Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10% людзей маюць дрэнную памяць на твары


Калі чалавек дрэнна запамінае твары іншых людзей, то гэта не абавязкова сьведчыць пра няўважлівасьць ці нейкую цяжкую паталёгію. У навуковай мэдыцыне гэтая зьява называецца прозапагназіяй (ад старажытнагрэцкіх слоў πρόσωπον (prosopon) — твар, αγνωσία (agnosia) — непазнаваньне).


Гэтую хваробу выклікае недастатковасьць функцыі ніжнезатылкавай кары правага паўшар’я галаўнога мозгу. У той ці іншай ступені прозапагназію маюць прынамсі 10% насельніцтва плянэты, а цяжкія праявы назіраюцца сама меней у 2%. Прозапагназію падзяляюць на генэтычна-спадчынную і набытую — напрыклад, у выніку энцэфаліту, інсульту, траўмы галавы.

Як паказалі апошнія дасьледаваньні вядучых навукоўцаў-нэўролягаў, дынаміка гэтага захворваньня апошнім часам расьце — пры тым, што ў большасьці прозапагностыкаў не назіраецца ні генэтычных анамаліяў, ні наступстваў чэрапна-мазгавых траўмаў ці інсультаў. Экспэрты тлумачаць распаўсюджваньне прозапагназіі стомаю, у прыватнасьці — бяссоньнем і залішняй псыхічнай нагрузкай. Для значнага адсотку тых, хто мае праблемы з памяцьцю на твары, лічаць экспэрты, гэтую зьяву трэба разглядаць як абарону арганізму ад залішняй інфармацыі.

Згодна з апошнімі дасьледаваньнямі ўнівэрсытэцкіх нэўролягаў ЗША, прозапагназія нярэдка бывае зьвязаная зь леварукасьцю, а таксама з сэксуальнай арыентацыяй чалавека. Паводле дасьледчыкаў зь Нью-ёрскага ўнівэрсытэту, геі нашмат лепш запамінаюць твары і ім нашмат лягчэй пазнаць у натоўпе знаёмага, чым мужчынам традыцыйнай арыентацыі.

Шляхам экспэрымэнту навукоўцы высьветлілі, што геі, як і гетэрасэксуальныя жанчыны, маюць білятэральнае мысьленьне — то бок у разумовым працэсе ў іх задзейнічаныя дзьве долі мозгу, тым часам як у мужчын з традыцыйнай арыентацыяй за гэтую функцыю адказвае толькі правае паўшар’е.

"Уся справа ў тым, што геі і жанчыны адрозьніваюць твары білятэральна. Гэта дазваляе ім хутчэй апрацоўваць інфармацыю, якая захоўваецца ў мозгу", сьцьвярджае аўтар дасьледаваньня прафэсар Джэніфэр Стыўз.

У экспэрымэнтах высьветлілася, дарэчы, і яшчэ адно: дамінаваньне той ці іншай рукі таксама зьвязанае як з функцыянаваньнем мазгавых доляў, так і з сэксуальнай арыентацыяй. Геі на 39% часьцей за гетэрасэксуалаў бываюць леварукімі.

Акрамя таго, нью-ёрскія навукоўцы правялі дасьледаваньні мазолістага цела (corpus callosum), якое адказвае за ўзаемадзеяньне правай і левай доляў мозгу. Было даказана, што ў жанчын і леварукіх мужчын corpus callosum большы, а кара галаўнога мозгу больш сымэтрычная, чым у мужчын-праўшуноў.

Тым ня менш, сьведчаць навукоўцы, прозапагностыкі — цалкам нармальныя людзі, нярэдка яны маюць інтэлект, вышэйшы за сярэдні. Яны проста павінны інтэгравацца ў грамадзтва, але хвароба ім у гэтым перашкаджае. Так, калі яны не вітаюцца са знаёмымі, шмат хто расцэньвае гэта як фанабэрыю, няветлівасьць або дзівацтва. З-за гэтага ім даводзіцца выпрацоўваць розныя "маленькія хітрыкі", каб мінімізаваць праявы прозапагназіі: распазнаваць знаёмых паводле голасу і нават паводле месца, дзе прызначаная сустрэча з тым ці іншым чалавекам. Але ж усяго не прадбачыш.

Некалькі гадоў таму, калі на Захадзе адкрыта загаварылі аб прозапагназіі, у шэрагу краінаў пачалі стварацца спэцыяльныя групы для прозапагностыкаў. Найбольшае разьвіцьцё падобныя аб’яднаньні атрымалі ў Вялікабрытаніі. Іх удзельнікі ня проста дзеляцца адзін з адным уласным досьведам, пэўнымі практыкаваньнямі ды рознымі "хітрыкамі", — іх запрашаюць у мясцовыя школы, каб дапамагчы настаўнікам і дзецям заўважыць праявы захворваньня на раньнім этапе.

"Я ніколі раней не адчувала ўпэўненасьці падчас размовы, вечна мусіла выбачацца, але цяпер замест гэтага я расказваю пра сябе, а людзі ставяцца да мяне з поўным разуменьнем", — кажа Джо Лівінгстан, брытанка, сябра групы прозапагностыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG