Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто, на вашу думку, перамог і хто прайграў у "газавай" вайне? На пытаньне адказвалі гарадзенскія мінакі, да якіх зьвяртаўся Сяргей Астраўцоў.



Спадар:
"Могуць паўтарыцца канфлікты, а прайграла Расея. Чаму? Ды таму, што незразумела з бухгальтэрыяй: хто каму больш павінен — па факце. І на ўзроўні прэзыдэнта вырашаць гэтае пытаньне — сорамна Расеі.

Паслухаць Расею — усё інакш, але я штосьці апошнім часам Расеі не давяраю. Пасьля газавых канфліктаў з Украінай і таго, што робіцца з малаком, з газам — гэта вялікая палітыка, адчуваю, — перад выбарамі, ачкі набіраюць яны, расіяне".

Спадар: "Напэўна, усе прайгралі — і Расея, і Беларусь. Таму што канфлікт гэты паміж імі быў. Вось ва ўсім сьвеце стаўленьне да іх такое будзе, што валяць адзін на аднаго, трацяць рэпутацыю. Да дабра гэта не давядзе".

Малады спадар: "Я ўвогуле ня ведаю, пра што вы гаворыце — які канфлікт? Я ведаю, што наш "бацька" качае свае правы. Як ён гэтую Расею "падманвае", я ня ведаю. Гэта ўсё яго "заварушка" — сам прыдумаў і сам правярнуў. Які піяр-ход ён зрабіў — я ня ведаю, для чаго яму гэта патрэбна — таксама паняцьця ня маю, але гэта ўсё "бацька" прыдумаў".

Малады спадар:
"Я не цікавіўся гэтым пытаньнем, практычна мяне не было тут, у горадзе. Я толькі прыехаў ды пачуў, што такая штука… Там, дзе я быў, гэта не асьвятлялася. Мяне гэта не цікавіць: усё заканамерна, яшчэ і горш будзе".

Спадар:
"Напэўна, ніхто ня выйграў. Яны самі паміж сабой ня могуць разабрацца".

Спадар:
"Сытуацыі паўтарацца, канечне, будуць. Прычына тут, натуральна, ляжыць па-за эканомікай, гэта ўжо палітыка, палітычны ціск Расеі. Можна ўзгадаць падзеі, якія былі цягам двух-трох апошніх месяцаў, і пашукаць прычыны там. Расея, натуральна, паказала, што яна на лідзіруючых пазыцыях, значыцца — камандуе і круціць усімі як хоча. Ну, а прайграе заўжды слабейшы — мы".

Малады спадар:
"Мы не глядзім тэлевізар, нам бяз розьніцы, нам усё роўна".

Спадар: "Хто выйграў? Ніхто ня выйграў. Трэба проста крышку разумнейшымі быць нашым кіраўнікам, і ўсё будзе нармальна. Ня трэба так ужо крычаць, раўці адзін на аднаго. Цяпер іншая сыстэма: кожны патрабуе сваё, цяпер дэмакратыя. Колькі ў Расеі мільянэраў? Хто задарма будзе даваць табе? Мы і так не зарабілі гэтых грошай".

Малады спадар:
"Шчыра кажучы, ня хочацца мне адказваць на гэтае пытаньне…"
XS
SM
MD
LG