Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уладзімера Асіпенку і Міхаіла Казлова ўзнагародзілі мэдалямі Каліноўскага


У менскай сядзібе Партыі БНФ на сумесным паседжаньні клюбу «Спадчына» і «Руху салідарнасьці «Разам» абвясьцілі пра ўганараваньне мэдалём Кастуся Каліноўскага вязьняў Уладзімера Асіпенкі і Міхаіла Казлова, якія праходзілі па адной справе з ваўкавыскім прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам.

Дыплём Камітэта ўшанваньня Міхаілу Казлову.

Мэдаль Кастуся Каліноўскага і дыплём Камітэта ўшанаваньня Ўладзімеру Асіпенку.

Вячаслаў Сіўчык, які ўзначальвае ініцыятыву «Рух салідарнасьці «Разам», нагадаў, што працэс над Аўтуховічам, Асіпенкам і Казловым не завяршыўся асуджэньнем абвінавачаных на вялікія тэрміны зьняволеньня дзякуючы намаганьням грамадзкасьці. Але найперш вельмі мужна паводзілі сябе на судзе самі абвінавачаныя, мяркуюць у клюбе беларускай інтэлігенцыі «Спадчына» і «Руху салідарнасьці «Разам». Мікалай Аўтуховіч падчас працэсу быў уганараваны мэдалём Кастуся Каліноўскага. Сёньня рашэньне адносна ягоных сяброў абнародаваў Вячаслаў Сіўчык:

«Дазволю сабе зачытаць фармулёўку. «Дыплём камітэту ўшанаваньня. Мэдалём Кастуся Каліноўскага ганаруецца Ўладзімер Асіпенка за самаахвярнасьць, з уручэньнем дыплёму і занясеньнем ў кнігу гонару „Рупліўцы твае, Беларусь“. За асаблівую мужнасьць, шляхетныя паводзіны падчас судовага працэсу. І такі ж дыплём і мэдаль Міхаілу Казлову. За асаблівую мужнасьць, ахвярнасьць і шляхетныя паводзіны падчас судовага працэсу».

Вячаслаў Сіўчык

Ганаровыя мэдалі і дыплёмы уручыў старшыня клюбу «Спадчына» Анатоль Белы. Узнагароду для Міхаіла Казлова прыняла адвакат Тамара Сідарэнка, якая адзначыла, што суд мусіў апраўдаць абвінавачаных па найбольш цяжкім артыкуле Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўцы да тэракту, які прадугледжвае пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротную кару. На думку адвакаткі, гэта сапраўдная перамога грамадзтва:

«Падтрымка пэўных людзей, іх лісты, словы, вядома ж, паўплывалі на тое, што чалавек не разгубіўся падчас працэсу, не зламаўся, змог прыстойна адбыць свой тэрмін».

Замест Міхаіла Казлова мэдаль атрымала адвакатка Тамара Сідарэнка.

Дачка Ўладзімера Асіпенкі Людміла спэцыяльна прыехала з мужам з Ваўкавыску на сёньняшнюю цырымонію. Прымаючы мэдаль Кастуся Каліноўскага, маладая жанчына не стрымала сьлёз:

«Нягледзячы на ўсе намаганьні, дамагчыся апраўданьня пакуль што не ўдалося. І гэтага паўтара году за кратамі ня вернеш. Але спадзяемся, што тыя, хто вінаваты ў беззаконьні, пазьней адкажа за свае дзеяньні».

Анатоль Белы ўручае мэдаль дачцэ Ўладзімера Асіпенкі Людміле.

Выступоўцы нагадалі пра розныя праявы салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам і ягоным сябрамі: пра леташнюю шматдзённую эстафэтную галадоўку, у якой бралі удзел дзясяткі людзей, пра пікеты на Кастрычніцкай плошчы зь дзясяткамі затрыманых, зьбітых амапаўцамі актывістаў дэмакратычных арганізацый і простых людзей. Падчас працэсу штодня дзясяткі чалавек наведвалі суд і нават ладзілі акцыі падтрымкі пад вокнамі суду, дзяліліся назіраньнямі з журналістамі незалежных выданьняў. Маці актывіста Андрэя Кіма Тацяна была сярод тых, хто ледзь не штодня прыходзіў у суд:

«Без падтрымкі немагчыма гэта вытрымаць. Я была ў такой жа сытуацыі і скажу, што кожны з нас павінен падтрымліваць іншых. Але я зараз скажу і пра іншае. Я атрымала ліст ад Аўтуховіча, у якім ён просіць нас усіх не забываць пра ягоную маму. Яна засталася адна, і ён просіць ёй дапамагчы. І яшчэ выказвае падзяку ўсім за падтрымку».

Мікалая Атуховіча яшчэ трымаюць у менскім сьледчым ізалятары, а вось Уладзімер Асіпенка, якога асудзілі на 3 гады па абвінавачаньні ў незаконных дзеяньнях са зброяй, ужо перавезены ў калёнію пад Івацэвічамі, у пасёлак Воўчыя Норы. Паводле зьвестак, у калёнію ужо трапіў і былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, асуджаны на 2 гады па абвінавачаньні ў невыкананьні службовых абавязкаў. Сувязі з асуджанымі пакуль няма, паколькі яны знаходзяцца ў карантыне. Сваякі і адвакаты Уладзімера Асіпенкі і Міхаіла Казлова запэўніваюць, што паведамяць ім пра ўганараваньне мэдалём Кастуся Каліноўскага, як толькі закончыцца карантын.

XS
SM
MD
LG