Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пагражае перакрыць транзыт газу і нафты

абноўлена

Алякснадар Лукашэнка
Алякснадар Лукашэнка

"Яшчэ раз папярэджваю ўрад: неаплата «Газпромам «у поўным аб’ёме паслугаў у бліжэйшыя суткі павінна прывесьці да прыпыненьня ўсялякіх паслугаў для Расійскай Фэдэрацыі па транспартаваньні вуглевадароднай сыравіны — нафты і газу», — заявіў Лукашэнка на паседжаньні ўраду.



«У вас ёсьць магчымасьць дамаўляцца, але тэрмін вам — двое сутак. Я учора гэта сказаў прэм’еру і віцэ-прэм’еру», — адзначыў Лукашэнка.




Сямашка просіць два тыдні на выбіваньне газпромаўскага доўгу

Мядзьведзеў заклікаў Лукашэнку астыць і не займацца палітыканствам

19.17 Мядзьведзеў заклікаў Лукашэнку да абачлівасьці

Аляксей Мілер: У адносінах Расеі і Беларусі перамагла дружба

Барыс Тарасюк: Крэмль зыходзіць з імпэрскіх амбіцый


16.30 Лукашэнка абвясьціў транзытны ўльтыматум

«Зразумела, што бакі павінны былі садзіцца за стол перамоваў. І прадметна размаўляць пра памер транзытнай стаўкі. І тады гэтыя б пытаньні неяк у наступным рэгуляваліся б. Што будзе пасьля заявы Лукашэнкі — гэта іншае пытаньне», -- мяркуюць у прэс-службе "Газпрому".

16.00 Падзеньне капіталізацыі "Газпрому" ад канфлікту зь Беларусьсю – спэкуляцыі"

Такое меркаваньне выказаў у інтэрвію Радыё Свабода Віталь Крукаў, аналітык нафтагазавага сэктару з расейскага Інвэстыцыйнага фінансавага дому "КапиталЪ".

15.50 Газпром просіць Украіну пампаваць больш газу ў Эўропу

15.00
Статкевіч: «Прадказальны крок Лукашэнкі»

Мікола Статкевіч
Каардынатар «Эўрапейскай кааліцыі» Мікалай Статкевіч лічыць апошнюю пагрозу Аляксандра Лукашэнкі на адрас Масквы цалкам прадказальнай.

«Стала відавочным, што Расея ня будзе фінансаваць прэзыдэнцкую кампанію Аляксандра Лукашэнкі, як яна зрабіла гэта ў 2006 годзе, замарозіўшы цэны на газ. Зразумела, што цэны на энэрганосьбіты будуць расьці і дасягнуць абяцанага заробку ў 500 даляраў ня ўдасца.

Гледзячы на гэта, можна зрабіць выснову, што беларускі рэжым ужо прадаў на год наперад танную расейскую нафту: 6.3 млн. тон, якіх нам хапіла б, каб езьдзіць па такіх жа коштах, як у Расеі, ужо перапрацаваныя і прададзеныя на Захад.

Усе спадзяваньні на танныя кошты на расейскую нафту ляснуліся, і цяпер застаецца падвышаць кошты на бэнзін да эўрапейскага ўзроўню. Альбо адмовіцца ад акцызаў на продаж бэнзіну ці значна іх зьменшыць.

У такіх варунках сп.Лукашэнка спрабуе, па-першае, апошні раз націснуць; па-другое, спрабуе апэляваць да Захаду — маўляў, ратуйце нашу незалежнасьць ад імпэрскіх амбіцый. Па-трэцяе, гэта можа быць помста за прыніжэньне, паказанае па расейскім тэлебачаньні, як ён кавалак хлеба ў Пуціна прасіў.

Урэшце рэшт, магчыма, ужо шукаюцца нагоды, каб бараніць тэрмінова незалежнасьць і правесьці пад гэтым сьцягам прэзыдэнцкія выбары як мага хутчэй, пакуль яшчэ эканоміка трымаецца».


14.40 Лябедзька: «Гэта бойка для Лукашэнкі непрадказальная »

Анатоль Лябедзька
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька камэнтуе чарговыя пагрозы Аляксандра Лукашэнкі перакрыць транзытны газ з Расеі ў Эўропу.

«Лукашэнка рэалістычна ацэньвае стан расейска-беларускіх адносін і разумее, што на гэтым усё не заканчваецца. Сёньня газавая — заўтра будуць іншыя войны. Няма пэрспэктываў.

Таму Лукашэнка, ведаючы, што гэты этап супрацьстаяньня ён прайграў, спрабуе перахапіць ініцыятыву і атрымаць нейкія дывідэнды, хаця б і палітычныя.

Яго задача цяпер — гэта прыцягнуць увагу эўрапейскай супольнасьці да сытуацыі і максымальна „прапіярыць“ сябе, што праблема ня ў ім, а ў Расеі. Можа, стварыць такую антырасейскую газавую кааліцыю.

Паглядзім. Я ня думаю, што Лукашэнка зараз здольны перахапіць ініцыятыву, што ён здольны выйграць гэтае супрацьстаяньне. Наперадзе прэзыдэнцкая кампанія. Думаю, што Лукашэнка ўцягваецца ў бойку, якая для яго непрадказальная».


14.00 БРСМ зьбірае грошы, адзеньне і харчы для «Газпрому»

Актывісты праўладнага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі праводзяць у Менску акцыю па зборы «гуманітарнай дапамогі «Газпрому».

«Мы вырашылі выйсьці ў цэнтар Менску і сабраць гуманітарную дапамогу для „Газпрому“, каб ён мог разьлічыцца зь Беларусьсю за транзыт газу», — заявіў Інтэрфаксу першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Бузоўскі.

«Пасля таго як зьбярэм грошы, адзеньне, прадукты, якія ўжо пачалі прыносіць менчукі, адправім гэта ўсё бандэрольлю ў Маскву, у «Газпром», — дадаў Бузоўскі.


Паглядзець фотагалерэю ва ўвесь экран


13.55 «Газпром» кажа, што прынцыпова дамовіўся зь Беларусьсю пра дадатак да кантракту на транзыт газу на 2010 год.

«Паводле ўмоваў кантракту, які дзейнічае на пастаўку і транзыт газу ад 31 сьнежня 2006 году, „Газпром“ Беларусі нічога ня вінен. А наконт дадатку да кантракту на 2010 год мы зь беларускімі калегамі ўжо прынцыпова дамовіліся і разьлічваем падпісаць яго ў бліжэйшы час », - заявіў Сяргей Купрыянаў.

Купрыянаў удакладніў, што дадатак тычыцца павышэньня стаўкі за транзыт расейскага газу па тэрыторыі Беларусі ў 2010 годзе і выкананьня ўмоваў пратаколу пра стварэньне сумеснага прадпрыемства ў частцы ўсталяваньня ўзгодненай аптовай надбаўкі на газ, які прадаецца «Белтрансгазам» на мясцовым рынку.


13.30 «Газпром» заяўляе, што нічога ня вінен Беларусі


«Газпром» паводле ўмоваў дзейнага кантракту Беларусі нічога ня вінен.

Так пракамэнтаваў журналістам афіцыйны прадстаўнік кампаніі Сяргей Купрыянаў заяву прэзыдэнта Беларусі.

Чарговы газавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй доўжыцца ад 21 чэрвеня.

Беларусь пагасіла свой доўг за пастаўлены газ — 187 мільёнаў даляраў. Расея выплаціла за транзыт газу 228 мільёнаў даляраў. Афіцыйны Менск патрабуе 260 мільёнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG