Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску помняць пра Катынь-1940


У Беларускім дзяржаўным музэі Вялікай айчыннай вайны адкрылася выстава «Помню. Катынь 1940», якая ўшаноўвае памяць рэпрэсаваных савецкімі спэцслужбамі грамадзянаў міжваеннай Польшчы.


Выстава «Помню. Катынь 1940» займае толькі адну залю музэю. Сярод людзей, якія прыйшлі на адкрыцьцё, былі дыпляматы розных краінаў. Прыехаў і міністар культуры Беларусі Павал Латушка — да яго зьяўленьня цырымонію не пачыналі. На экране паказвалі фільм Анджэя Вайды «Катынь». Сваімі ўражаньнямі ад карціны падзяліўся Павал Латушка, які бачыў стужку раней:

«Пасьля гэтага фільму не было аплядысмэнтаў. Я папрасіў вадзіцеля паехаць, бо я ня мог сесьці ў аўтамабіль, мне трэба было прайсьці і падыхаць сьвежым паветрам. Сапраўды гэта былі велізарныя — цяжка пераацаніць — эмацыянальныя ўражаньні. Я ніколі ня быў у Катыні, але боль гэты я зразумеў. Трэба адзначыць таксама, што ў Катыні пахаваныя ня толькі палякі. Там пахаваныя таксама і беларусы — каталіцкага ці праваслаўнага веравызнаньня — якія тады знаходзіліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі, сёньняшняй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. І мы таксама павінны пра гэта памятаць».
Там пахаваныя таксама і беларусы… І мы таксама павінны пра гэта памятаць.

«Катынскае злачынства» — гэтак называюць зьнішчэньне больш як 20-ці тысяч польскіх грамадзянаў у лягерах ды турмах на тэрыторыі Савецкага Саюзу ў 1940 годзе. Адным зь месцаў масавага расстрэлу стаў Катынскі лес недалёка ад Смаленску. Усіх загінулых, а гэта былі ў асноўным польскія афіцэры, чыноўнікі ды інтэлігенцыя, пахавалі ў брацкіх магілах. Гэта здарылася пасьля таго, як у 1939 годзе савецкія войскі занялі тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны — польскую эліту арыштоўвалі і бралі ў палон.

Доўгі час масавыя зьнішчэньні польскіх грамадзянаў замоўчваліся, таксама савецкая прапаганда старалася перакласьці віну на немцаў. Так узьнікла паняцьце «катынскай хлусьні».

Сяргей Азаронак, дырэктар менскага музэю Вялікай айчыннай вайны:

«Мы ведаем, што Вялікая перамога — гэта, безумоўна, не парады, гэта, безумоўна, не салюты. Гэта ахвяры, ахвяры, ахвяры і яшчэ раз ахвяры».

Выставу «Помню. Катынь 1940» падрыхтаваў варшаўскі Нацыянальны цэнтар культуры ды Польскі інстытут у Менску. Паводле словаў дырэктара Польскага інстытуту ў Менску Пятра Казакевіча, адкрыць выставу плянавалася раней, аднак здарылася яшчэ адна трагедыя пад Смаленскам — 10 красавіка самалёт прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага разьбіўся, заходзячы на пасадку. Разам з афіцыйнай дэлегацыяй польскі прэзыдэнт кіраваўся ў Катынь, каб ушанаваць памяць расстраляных 70 гадоў таму суайчыньнікаў.

Пётар Казакевіч: «Катынскія ахвяры — гэта сымбаль найлепшых сыноў, эліты польскага народу. Нагадаем, што сярод замардаваных на загад Сталіна абаронцаў радзімы побач з афіцэрамі войска і паліцыі былі таксама дактары, інжынэры, юрысты, настаўнікі — афіцэры запасу, якія былі мабілізаваныя, калі пачалася вайна».

Выстава «Помню. Катынь 1940» будзе працаваць да 25 ліпеня.

У Менску помняць пра Катынь-1940
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:19 0:00

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG