, у якой сьвецяцца матавым сьвятлом косткі, нібы шчыльныя сузор’і ў начным небе. Тое, што насамрэч рухае намі, застаецца па-за кадрам.

Часам мы кажам пра “рэнтгенаўскі зрок” – калі хочам падкрэсьліць чыюсьці назіральнасьць, розум, здольнасьць пранікаць у самую сутнасьць рэчаў. Рэнтгенаўскі зрок не даецца ад нараджэньня, яго трэба разьвіваць – разьвіваць, калі хочаш зрабіць той самы крок па-за. Калі ж адваротны бок чалавека не цікавіць, можна задаволіцца наіўнай верай сваім вачам, часам і яны бачаць прыемныя рэчы – ну хаця б голых кабет на каляровым глянцы якога-небудзь часопіса.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG