Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Арнольд Макмілін і Васіль Зуёнак



ЛІТАГЛЯД

АРНОЛЬД МАКМІЛІН: «НАСТУПНІКАЎ ВЕРЫ РЫЧ У АНГЛІІ НЯМА»


Арнольд Макмілін

«Пісаньне ў халодным клімаце» — так называецца 1100-старонкавае дасьледаваньне сучаснай беларускай літаратуры, якое выйшла сёлета ў Лёндане. Гэтая новая кніга брытанскага прафэсара Арнольда Макміліна зьяўляецца адзіным на сёньня замежным грунтоўным навуковым аналізам беларускага прыгожага пісьменства. Пра сваю працу аўтар распавядае нашай карэспандэнтцы Валянціне Аксак. Гутарка запісана ў часе нядаўняга прыезду спадара Макміліна ў Менск на Міжнародны кангрэс беларусістаў.


Валянціна Аксак: «Спадар Арнольд, сёлета выйшла ўжо ваша другая кніжка, прысьвечаная гісторыі беларускай літаратуры, — „Пісаньне ў халодным клімаце“. Вы яе ўжо прэзэнтавалі ў Лёндане. Як прайшла прэзэнтацыя гэтага 1100-старонкавага фаліянту?»


Арнольд Макмілін: «Прэзэнтацыя была вельмі вясёлая, з жарцікамі. Кніга вялікая, а таму дарагая, але шэсьць экзэмпляраў былі купленыя, што для мяне — шок. Я працаваў над гэтай кнігай доўга, на жаль, у ёй шмат памылак і недарэчнасьцяў, але — гэта адзіная на сёньня падобная кніга. Мне сорамна за памылкі, але я ганаруся станоўчымі яе момантамі. Кніга рассылалася па сьвеце ў часопісы, і я спадзяюся, што цікавасьць да яе будзе. Цяпер рыхтуецца беларускі пераклад, і хочацца думаць, што ён ня будзе такі дарагі, як арыгінальнае выданьне, і што больш беларусаў змогуць прачытаць яго».


Аксак: «У адным зь інтэрвію некалькі гадоў таму вы сказалі, што цікавіцеся выключна маладой беларускай літаратурай. Скажыце, вы не памянялі свайго стаўленьня, вас па-ранейшаму цікавіць толькі маладая беларуская літаратура?»


Макмілін: «Разумееце, запозна пісаць пра больш сталых,

Разумееце, запозна пісаць пра больш сталых.

пра Янку Брыля, напрыклад, і Караткевіча (яны былі ў папярэдняй кнізе). Я пішу пра маладых і лічу, што яны — малайчыны, што так пішуць, не баяцца нічога, і беларуская літаратура доўжыцца. Я вельмі рады, што ёсьць і маладая літаратура, і сталая. Канечне, карціны іх розныя, але хто піша пра маладых? Сябры. Я не сябар, я замежнік, які пра іх піша».


Аксак: «Хто з самых маладых беларускіх аўтараў трапіў пад вашае крытычнае пяро?»


Макмілін: «У кнізе — гэта дзяўчыны: Вальжына Морт, Віка Трэнас, Вольга Гапеева і Валерыя Кустава. Іх упіхнуў мне Хадановіч. Хадановіч у вас ня самы малады, але ён дапамагае маладым. За гэта яму вялікі дзякуй! Цяпер я пішу артыкул пра Альгерда Бахарэвіча. Я лічу, што ён — сур’ёзны пісьменьнік, і я пішу вялікі артыкул пра яго».


Аксак: «Напрыканцы мінулага году ня стала Веры Рыч, ангельскай паэткі, вялікай сяброўкі беларусаў і самай вядомай перакладчыцы беларускай літаратуры на ангельскую мову. Ці бачыце вы каго-небудзь, хто мог бы замяніць гэтую страту?»


Макмілін: «Вера Рыч ва ўсіх сэнсах была ўнікальным чалавекам. Яе пераклады — лепшыя, чым Валтэра Мэя, напрыклад, і іншых перакладчыкаў. Перакладаць паэзію, як вы самі разумееце, немагчыма, але сьветлай памяці Вера Рыч перакладала ад 60-х гадоў беларускую паэзію. Беларуская літаратура за некалькімі выключэньнямі, як Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч і Ўладзімер Арлоў, гэта — паэзія. І Вера Рыч зрабіла вялікую справу, перакладаючы яе».


Аксак: «Дык ці магчыма ўсё ж замену ёй выхаваць, навучыць, заахвоціць?»

Сытуацыя такая, што хто ня ведае ангельскай мовы, то ў нас лічыцца, што гэта ягоныя праблемы.

Макмілін: «Ня ведаю, што ў гэтым кірунку робіцца, але ў нас не каціруюць перакладчыкаў. Я жыву ў краіне, дзе ўсясьветная мова пануе. Прашу прабачэньня за гэта, але сытуацыя такая, што хто ня ведае ангельскай мовы, то ў нас лічыцца, што гэта ягоныя праблемы. У Нямеччыне і Францыі куды больш перакладчыкаў, а ў нас пра наступнікаў Веры Рыч я не магу сказаць станоўча. Няма іх пакуль.»


Аксак: «Ад часу вашага папярэдняга прыезду ў Беларусь якія ў вас ўражаньні пра тое, наколькі пабольшала ці паменшала беларушчыны ў Менску?»


Макмілін: «Для мяне сталіца — гэта людзі. Я адчуваю, як жывуць мае сябры, калегі, як усё працуе, як наладжана. Я прыехаў на кангрэс беларусістаў, і ўсё на ім вельмі дакладна робіцца. Гэта вялікія зьмены ў параўнаньні з папярэднімі іншымі канфэрэнцыямі, на якіх я быў. Што я магу яшчэ сказаць пра Беларусь? Гэта маленькая краіна, як Швайцарыя. Я прыехаў сюды, нягледзячы на вулькан, і вельмі рады тут быць. Я гавару ўсім, што Беларусь — лепей, чым яе суседзі. І гэта так і ёсьць».


АЎТАР І ТВОР


ВАСІЛЬ ЗУЁНАК: «ПАЭТ НЯ ЗНАЕ НЕСВАБОДЫ»


Васіль Зуёнак

Кнігу гэтага паэта чыталі касманаўты ў космасе. Два тэрміны ён адсядзеў у крэсьле старшыні Саюзу пісьменьнікаў. Дзяржаўную прэмію атрымаў у эпоху сьцісласьці — за эпіку. Ён двойчы на год сьвяткуе свой дзень народзінаў… Васіль Зуёнак нядаўна адзначыў сваё сямідзесяцігодзьдзе.


Міхась Скобла: «Спадар Васіль, вам можна толькі пазайздросьціць — у вас два дні народзінаў: 3 чэрвеня і 3 ліпеня. Як такое сталася?»


Васіль Зуёнак: «Сапраўды, гэтая сытуацыя трошкі дзіўнаватая, але вытлумачальная для майго пакаленьня. Блытаніна зьвязаная з Другой усясьветнай вайною. Мы жылі пад акупацыяй, уся дакумэнтацыя, натуральна, была зьнішчаная, ніякіх сьпісаў у сельсавеце не засталося. А калі я сабраўся ехаць вучыцца, то быў патрэбен дакумэнт, каб выехаць зь вёскі. Гэта называлася, па-расейску кажучы, „наружный вид“. Заходзіш у кабінэт у раённым цэнтры, там сядзяць тры ці чатыры вясёлыя кабеты, глядзяць на цябе, голенькага, і пытаюцца: зь якога ты году? „З трыццаць пятага“. Пагадзіліся. Атрымаў я пасьведчаньне, у якім было напісана: „нарадзіўся ў першай палове 1935 году“. А 3 ліпеня, мой сапраўдны дзень народзінаў, — у другой палове. Як быць? Міліцыянты, якія сядзелі ў пашпартным аддзеле, падказалі перасунуць дату на месяц. Так я і зрабіў. Затое цяпер у мяне ў запасе — цэлы месяц».


Скобла: «Гэта двух салаўёў паядынак», — вызначаў паэзію Барыс Пастарнак. А які ваш погляд на паэтычнае рамяство?«


Зуёнак: «У маім разуменьні паэзія — гэта нешта боска-нябеснае, прыгожае, дадзенае чалавеку з душой. Якая б ні была паэзія, трагічная, лірычная ці камічная, але ў ёй заўсёды павінна адчувацца боская радасьць. Бог глядзіць на твае паводзіны і, можа, радуецца, можа, засмучаецца, можа, нешта падказвае. Магчыма, нейкія яго развагі перадаюцца і чалавеку, адзін іх успрымае, другі — міма праходзіць. Я лічу, што кожны чалавек у нечым паэт. Няма душаў і характараў непаэтычных».


Скобла: «Вашыя вершы калісьці чытаў у космасе Ўладзімер Кавалёнак — яму на грузавым караблі была дастаўленая кніга „Нача“. А якія яшчэ запамінальныя сустрэчы з чытачамі засталіся ў вашай памяці?»


Зуёнак: «Заўсёды мяне зьдзіўляе, „як наша слова адгукаецца“. Думаеш, што тут цябе ніхто не чытаў, і раптам чалавек пачынае нешта цытаваць… Я і цяпер згадваю, як першы мой верш „Чакае маці“ ў рэдакцыі газэты „Літаратура і мастацтва“ трапіў на вочы паэту Навуму Кісьліку. І ён адразу ўсклікнуў: „О, гэты верш мы надрукуем!“ Памятаю і Анатоля Вялюгіна, які дужа добра сустрэў мяне і некалькі вершаў надрукаваў у „Полымі“. Дарэчы, Вялюгін да мяне чамусьці ставіўся вельмі прыязна. Я і цяпер не магу разгадаць, чаму. Бо ён увогуле ў стаўленьні да паэтаў быў суровы і сур’ёзны крытык. Менавіта пры Вялюгіну мая паэма „Маўчаньне травы“ друкавалася ў „Полымі“ ў двух нумарах. Выпадак вельмі рэдкі».


Скобла: «Хто зь пісьменьнікаў для вас — прыклад існаваньня ў грамадзкім жыцьці і літаратуры?»


Зуёнак: «Янка Брыль. Я яго вельмі шанаваў і як пісьменьніка, і як чалавека. Пімен Панчанка быў сьветлай асобай, бескампраміснай. Ён вельмі балюча ўспрымаў жыцьцё, але быў тым чалавекам, які даваў падсьветку іншым творцам».


Скобла: «Паэт заўсёды ў апазыцыі», — вашыя словы. Ці так ужо трэба творцу быць вечным апазыцыянерам?»

Паэт адчувае фальш, ілжывасьць, ману жыцьцёвых сытуацый — як ён ня можа быць да іх у апазыцыі?

Зуёнак: «Паэт адчувае фальш, ілжывасьць, ману жыцьцёвых сытуацый — як ён ня можа быць да іх у апазыцыі? Гэта ня значыць, што ён усё закрэсьлівае. Бывае боль і за людзей, за народ, і боль за таго ж манарха — ён таксама чалавек, ён можа выклікаць і агіду, і шкадаваньне. Апазыцыя ў маім разуменьні — гэта скіраванасьць паэта на сьцьвярджэньне самага сьветлага праз адмаўленьне ўсяго нізкага, цёмнага».


Скобла: «Афіцыйны тыднёвік „Літаратура і мастацтва“ да вашага юбілею надрукаваў вялікі артыкул пра вас — на першай паласе, яўна запрашаючы да супрацоўніцтва. Ці прымаеце вы гэтую прапанову і што параіце сваім калегам зь незалежнага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў?»


Зуёнак: «Я не лічу тую публікацыю запрашэньнем да супрацоўніцтва. Я расцэньваю яе як стаўленьне тыднёвіка да мяне як да інтэлігента. Паколькі „ЛіМ“ — „газэта творчай інтэлігенцыі“. Я нічога нікому ня раю. Кожны вызначае для сябе сваю пазыцыю. Пакуль што я сам у „ЛіМе“ з творамі не зьяўляўся, праўда, пераклады друкаваў. І так лічу: „Полымя“, „Маладосьць“, „Літаратура і мастацтва“ створаныя не чаргінцоўскім саюзам, ён іх проста прысвоіў. Гэтыя выданьні мы павінны расцэньваць як агульныя трыбуны, і ня трэба ставіць нейкія загародкі. Скажам, каб у тым жа „ЛіМе“ выступілі з выдатнымі вершамі Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, то мы бачылі б сапраўдны стан сучаснай беларускай літаратуры. А цяпер літаратура падаецца аднабока… Хай той саюз ня лічыць, што яны займелі ўладу над гэтымі выданьнямі. Трэба іх нейкім чынам вяртаць».



ВАСІЛЬ ЗУЁНАК. З НОВЫХ ВЕРШАЎ


Спытайце цагліну…


Якая ўважная ў нас міліцыя,
А самы ўважны, бадай, АМАП:
Уважаць усіх — і тых, хто на мыліцах,
І юных, — адно пад дубінку патрап…

А майце за ўдачу, калі вы патрапілі
Пад апеку тых, хто за гонар свой
Уважаюць бэрэт надзець крапавы
І цагліны з размаху б’юць галавой.

Гэтыя й вам адшукаюць прычыну
Пасмакаваць, чым служба жыве,
Бо якая розьніца: галавой аб цагліну
Ці цаглінаю па галаве?..


* * *

Чеченская пуля верна…

А.Блок

Паўночныя схілы Каўказу,
Браты рукатворных муроў, —
Тут не даравалі абразу,
Тут славілі вернасьць сяброў.

Кайданны тут помніцца ляскат —
Злачынны заробак вякоў.
Ды бліжай натуры каўказкай
Быў цокат гасьцінны падкоў.

Тут праўды ня знаюць махлярскай,
Ілжы пры сьвяточных сталах,
Тут ворагу па-гаспадарску
Хадзіць не дазволіў Алах…

Калі ж абступаюць нягоды,
І выпіта крыўда да дна —
Каўказ не гандлюе свабодай:

Чеченская пуля верна!..


Д’ябальскае пытаньне


Ня суджана змовіцца двум прарокам,
Адзінства — ня іх узаемны дар.
Прарок — як гэты сьвет — адзінокі.
Ён толькі сам над сабой валадар.


Прарокі ж самі і навучылі —
Несумяшчальнасьцю ў мудрых тамах:
Няма прарока ў сваёй Айчыне…
— А можа, Айчыны ў прарока няма?..



Праваслаўны…


Не трапячу, як асінавы ліст,
Перад амбонам дзяржаўным:
Учора — слаўны быў атэіст,
Цяпер — атэіст праваслаўны.

«Кароткі курс» чытаў нарасьпеў,
Нібыта псальмы Давіда.
І сьвечку ў царкве запаліць пасьпеў —
Каб поп індульгенцыю выдаў.

Сур’ёзна ці не — а душу сваю пру
На тыя ж самыя граблі:
То з Богам прылюдна пагавару,
То памалюся д’яблу…

* * *

Паэт ня знае несвабоды.
Ёсць песьня — з воляй сэнс і лад.
А калі песьня без народа, —
Тады ўжо несвабода, брат…

Тады ніхто й не нагадае,
Каму ў вяках падаць руку…
А так — хто ўслужваць загадае
І на калені стаць радку?!

Якой такой узнагародай -
І хто такі — каб верш купіць?!
А воля — з воляю народа…
Ды сьпіць народ — і рэха сьпіць…



Ані ў рыфму, ні ў струну…

Падсьпеў аднаму барду


Гусьляроў разумею, а бардаў
Аніяк не прылашчу душой.
Не сказаць каб таіўся з пагардай,
Ды ня грэе нямоглае шоў.

Бачу, браце, адсутнасьць двайную,
Хоць хаваеш адно за адно:
Ні паэзія тут не пануе,
Ані музыкі тут не чутно.

На струне паўакордам шпарыш:
Як бы слову займець барыш?!.

А паэзію — не перагітарыш,
А паэзію — не перахітрыш…
* * *

Маска, я цябе знаю! —
І люблю, і кляну —
Не разьвеесься снамі,
Не зьбяжыш у труну.

Як сябе ні выкручвай —
Знак гарыць на ілбе.
Як табе ні балюча —
Знаю ўсё пра цябе.

Чым жывеш і чым грэшная,
Дзе нявінных судзіла,
І хвалою пацешнаю
Каму дагадзіла…

Дзе на продаж схіляеш
Гонар свой ліхвяру…

Маска, я цябе знаю -
Сам сабе гавару…



Будучыня


Гісторыкі сьцьвярджаюць:
Спазьніўся мой народ
Зьдзяржавіць на скрыжалях
Свой шлях і радавод.

А я гляджу іначай:
А што, хіба крывіч
Нам крэўнасьць не пазначыў
У храмах на крыві?

Ці не крышыў радзіміч
Прышэльцаў на жарству,
Не шанаваў Радзіму,
Не мацаваў Літву?
Ці дрыгавіч-балотнік
Лёс у дрыгве праспаў?..

Не! — край мой не гаротнік -
Мой край з вякоў паўстаў.

Народ мой старажытны -
І волат, і ратай, —
І з ворагам быў квіты,
І давяраў братам.

Ні ў кога, апроч нівы,
Ён хлеба не прасіў…
Ды юную наіўнасьць
Заўжды ў душы насіў.

Па славу на скрыжалях
Не шастаў да багоў, —
Таму й параскрадалі
Гісторыю ў яго.

Цяпер — цяпер з братамі
Ваюе пакрысе —
Гісторыю вяртае,
Ды аддаюць ня ўсе…

Ну што ж, мы не з драпежных,
Але зважай, сусед,
Што нас да ўласных сьцежак
Вяртае запавет.

Яшчэ не вечарэе —
Узьвесьняцца грамы! —
Бо памяць не старэе,
А разам зь ёй і мы.

І не ў чарзе па труны
Мы ў вечнасьці стаім:
Народ мой самы юны,
І — будучыня зь ім!..
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG