Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Шарапава наведае Гомельшчыну


Шарапава: "У мяне гомельскія карані, а таму заўсёды была мара садзейнічаць аднаўленьню рэгіёну, зь якім у мяне асабістыя сувязі".

Шарапава: "У мяне гомельскія карані, а таму заўсёды была мара садзейнічаць аднаўленьню рэгіёну, зь якім у мяне асабістыя сувязі".


Пасол добрай волі ААН, тэнісная зорка Марыя Шарапава зьбіраецца пасьля ўдзелу ва Ўімблдонскім турніры наведаць радзіму сваіх бацькоў – Беларусь, у прыватнасьці, такія гарады як Чачэрск, Гомель, Менск, паведамляе прэсавая служба ПРААН – Праграмы разьвіцьця ААН.

"У мяне гомельскія карані, а таму заўсёды была мара садзейнічаць аднаўленьню рэгіёну, зь якім у мяне асабістыя сувязі", – кажа вядомая тэнісістка.

У партнэрстве з праграмай ПРААН Шарапава падтрымлівае сем моладзевых праектаў, якія дзейнічаюць у пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы рэгіёнах Беларусі, Украіны і Расеі, вось ужо некалькі гадоў запар фінансуе вучобу студэнтаў з забруджаных радыяцыяй раёнаў.
.
“Даць моладзі магчымасьць дасягнуць сваёй мары ёсьць найлепшым спосабам для пераадоленьня чарнобыльскай спадчыны”, – перакананая Марыя Шарапава. Яна цытуе прынцып місіі ПРААН: “Дапамагаючы людзям, ты дапамагаеш самому сабе,” – і кажа, што ёй хацелася б “убачыць першыя вынікі”.

У часе сваёй паездкі ў Беларусь вядомая спартоўка плянуе сустрэцца з тымі, хто атрымлівае яе стыпэндыі і гранты, таксама пабываць у чачэрскім дзіцячым мастацкім цэнтры і азнаёміцца з праектамі па ахове навакольнага асяродзьдзя ды ўпрыгожаньня гораду, наведаць мэдычныя ўстановы і вядучыя ўнівэрсытэты краіны.

Марыя Шарапава нарадзілася ў 1987 годзе ў сыбірскім мястэчку Нягань, куды яе сям’я перасялілася з Гомелю адразу пасьля выбуху на чарнобыльскай АЭС. У 1995 годзе яна пачала вучыцца тэнісу ў ЗША. У 2004 выйграла свой першы тытул Вялікага шлема ва Ўімблдоне і была названая лепшай тэнісісткай году. У 2006 годзе перамагла на адкрытым чэмпіянаце ЗША і ў 2008 у Australian Open.
XS
SM
MD
LG